Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Офіс АБСЭ ў Беларусі можа ўзначаліць швэдзкі дыплямат Акэ Пэтэрсан


Уладзімер Глод, Менск Паводле неафіцыйнай інфармацыі з штаб-кватэры Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе ў Вене, новым кіраўніком офісу ў Менску, верагодна, стане дыплямат са Швэцыі — амбасадар Акэ Пэтэрсан. Ён зьменіць на гэтай пасадзе амбасадара зь Нямеччыны Эбэргарда Гайкена, чый кантракт з АБСЭ скончыўся 31 ліпеня.

Пра тое, што швэдзкі дыплямат знаходзіцца сярод патэнцыйных кандыдатаў на пасаду кіраўніка менскага офісу, казаў на мінулым тыдні на сваёй разьвітальнай прэсавай канфэрэнцыі Эбэргард Гайкен:

(Гайкен: ) “Пераемнік будзе. Хто гэта будзе канкрэтна, пакуль казаць рана. Але я магу сказаць, што ёсьць чатыры кандыдаты. Я ня ўпэўнены, што магу назваць іх у альфабэтным парадку, але гэта прадстаўнікі Вугоршчыны, Славаччыны, Швэцыі, Вялікабрытаніі”.

Швэдзкі дыплямат Акэ Пэтэрсан, які лічыцца найбольш верагодным кандыдатам на пасаду кіраўніка місіі АБСЭ ў Менску, нарадзіўся ў 1948 годзе. Ва ўзросьце 21 год ён ужо быў прызначаны ў амбасаду Швэцыі ў былым Савецкім Саюзе, дзе працаваў сем гадоў. З 2000 да 2004 году спадар Пэтэрсан узначальваў амбасаду Швэцыі ва Ўкраіне, пасьля чаго вярнуўся ў Міністэрства замежных справаў, дзе цяпер узначальвае дэпартамэнт у справах уцекачоў і міграцыйнай палітыкі.

У менскім офісе пракамэнтаваць магчымае прызначэньне спадара Пэтэрсана адмаўляюцца, спасылаючыся на тое, што пакуль афіцыйнага рашэньня ў Вене яшчэ не прынялі.

Пра тое, як можа паўплываць на працу офісу АБСЭ ў Беларусі прызначэньне ягоным кіраўніком швэдзкага дыплямата, разважае намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук. Ён перадусім зьвяртае ўвагу на тое, што новы кіраўнік офісу зьявіцца літаральна за год да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, і таму ён мусіць быць больш жорсткім адносна палітычнай сытуацыі ў краіне:

(Раманчук: ) “У гэтых абставінах, якія будуць напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, у кантэксьце канфлікту паміж Беларусьсю і Польшчай, якая зьяўляецца сябрам Эўразьвязу, у кантэксьце большай зацікаўленасьці Эўракамісіі, Эўрапарлямэнту, такая палітыка будзе адзіна мажлівай, якую будзе праводзіць швэдзкі дыплямат. Бо гэта ж ня швэдзкая місія, а місія міжнародная, у якой трэба будзе збалянсаваць інтарэсы ня толькі сябраў Эўразьвязу, але і Злучаных Штатаў, і Канады (абедзьве гэтыя краіны таксама ўваходзяць у АБСЭ). Таму я лічу, што місія АБСЭ да прэзыдэнцкіх выбараў стане больш жорсткай, больш прынцыповай. І я думаю, што яна спрычыніцца да таго, каб нейкія палітычныя альбо заканадаўчыя зьмены надышлі ў нашай краіне найбліжэйшым часам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG