Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі амбасадар РФ прыедзе ў Менск і ці прыедзе ўвогуле?


Валер Каліноўскі, Менск Новапрызначаны расейскі амбасадар у Беларусі Дзьмітры Аяцкаў па-ранейшаму застаецца ў Маскве. Канфлікт, які ўзьнік пасьля ягоных недыпляматычных выказваньняў на адрас А.Лукашэнкі, застаецца нявырашаным. Сёньня гэтую сытуацыю “Свабодзе” пракамэнтаваў былы намесьнік міністра замежных справаў Расеі Георгі Кунадзэ.

Паводле расейскага выданьня “Новые известия”, Дзмітры Аяцкаў увесь час скандалу знаходзіцца ў адным з маскоўскіх гатэляў з адключанымі мабільнымы тэлефонамі. Калі раней МЗС Расеі тлумачыў затрымку з прыбыцьцём Аяцкава ў Менск неабходнасьцю дадатковай прапрацоўкі пытаньняў расейска-беларускіх адносінаў, цяпер там лічаць за лепшае ўвогуле не камэнтаваць сытуацыю. У расейскай амбасадзе ў Менску ніякай інфармацыі наконт магчымага прыезду Аяцкава ў Беларусь таксама ня маюць і нават не бяруцца ацаніць, калі гэта магчыма ў прынцыпе.

Тым часам яшчэ адзін новапрызначаны расейскі амбасадар Рамазан Абдулаціпаў, якога накіравалі ў Таджыкістан, ня выключыў, што Аяцкава могуць зусім не прыняць у Менску. Беларускі палітык Мечыслаў Грыб таксама мяркуе, што нічога незвычайнага ў тым, што Расея заменіць свайго амбасадара ў Беларусі, ня будзе.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Расеі Георгі Кунадзэ са сваёй практыкі ня ведае аналягічных прыкладаў, калі б прыезд прызначанага амбасадара затрымліваўся з прычыны ягоных заўчасных заяваў.

(Кунадзэ: ) “У цэлым, ведаеце, гісторыя даволі неразумная. Я мяркую, што сам Аяцкаў адчувае сябе ў большай ступені губэрнатарам і фэдэральным палітыкам, чым наёмным дзяржслужбоўцам, амбасадарам, які абавязаны выконваць інструкцыі і не рабіць заяваў, якія не адпавядаюць пазыцыі дзяржавы”.

Тым ня менш, спадар Кунадзэ мяркуе, што спадар Аяцкаў неўзабаве зможа працаваць у Беларусі. Перашкодай тут магло б быць адкліканьне беларускім МЗС папярэдне атрыманага ім агрэмана, а гэтага пакуль не адбылося.

(Кунадзэ: ) “Калі беларускі бок гэтага ня робіць, значыць, ён разьлічвае, што амбасадар будзе прадстаўляць у Менску Расею, але не самога сябе”.

Не выключаючы цалкам магчымасьці замены амбасадара Аяцкава некім іншым, былы намесьнік міністра замежных справаў Расеі Георгі Кунадзэ лічыць гэта малаверагодным. Яму невядомыя такія выпадкі ва ўсясьветнай дыпляматычнай практыцы.

(Кунадзэ: ) “Амбасадар прызначаецца ўказам кіраўніка дзяржавы, і я ня вельмі ўяўляю, як ён можа адклікаць свой жа ўказ”.

Спадар Кунадзэ ня лічыць, што, прызначыўшы амбасадарам адстаўнога губэрнатара, Расея выказала непавагу да Беларусі. Хоць наконт асабістых якасьцяў новага расейскага амбасадара ў Беларусі спадар Кунадзэ мае пэўныя сумневы, ён мяркуе, што прыезд яго ў Менск усё ж адбудзецца:

(Кунадзэ: ) “Я спадзяюся, што ў Беларусі ня будуць крыўдаваць на спадара Аяцкава. Ну, вось ён такі ў нас…”

* * *

Дзьмітры Аяцкаў — былы губэрнатар Саратаўскай вобласьці, якога прэзыдэнт Расеі прызначыў амбасадарам у Беларусі. На сустрэчы з журналістамі перад ад’ездам з Саратава ён сказаў: “Цяжка зламаць Лукашэнку. Вельмі моцна стаіць на нагах. Канечне, яму патрэбна пераламаць у сабе галоўнае: Расея — гэта Расея, а Беларусь — гэта Беларусь; Пуцін — гэта Пуцін, а Лукашэнка — гэта Лукашэнка. І ён ні ў якім выпадку ня мусіць надзімаць шчокі, што, вось, ён там даўно працуе і хтосьці павінен там быць на пабягушках”. Гэтыя словы не спадабаліся А.Лукашэнку, які назваў спадара Аяцкава “будучым альбо, можа, ня будучым амбасадарам Расеі ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG