Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Непатрэбная” зона адпачынку ў Добрушы


Казімір Яноўскі, Добруш У Добрушы ў мікрараёне парцалянавага заводу дзесяць гадоў назад была створаная зона адпачынку з трыма рукатворнымі азёрамі. Аднак адпачываць там у цяперашнія гарачыя дні рабочыя прадпрыемства ды іншыя мясцовыя жыхары нармальна ня могуць.

На вуліцы Пралетарскай паблізу азёраў жыве шмат рабочых парцалянавага заводу. Для іх, уласна кажучы, і стваралася зона адпачынку. У рабочага заводу, які назваўся Зьмітром, я пацікавіўся, чаму нешматлікія людзі купаюцца толькі ў адным з трох азёраў, і толькі ў пэўным месцы?

(Зьміцер: ) “Купаемся ў адным месцы, таму што там пясок і больш-менш чыста”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму ў астатніх не купаецеся?”

(Зьміцер: ) “Брудна, ніхто ня чысьціць. Выкапаць выкапалі, даўно маглі б тралам пачысьціць, як гэта робяць у другіх гарадах. Нармальная была б сажалка”.

Жыхарка завулку Пралетарскі Тамара Веркіна, якая жыве ў прыватным доме акурат насупраць азёраў, апавядае:

(Веркіна: ) “Азёраў нарабілі. Пакуль дажджы, то ўзровень вады ў іх трымаецца. А высахне, дык там жа сапраўдны расаднік хваробы”.

Паколькі зоны адпачынку звычайна ўтрымліваюць камунальныя службы, я й зьвярнуўся да начальніка жыльлёва-камунальнага аддзелу Добрускага райвыканкаму Сяргея Калугіна з пытаньнем, чаму б не дапамагчы людзям уладкаваць іхні адпачынак? Далёка ня кожны гараджанін мае магчымасьць паехаць ў санаторыю ці ў нейкае падарожжа...

(Калугін: ) “Гэтыя азёры знаходзяцца на балянсе парцалянавага заводу. У заводу ёсьць пэўныя складанасьці ў частцы іх эксплюатацыі”.

Дырэктар заводу Алег Парфянюк расказаў мне, што ніяк ня можа пазбыцца гэтых азёраў:

(Парфянюк: ) “Гэтыя азёры пабудаваныя за сродкі парцалянавага заводу, але яны нам, вядома, зусім не патрэбныя. Яны ў нас на балянсе, і здаць іх я нікому не магу. Эксплюатаваць іх я таксама не магу: у мяне няма адпаведнай ліцэнзіі. Каб атрымаць яе, трэба стварыць адмысловую службу. Але бракуе сродкаў. Лягічна гэтыя азёры перадаць камунгасу. Камунальнікі катэгарычна адмаўляюцца – таксама няма грошай. Можна было б перадаць азёры ПМК-70, якая займаецца мэліярацыяй. Аднак ПМК бярэ толькі тыя аб’екты, што знаходзяцца па-за межамі гораду. Свая азёрная служба – яна мне ні ішла, ні ехала. Гэта ня мой профіль, і навошта яна мне?”

Паводле яго, завод і без таго трымае аднаго рабочага-абходчыка, які наглядае за азёрамі, зьбірае на берагах сьмецьце. Але ён ня здатны пачысьціць азёры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG