Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адбылася “мядовая рэвалюцыя”?


Вячаслаў Кулік, Менск Беларуская дзяржава страціла манаполію на пчалярства. Паводле статыстыкі, ужо 80 працэнтаў ад усіх пчальнікоў у краіне ўтрымліваюць прыватнікі. Тэму дасьледуе наш карэспандэнт.

Сёлета якраз юбілейная гадавіна, як у Беларусі распачаўся першы мядовы бунт. 300 гадоў таму прыгонныя сяляне Слонімскага стараства адмовіліся плаціць чынш – натуральны падатак з калодаў прысядзібных пчальнікоў. Як кажа беларускі гісторык Валянцін Голубеў, да таго часу пчалаводы ўжо мелі адзін дзяржаўны падатак.

(Голубеў: ) “Ва ўсіх іх былі борці ў дзяржаўным лесе і яны ведалі колькі трэба было здаць мёду – вядро, два ці больш. Гэта было выгадна дзяржаве. Мёд ішоў на продаж. Як тады не было цукру, то зь мёду ў гарнізонах для салдатаў і афіцэраў рабілі сьпіртовыя напоі. Я мяркую, што такія сьпіртовыя напоі вырабляліся менавіта зь мёду, які зьбіралі ў сялянаў. Медавуху рабіць не складана: толькі дадаць вады і будучае пітво пачне брадзіць”.

Па словах гісторыка Голубева, 1700 год даў пачатак Паўночнай вайне, у якую кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст ІІ уступіў як саюзьнік Пятра І. Дзеля патрэбаў вайны беларускія магнаты ўводзяць дадатковыя падаткі. У 1700 годзе бортнікаў абавязалі аддаваць так званую паліву – палавінную частку мёду, атрыманага як у дзяржаўным лесе, так і на падворку. Вяскоўцы бунтуюць супраць гэтага дадатковага падатку амаль 20 гадоў – ўвесь час, пакуль на троне быў Аўгуст ІІ. Штосьці падобнае адбываецца ў Беларусі і цяпер. Пчаляр зь Пінску Мікалай Качаноўскі паведаміў на Свабоду, што сёлета ўведзены падатак на кожны вулей, вывезены ў лес на мёдазбор.

(Качаноўскі: ) “4 тысячы 700 рублёў, калі канкрэтна. Ніхто ня ведае, адкуль такая сума. Напэўна, начальства падумала і вырашыла, што зашмат ня будзе. “4700 – гэта ж не 5 тысяч, а 4700 усяго. Ну, што за цяжкасьць для пчаляроў? Маленькі 350-грамовы слоік мёду. Вось няхай і заплацяць”, – так, напэўна, разважалі наверсе”.

Абараняць інтарэсы пчаляроў належыць рэспубліканскаму ўнітарнаму аб''яднаньню “Беларускія пчолы”. Гутару зь яго кіраўніком Паўлам Парэцкім.

(Парэцкі: ) “Праблема, што з усіх бакоў нас скубуць. Замест таго, каб пчалаводу плаціць, дык, наадварот, цяпер пчалавод павінен плаціць кшталту арэнды два даляры за кожную пчоласям''ю. Гэта аблвыканкамы, мясцовая ўлада ўвялі такое распараджэньне. На тое, што пчалавод і пчала выпраўляюць становішча ў лесе, ніводзін аблвыканкам не зьвяртае ўвагі. Пчала не папрацуе, ня будзе кармавой базы для дзікай жывёлы. Чарніцы перавяліся. У людзей зрок падае, бо перасталі спажываць гэтую ягаду. Сёньня, як гаворыцца, куды ні кінь, то ў акуляры патрапіш”.

***

Пра ролю пчалы ў сучаснай беларускай гаспадарцы разважаюць і ўдзельнікі традыцыйнага апытаньня Радыё Свабода.

(Спадар: ) “У мяне дома абрыкосы гадуюцца. І я ўсё думаў, чаму на абрыкосе няма абрыкосаў? Пасьля даведваюся, што абрыкос у мяне мужчынскі. Да яго пасадзіў жаноцкі. Пчолка зьлётала на мужчынскае дрэва, пасьля – на жаноцкае. Усё, зьявіліся плады! А калі ля гэтай пчолкі працуе чалавек, то абавязкова будзе плён!”

(Спадар: ) "Я – былы інжынэр з апарата кіраваньня. Пайшоў знарок на калгасную пасеку. Псыхалягічна адпачыць. Адыйсьці ад гэтых вытворчых нарадаў ці, як мы называем, кавээнаў, на якіх кожны дзень на чэрап ціснуць".

(Спадарыня: ) “Прывозілі нам мёд з Украіны. Поўная 3-літровая банка каштуе 15 даляраў. Вельмі смачны мёд. Украінскі для нас таньнейшы, бо калі памяняць на даляр грыўну і беларускага зайца, то урэшце купіш танны мёд”.

(Спадарыня: ) "У нас у Клецку на рынку прадавалі мёд. Прадавалі яго нядорага. Гэты гандаль зацікавіў прадстаўнікоў лябараторыі. Узялі пробу і пасьля забаранілі гэты мёд прадаваць. Але ўся роўна яго потым прывозілі і як нікога не было з кантралюючых органаў, то прадавалі насельніцтву".

***

Сёньняшні дзень беларускага пчалярства адлюстроўвае таксама статыстыка. Па ацэнках спэцыялістаў, у краіне зараз амаль 230 тысяч пчоласем''яў. Каб зрабіць параўнаньне з “дарэвалюцыйнай” сытуацыяй спашлюся на аналітычны матэрыял у часапісе “Камуніст Беларусі” за 1989 год. У ім гаворыцца пра 300 тысяч пчоласемьяў, 70 працэнтаў якіх належаць калгасам. Наагул, згадваецца пра партыйна-савецкі накірунак мець добры пчальнік у кожным калгасе. На той час калгасаў было больш як тры тысячы. Па некалькі дзесяткаў вульляў на кожны – вось і атрымлівалася добрая статыстыка. Што адбылося з калгасамі за мінулы час – тлумачыць ня трэба. Пчалярства яны таксама зьвялі на нішто. Затое пашырыліся прыватныя пчальнікі.

У Беларусі зьявіліся фэрмэры, прадпрымальнікі і сямейныя гаспадаркі, якія існуюць за кошт продажу таварнага мёду. Гаворыць пчаляр зь вёскі Лінёва Пружанскага раёну Мікалай Папека.

(Папека: ) “Пчалярства для мяне – ня хобі і не аматарскі занятак. Ім займаюся з 1979 году, а вельмі сур''ёзна – з 1986-га. Маю тэхнічную і акадэмічную адукацыю па пчалярствую. Яно мне сапраўды дае тое, што называецца сродкам для існаваньня”.

Паводле Мікалая Папекі, ад сваіх пчолаў ён атрымлівае ня менш як адну тону мёду. Але ад вясны да восені няма вольнай хвіліны. Сем''і крылатых працаўнікоў трэба перагледзець пасьля зімоўкі, падкарміць, падлячыць і выратаваць ад кляшча, не дапусьціць раеньня, вывезьці на “пашу”. У спадара Папекі грузавік “ЗіЛ-130” і ён возіць вульля за 50-60 кіляметраў ад Лінёва. Дзе зацьвіло – там і Папека з пчоламі. Калі спрыяльнае надвор''е, то адзін вулей дае да 60 кіляграмаў мёду, а сама меней – 30 кіляграмаў. Па словах дырэктара рэспубліканскага аб''яднананья “Беларускія пчолы” Паўла Парэцкага, “ураджайнасць” мёду на лепшых калгасных пчальніках – ад 10 да 17 кіляграмаў. “Дзяржаўнае пчалярства прайграла канкурэнцыю прыватніку”, кажа спадар Парэцкі і называе вынікі “мядовай рэвалюцыі” у Беларусі.

(Парэцкі: ) “80 працэнтаў – гэта прыватны сэктар. А 20 працэнтаў – пчальнікі гаспадарак Мінсельгасхарчу, фэрмэраў, лясгасаў і прамысловых прадпрыемстваў”.

***

Як пчолы ня могуць існаваць паасобку, так і іхныя гаспадары не цураюцца сяброўства. Сёлета 21 траўня ў Менску адбылася першая міжнародная практычная канфэрэнцыя па пчалярству. Як адзначылі беларускія ўдзельнікі, у незалежнай краіне няма ніводнага заканадаўчага дакумэнта, які б рэглямэнтаваў разьвіццё пчалярства. Я папрасіў пракамэнтаваць гэтую сытуацыю заўзятага пчаляра Валерыя Костку:

(Костка: ) “Сапраўды пчалярства засталося па-за межаміІ заканадаўцаў і выканаўцаў. Іх больш захлістваюць праблемы, бліжэйшыя да палітычных. А пчалярства – самая непалітычная тэма. Таму яна апынулася на задворках. Ёй мала хто цікавіцца, хаця карысьць ад пчалярства вялікая. Для беларусаў самы карысны мёд – беларускі, як для ўкраінцаў – украінскі. Дарэчы, у нас зараз створаная рэспубліканская арганізацыя пчаляроў-аматараў і калі мы тут не будзем разьвіваць і падтрымліваць галіну, то ўсе ад гэтага толькі страцім”.

Па яго словах, 14 жніўня ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Першы або Мядовы Спас. Сёлета ўпершыню вялікая сябрына беларускіх пчаляроў-аматараў прызначыла сустрэчу – кірмаш у Менску. У сталіцы Беларусі будзе шырока адзначацца сьвята “мядовай рэвалюцыі”.
XS
SM
MD
LG