Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жывыя і мёртвыя вяртаюцца з Алтаю 1 жніўня


Ігар Карней, Менск Частка пацярпелых ад сыходу лявіны ў гарах Алтаю беларускіх турыстаў позна ўвечары вернецца ў Менск цягніком. Гэта на просьбу “Свабоды” пацьвердзілі ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі. Мы таксама папрасілі ўдакладніць: калі будуць прывезеныя ў Беларусь целы загінулых на гары Бялуха?

(Супрацоўнік МЗС: ) “Так, прыбываюць увечары на вакзал. Але канкрэтна — ці адным цягніком? Зараз удакладню... Так, будзе ўсё разам. Увечары ўсе прыедуць. Едуць з Масквы, так”.

Нагадаем, што 22 ліпеня на гары Бялуха ў Рэспубліцы Алтай падчас сыходу лявіны група зь дзевяці менскіх турыстаў была засыпаная лядова-сьнежнай масай. У зьвязку з тым, што беларусы, высунуўшыся на лявінанебесьпечны ўчастак, не зарэгістраваліся ў выратавальных службах, дапамога прыйшла толькі праз суткі. Вынікам аб’ектыўна нескладанага паходу (у Рэспубліканскім турысцка-спартовым саюзе паход кваліфікаваўся як першая катэгорыя складанасьці, самая простая) сталі двое загінулых і пяць чалавек параненых.

Пошукі яшчэ двух спартоўцаў дагэтуль працягваюцца. Цяпер вырашаецца пытаньне транспартыроўкі яшчэ трох пацярпелых, якія праходзяць курс лекаваньня ў шпіталі Горна-Алтайску: з улікам, што двое параненых маюць дыягназ пералому хрыбта, запатрабуюцца дадатковыя ўмовы перавозкі. Пошукі двух зьніклых беларусаў прыпыненыя з прычыны сыходу новых лявінаў на гары Бялуха.
XS
SM
MD
LG