Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісія зноў гаворыць пра электронныя СМІ для Беларусі


Алена Струвэ, Менск “Эўразьвяз можа ўзяць на сябе фінансаваньне незалежных кампаніяў, якія ажыцьцяўляюць вяшчаньне на Беларусь з тым, каб беларускае насельніцтва магло б атрымаць адрозную ад ухваленай ўладамі інфармацыю”, – заявіў сёньня ў Брусэлі ў часе брыфінгу прадстаўнік дырэкцыі Эўракамісіі па сувязях са СМІ Амадэу Тардыё.

Як паведаміў акрэдытаваным у Брусэлі журналістам спадар Амадэу Тардыё, “цяпер Эўракамісія вывучае магчымасьці падтрымкі незалежных беларускіх СМІ, радыё, тэлебачаньня ды іншых крыніцаў інфармацыі”.

Паводле паведамленьня "Reuters", адной з магчымых фінансавых крыніцаў у гэтым пытаньні (гэта прыблізна 8 мільёнаў эўра) ёсьць фундацыя Эўразьвязу па правах чалавека.

Нагадаем, што ў часе папярэдняга брыфінгу пры канцы мінулага тыдня спадар Тардыё таксама засяродзіў увагу журналістаў на беларускай сытуацыі. Камэнтуючы захоп беларускім АМОНам будынку Саюзу палякаў у Горадні, ён назваў гэта “актам беларускіх уладаў, накіраваным на запалохваньне польскай этнічнай меншасьці”, якая налічвае 400 тысячаў чалавек.

Сёньня прадстаўнік дырэкцыі Эўракамісіі па сувязях са СМІ спадар Амадэу Тардыё сказаў:

(Тардыё: ) “Усе гэтыя падзеі адбываюцца на тле павелічэньня рэпрэсіяў супраць палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў у Беларусі. Мы заклікаем беларускія ўлады з павагай ставіцца да абавязкаў у захаваньні правоў чалавека”.

Назіральнікі зьвяртаюць увагу на тое, што ў выступаючы перад удзельнікамі нядаўняй сэсіі Эўрапарлямэнту камісар Бэніта Фэрэра-Вальднер дала высокую ацэнку адмысловай рэзалюцыі па Беларусі, у якой выказваліся патрабаваньні адносна доўгатэрміновай падтрымкі незалежных мэдыяў Беларусі, аднак пры гэтым яна ўсё ж выказала меркаваньні адносна складанасьці фінансаваньня гэтага праекту.

Камэнтуючы сёньняшні выступ спадара Тардыё, некаторыя эўрапейскія палітыкі робяць выснову, што справа нейкім чынам пачала рухацца. Вось што гаворыць дэпутатка Эўрапарлямэнту ад фракцыі зялёных Элізабэт Шродтэр.

(Шродтэр: ) “Тады гаварылася толькі пра магчымасьць фінансаваньня вучобы для беларускіх журналістаў. І, канечне, з нашага гледзішча гэтага было недастаткова, бо беларускае насельніцтва мусіць атрымліваць незалежную інфармацыю, а ня толькі з прапрэзыдэнцкіх мэдыяў. Гэта пазыцыя абсалютнай большасьці эўрапарлямэнтароў, бо інакш насельніцтва Беларусі проста ня зможа правесьці дэмакратычныя выбары”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG