Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкамоўныя СМІ пра “малую халодную вайну” Беларусі і Захаду


Алена Струвэ, Менск Нямецкамоўныя СМІ працягваюць камэнтаваць эскаляцыю беларуска-польскага канфлікту. Аўстрыйскія аглядальнікі пішуць пра тое, што прэзыдэнт Лукашэнка ўсё мацней закручвае гайкі. Нямецкія мэдыі апісваюць сытуацыю як “маленькую халодную вайну”.

Як вынікае з матэрыялу нямецкага інтэрнэт-выданьня rbi-aktuell.de, Беларусь імкнецца канчаткова сапсаваць свае дачыненьні з Захадам. Насамрэч, спрэчка паміж Польшчай і Беларусьсю зьяўляецца толькі адным з маленькіх складнікаў “халоднай вайны, якую Захад аб’явіў прэзыдэнту Лукашэнку. Чым бліжэй выбары, тым больш жорсткая антылукашэнкаўская рыторыка з боку ЗША ды камісараў Эўразьвязу”, піша нямецкае выданьне.

У артыкуле “Лукашэнка ўсё мацней закручвае гайкі”, аўстрыйская газэта “OberOesterreichische Nachrichen” называе двухбаковыя стасункі паміж краінамі “надзвычай напружанымі”. Выданьне паведамляе пра нядаўнюю сустрэчу ў рэдакцыі польскага часопісу “Wprost” 24-х беларускіх журналістаў з прадстаўнікамі дыпмісіі ЗША, а таксама піша пра пэўны непакой што да цяперашняй сытуацыі ў Беларусі з боку нямецкіх арганізацыяў. Размова ідзе пра падтрымку польскай нацыянальнай меншасьці, апазыцыі, а таксама грамадзкіх аб’яднаньняў у справе правядзеньня свабодных і празрыстых выбараў у Беларусі.

Зразумела, піша аўстрыйская газэта, гэта вядома Аляксандру Лукашэнку, які ў наступным годзе чарговы раз вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта. Паводле “OberOesterreichische Nachrichen”, беларускі кіраўнік вельмі заклапочаны магчымамі непарадкамі, каляровай рэвалюцыяй ды сьвядомымі нацыянальнымі меншасьцямі. “Гэтыя палякі хочуць дэстабілізаваць краіну”, — цытуе газэта адну з апошніх характэрных заяваў беларускага лідэра.

Тым часам нямецкае інтэрнэт-выданьне rbi-aktuell.de спасылаецца на іншае публічнае выказваньне беларускага лідэра. Размова ідзе пра ягоную заяву пра 32 мільёны даляраў, якімі Вашынгтон зьбіраецца прафінансаваць пераварот у Беларусі і пра тое, што рэвалюцыя ў Беларусі азначае рэвалюцыю ў Расеі. Паводле нямецкіх аглядальнікаў, у Маскве падобныя пасажы Лукашэнкі ўспрымаюцца дваіста — як тыповая антызаходняя рыторыка беларускага кіраўніка, так і канкрэтны сыгнал: дапамажыце нам, інакш кепска будзе вам.

Аднак пры гэтым, піша rbi-aktuell.de, Лукашэнка да канца не давярае Маскве. Інакш ня быў бы такім беспасьпяховым доўгатэрміновы працэс інтэграцыі. Зразумела, беларускі кіраўнік ня можа прапанаваць Крамлю нічога лепшага за статус кво. Але ж аб’ектыўна цяпер ён можа разьлічваць толькі на падтрымку Масквы, — піша rbi-aktuell.de.
XS
SM
MD
LG