Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-старшыня польскага Сэйму ў Горадні


Сяргей Астраўцоў, Горадня У панядзелак Горадню наведаў віцэ-маршалак польскага Сэйму Дональд Туск. Разам зь ім прыяжджалі дэпутаты Эўрапарлямэнту ад Польшчы Барбара Кудрыцка (абраная ў Беластоку) і Яцак Пратасевіч (абраны ва Ўроцлаве). Сустракаць іх ля будынку Саюзу палякаў сабралася больш за сто чалавек, чакаць ім давялося болей за тры гадзіны. Віцэ-маршалак польскага Сэйму сустрэўся з кіраўніцай Саюзу палякаў Анжалікай Борыс, паўнамоцтвы якой прызнае Польшча.

Пасьля 9-й гадзіны раніцы на сваім “Опэлі” прыехаў экс-старшыня Саюзу палякаў Тадэвуш Кручкоўскі, ён выйшаў з машыны і чым хутчэй увайшоў у будынак, які ахоўваюць міліцыянты. З боку сяброў Саюзу ў ягоны бок пачуліся няўхвальныя выгукі. Пазьней прыехала старшыня СПБ Анжаліка Борыс, а празь некаторы час — заснавальнік Саюзу Тадэвуш Гавін. Людзі віталі іх.

Прыблізна ў 12.20 прыехаў віцэ-маршалак Сэйму Польшчы Дональд Туск. Ён сказаў, што прыехаў спаткацца з Анжалікай Борыс і зь сябрамі Саюзу палякаў. Сустракацца з уладамі і з Тадэвушам Кручкоўскім ён не зьбіраўся. Хаця, дарэчы, замкнёныя дагэтуль дзьверы Саюзу палякаў міліцыянты расчынілі, быццам запрашаючы госьця ўнутр... Дональд Туск сказаў людзям, якія стаялі перад будынкам:

(Туск: ) “У кожнай польскай газэце, у кожным польскім доме ужо шмат дзён, і на кожным польскім радыё гаворыцца аб вашай сытуацыі ў Горадні. Я ведаю, што нам значна лягчэй, чымсьці сёньня вам у Горадні, але калі вам хопіць трываласьці і цярпеньня нават у такім драматычным становішчы, у якім вы знаходзіцеся некалькі тыдняў, дык вы можаце быць ўпэўненыя: ніхто ў Польшчы ні на хвіліну пра вас не забываецца”.

Дональд Туск зазначыў, што палякі ў Польшчы ня маюць ніякага сумневу —хто ў гэтым канфлікце мае рацыю і хто будзе атрымліваць дапамогу з Польшчы. Перш за ўсё падтрымка будзе аказана тым, хто падпадзе пад рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў, сказаў ён. Што датычыць занятага міліцыяй будынку Саюзу палякаў, дык спадар Туск сказаў, што ня зможа адбіць яго для сябраў Саюзу, але каб дапамагчы беларускім палякам, дэпутаты ад Польшчы будуць актыўна дзейнічаць у Эўрапейскім парлямэнце.

(Туск: ) “Мы будзем зараз кожны дзень і кожную гадзіну сачыць, каб ніхто ў сьвеце, у Эўропе, у Польшчы не цярпеў такіх сытуацыяў, што сёньня трывае ў Горадні. Вам сёньня цяжка, але майце на ўвазе: мы ў Польшчы верым, што палякі і беларусы будуць мудра і супольна разумець сваю будучыню. Вы штодня сустракаеце тут беларусаў, якія нават калі баяцца, але яны з вамі і вам сымпатызуюць. Бо мы ведаем у Польшчы, што тут няма мовы пра ніякі польска-беларускі канфлікт”.

Спадар Туск зазначыў, што гаворка ідзе выключна пра дзеяньні ўлады, якая не паважае ані правы мясцовых палякаў, ані правы ўласнага народу, калі ён дамагаецца дэмакратычных зьменаў. Віцэ-маршалак польскага Сэйму паведаміў, што неўзабаве Беларусь наведае група дэпутатаў Эўрапарлямэнту на чале з Богданам Кліхам, які займаецца беларускай праблематыкай.

Сустрэча зь сябрамі Саюзу палякаў трывала прыблізна гадзіну. Міліцыянты ў цывільным хадзілі навокал, але не перашкаджалі гутарцы Дональда Туска зь людзьмі. Адзінае, міліцэйскі апэратар папросту ў твар здымаў віцэ-маршалка польскага Сойму. Пасьля заканчэньня сустрэчы Дональд Туск разам з Генэральным консулам Польшчы ў Горадні Анджэем Крантоўскім і Анжалікай Борыс накіраваліся ў консульства.

Калі большасьць людзей разыйшліся, міліцыянты затрымалі прэс-сакратара новага кіраўніцтва Саюзу палякаў Анджэя Пісальніка.
XS
SM
MD
LG