Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Па-за тактам: Басовішча-2005


Зьміцер Падбярэскі, Менск (эфір 30 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Чарговы фэстываль маладой беларускай музыкі “Басовішча” зрабіўся гісторыяй. Але, як і заўсёды, гісторыі пра гэтыя два дні пад Гарадком будуць расказваць яшчэ доўга. Сёньня ж мы пагаворым пра конкурс маладых беларускіх і польскіх групаў — галоўны, бадай, пункт праграмы фэстывалю, бо ён дазваляе быццам зазірнуць у будучыню айчыннай рок-музыкі, паспрабаваць асэнсаваць, што чакае слухачоў, на каго ў найбліжэйшы час зьвернуць увагу журналісты”.

(Аляксандар Памідораў: ) “Добры вечар, “Басовішча”! Шаснаццаты год Беларускае аб’яднаньне студэнтаў зьбірае тут сваіх сяброў. Дазвольце запрасіць сюды на гэтую сцэну нашых арганізатараў і нашых патронаў. Калі ласка, сустракайце: старшыня Беларускага аб’яднаньня студэнтаў Ілона Карпюк!”

(Ілона Карпюк: ) “Шаснаццатую эдыцыю фэстывалю музыкі маладой Беларусі “Басовішча-2005” лічу адкрытай!”

(Падбярэскі: ) “Нагадаю, што сёлета ў конкурснай праграме ўдзельнічалі дзевяць беларускіх калектываў і адзін з Польшчы. Журы складалася з шасьці чалавек, сярод якіх былі мастак Лёнік Тарасэвіч, музыка Слава Корань, музыкі і знаўцы року з польскага боку. Адна з традыцыяў “Басовішча” ў тым, што заўзятары музыкі штогоду перамываюць косткі журы, не ўспрымаючы вынікаў конкурсу. Але абмяркоўваць рашэньне журы — не найлепшы занятак. Таму давайце паслухаем некаторых сёлетніх і леташніх ляўрэатаў, а таксама сябраў журы. Такім чынам, увечары 23 ліпеня Лёнік Тарасэвіч абвясьціў вынікі конкурсу”.

(Лёнік Тарасэвіч: ) “Добры вечар, вітаю ў сталіцы беларускага року. З гэтых гуртоў, што тут выступалі, дастае ўзнагароду “Таварыш маўзэр” ад “Палёніі” і таксама радыё “Беласток”!”

(Падбярэскі: ) “Слова — ляўрэатам, удзельнікам групы “Таварыш маўзэр”.

(Першы музыка: ) “Мяне заўсёды хвалявала беларуская мова, я стаў пісаць па-беларуску, і з гэтым ужо нічога ня зробіш, толькі па-беларуску — і ўсё! Я выхоўваўся ў клясычнай гімназіі, і там такія выкладчыкі былі, што ў нас, калі адбыўся рэфэрэндум у 1995 годзе аб зьмене сымболікі, усе выкладчыкі пляваліся. І мы разам зь імі, канечне… Ну і потым так атрымлівалася, што я, паступова сталеючы, стаў лічыць беларускую мову не як урок, не прадмет — а пачаў адчуваць яе сваім. Наш запіс трапіў да Аляксандра Памідорава, і ён аднойчы тэлефануе, і я проста выпаў у асадак: мне тэлефануе Памідораў! І кажа, што паедзеце на адборачны тур “Басовішча”. Мы паехалі, чамусьці прайшлі сюды, чамусьці выйгралі тут… Я не разумею, чаму!”

(Другі музыка: ) “Заўсёды работалі так увогуле… Мы — праект, толькі на беларускую мову арыентаваны. Таму з гэтым аніякіх праблемаў ня будзе”.

(Першы музыка: ) “Проста мне не хацелася б, калі я раптам стану знакамітым, каб у мяне пыталіся: гэтая каманда з Расеі? Не, я б хацеў быць беларускім музыкантам”.

(Тарасэвіч: ) “Узнагароду Беларускага аб’яднаньня студэнтаў дастае гурт зь Менску “Imprudence”… Узнагароду Саюзу беларусаў у Польшчы дастае гурт “Зьмяя” зь Менску”.

(Падбярэскі: ) “Менская група “Зьмяя” ехала сёлета на “Басовішча” з адзінай мэтай: перамагчы. “Зьмяя” дамаглася свайго, але адчувалася, што музыкі яўна разьлічвалі на большае. Пры гэтым салістка групы Зоя Каральчук дакладна ведае, што калектыў будзе рабіць з прэміяй”.

(Каральчук: ) “Мы былі ўпэўненыя. Мы былі ўпэўненыя! Хібы ж гэта дрэнна? Але ж мы былі ўпэўненыя! А гэты грошы мы ўкладзем у запіс. Усё! Гэта было дамоўлена яшчэ да таго, як мы сюды трапілі”.

(Тарасэвіч: ) “Узнагароду войта Гарадка дастае ў гэтым годзе гурт “5set5”.

(Падбярэскі: ) “Сярод удзельнікаў гасьцявой праграмы была і менская група “Тарпач”, адзін зь леташніх ляўрэатаў “Басовішча”. Адчувалася, што калектыў за год сапраўды набраў абароты. Салістка групы Сьвятлана Сугака тлумачыць гэта наступным”.

(Сьвятлана Сугака: ) “У гэтым годзе ў нас так неяк было ўжо менш напружаньня, хваляваньня. Файны настрой, такі рэлякс поўны… Добрыя людзі, добрая музыка. З пункту гледжаньня гледача абсалютна няма нэгатыву, увогуле яго няма! З пункту гледжаньня музыкаў — добры гук, добрыя слухачы, добрая магчымасьць сыграць, добрая сцэна. Адзіны беларускі фэст (на жаль, ён праходзіць не ў Беларусі), дзе можна паслухаць беларускую музыку. А ў Беларусі вельмі мала канцэртаў. Што да ўласнага жыцьця… Зьмянілася вельмі шмат. Таму што пачыналі мы іграць так, для сябе. А потым пабачылі, што можна рабіць як для сябе, але адначасова і так, каб яшчэ падабалася камусьці, апрача цябе. І таму зьмянілася вельмі шмат. Нават жыцьцёвыя меркаваньні нейкія. Гэты фэст дабаўляе жаданьня рабіць штосьці. Бо ты ведаеш, бачыш, што гэта ўсё недарэмна, а ёсьць нейкія вынікі, сэнс. Ты робіш ужо ня проста так, а для людзей”.

(Падбярэскі: ) “Сярод сябраў журы быў удзельнік польскай групы “Zero-85” Багуслаў Касьпярук. Вось што ён кажа пра конкурс”.

(Багуслаў Касьпярук: ) “Сёлета я ўпершыню выступаю як сябра журы конкурсу. Агульна кажучы, мне падалося, што ўзровень быў крыху слабаваты. Думаю, сам конкурс быў недастаткова падрыхтаваны. А ўражаньні пра тыя групы, якія я тут чуў, — нейкі недасыт. Я веру, што ў Беларусі шмат груп, якія актыўна іграюць, але мы іх тут не пачулі. Сярод канкурсантаў я не знайшоў такога, які б мяне зваліў літаральна на калені. Думаю, што ў выніку мы ня ўбачылі і не пачулі ўсёй разнастайнасьці таго, што робяць маладыя музыкі ў Беларусі. Але, што датычыць конкурсу, я б гэта наладзіў інакш. Я б тут наагул не рабіў конкурсу, а толькі паказваў тых, хто набыў ужо пэўны ранг у Беларусі — ці то дзякуючы канцэртам, ці то выдадзеным запісам”.

(Падбярэскі: ) “Можна пагадзіцца зь сябрам журы адносна стылёвай скіраванасьці “Басовішча”. Але ж фэстываль адбываецца пад дэвізам “Музыка маладой Беларусі”. І конкурс сапраўды ахоплівае адно даволі вузкі стылістычны сэгмэнт тае музыкі. Хто ж возьмецца дакладна вызначыць, што ёсьць рок, а што — не? Гэтаму чалавеку, прынамсі, варта паставіць помнік пры жыцьці. Таму тыя калектывы, якія хоць неяк адыходзілі ад цяжкага гучаньня ў бок хоць бы мялэдызму (то бок — папсы), як, напрыклад, менская група “Рэха”, ня маюць у конкурсе ніякіх шанцаў. Вось і Зьміцер Вайцюшкевіч, які са сваёй музыкай апошнім часам таксама ня ўпісваецца ў рамкі “Басовішча”, стоячы пад сцэнай, некалькі разоў выгукнуў на адрас журы “Ганьба!”. Ясна адно: нявызначанасьць крытэраў адбору на конкурс і вызначэньня пераможцаў увайшлі ў супярэчнасьць з дэвізам фэстывалю. І гэтую праблему арганізатары мусяць вырашаць.

Па заканчэньні “Басовішча” ў мяне адбылася яшчэ адна гутарка зь сябрам журы, які вядомы ў сеціве як RWD. А гутарылі мы ў легендарным для “Басовішча” “Кілер-бары” ў Гарадку”.

(RWD: ) “Па сутнасьці, журы амаль аднагалосна прыняло ўсе чатыры гурты, якія ў выніку і атрымалі ўзнагароды. Усё было прадвызначана ўжо самім выступам канкурсантаў, таму ў журы вялікіх спрэчак не было. Асабіста я вылучыў якраз пераможцаў: “Таварыш маўзэр”, а таксама гурты “Зьмяя”, гурт “Парасон”, а таксама гурт “5set5” з Гарадка, што фактычна супала з агульным меркаваньнем журы. А ад усяго фэстывалю вельмі станоўчае ўражаньне. І ў першы дзень, і ў другі было досыць цікавых гуртоў, і было нават некалькі неспадзяванак, сюрпрызаў. Гурт “Уліс” выканаў песьні, які ён іграў яшчэ на самым першым “Басовішчы”, якіх нідзе не выконваў ужо пятнаццаць гадоў.

“Басовішча” ўжо пратрывала шаснаццаць гадоў, і з году ў год сюды зьяжджаецца ўсё больш і больш людзей. Таму, я думаю, у цяперашнім выглядзе больш-менш гэта тое, што трэба для беларускага гледача. Але ж, вядома, нейкая патрэбна эвалюцыя, нейкія зьмены. Магчыма, запрашэньне сюды нейкіх гуртоў з Эўропы, каб яны маглі паказаць свой узровень беларускім гуртам, каб яны маглі паглядзець, выступіць на сцэне побач зь нейкай вядомай зоркай. Таму я думаю, хто прыедзе сюды, знойдзе на свой густ нейкі гурт ці нават некалькі гуртоў”.

(Падбярэскі: ) “У перадачы прагучалі фрагмэнты песень у выкананьні гуртоў “Таварыш маўзэр” і “Зьмяя”. Працяг гутаркі пра “Басовішча-2005” — у наступным выданьні нашае праграмы”.
XS
SM
MD
LG