Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парыж салідарны з Варшавай у польска-беларускім крызісе


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава МЗС Францыі выказала салідарнасьць з Варшавай у сувязі з апошнім крызысам у польска-беларускіх дачыненьнях. Між тым у самой Польшчы сытуацыя вакол Саюзку палякаў Беларусі застаецца адной з галоўных тэмаў, якая абмяркоўваецца ў СМІ – паводле некаторых паведамленьняў палітычны крызіс ужо адбіваецца на польска-беларускім эканамічным супрацоўніцтве.

Практычна ўсе польскія палітыкі, незалежна ад таго, да якой часткі палітычнай сцэны яны належаць, згодныя, што Польшча павінна падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі.

“Мы павінны пераканаць Эўразьвяз як мага хутчэй выдзеліць грошы на стварэньне свабоднага тэле- і радыё каналаў для беларусаў, а Варшава, Вільня і Кіеў мусяць забясьпечыць тэхнічны бок справы”, – заявіў намесьнік старшыні камісіі замежных справаў Сэйму Марэк Юрэк.

З гэтым згодная і кіраўніца канцылярыі польскага прэзыдэнта Ялянта Шыманэк-Дэрэш, якая заявіла журналістам, што Аляксандар Лукашэнка баіцца польскай меншасьці ў Беларусі.

(Шыманэк-Дэрэш: ) “Саюз палякаў гэта арганізацыя, якая кіруецца дэмакратычнымі правіламі. І ў гэтым пагроза для беларускага прэзыдэнта. Гаворка ідзе пра тое, каб цалкам зьнішчыць любыя праявы дэмакратыі ў Беларусі”.

Паводле былога міністра абароны Польшчы Браніслава Камароўскага, занадта мяккае стаўленьне Варшавы да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі было памылкай посткамуністаў, якія кіравалі краінай цягам апошніх 4 гадоў. Польскія палітыкі лічаць, што ў сытуацыю павінен больш актыўна ўмяшацца Эўразьвяз.

Дагэтуль абсалютную салідарнасьць з Варшавай выказаў Парыж. МЗС Францыі заявіў, што сытуацыя вакол Саюзу палякаў “упісваецца ў шэраг рэпрэсіяў супраць апазыцыйных сілаў, грамадзянскай супольнасьці, прафсаюзаў і мэдыяў у Беларусі”. Парыж падкрэсьліў, што будзе дамагацца, каб Эўразьвяз заняў цьвёрдую пазыцыю што да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

Між тым польскія бізнэсоўцы ўжо заяўляюць, што пагаршэньне польска-беларускіх дачыненьняў адбіваецца і на эканамічных кантактах. Сёньня аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita” піша, што беларускія партнэры, сярод іншага, нечакана ўдвая панізілі колькасьць прадаванага газу для адной з польскіх фірмаў, быў спынены таксама продаж у Польшчу беларускага цэмэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG