Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладыя мастакі шукаюць беларускую Атлянтыду


Вінцэсь Мудроў, Полацак 31 жніўня ў мястэчку Лявонпаль, што ў Мёрскім раёне, пачаўся пленэр маладых мастакоў пад назваю “Пошукі беларускай Атлянтыды”. Арганізаваны ён творчай суполкай “Сафійская крыніца”, якую ачольвае вядомая літаратарка Лера Сом.

Мэта пленэру – адлюстраваць на палатне і паперы выявы беларускай Атлянтыды, якая паволі зьнікае – хаціны, старыя драўляныя бажніцы, старасьвецкія сядзібы і проста краявіды. І нездарма месцам ладжаньня мастацкай акцыі сталася Мёрскае Падзьвіньне, дзе дагэтуль захаваліся помнікі мінуўшчыны. Паводле арганізатаркі пленэру, ёсьць і яшчэ адна годная мэта: далучэньне творчай моладзі да беларускай мовы. Гаворыць Лера Сом:

(Сом: ) “Беларусь для кожнага – гэта свой кавалачак жыцьця, свой кавалачак душы. І мне здаецца, што кожны з нас, кожны з тых маладых людзей, маладых мастакоў, якія едуць сёньня на гэты пленэр, знойдуць гэты куточак Беларусі, гэты куточак беларускай душы ў сабе і для сябе. Мы толькі пачынаем пленэр, а ўжо ёсьць людзі, якія пачалі размаўляць па-беларуску, хаця раней гэтага не рабілі, і я лічу, што гэта вельмі клясна!”

Апроч маладых творцаў, у мастацкай акцыі ўдзельнічаюць і сталыя майстры, такія, як Алесь Пушкін. Як сказаў нам спадар Пушкін, сапраўдны беларускі мастак мусіць пабываць у кожным кутку Беларусі. А паколькі ён ніколі ня быў у Мёрскім Падзьвіньні, дык кінуў ўсе справы і сабраўся ў дарогу.

(Пушкін: ) “Вядома ж, цікава зьезьдзіць у гэтыя мясьціны – на Дрысу, на Мёршчыну. Пабываць у рэшце рэшт на Паўночнай Беларусі, амаль на мяжы з Латвіяй, памаляваць краявіды… Кажуць, у Дрысе вельмі прыгожая Дзьвіна: пра гэта мне апавядаў адзін знаёмы мастак”.

Ну а вось што сказалі нам з нагоды пачатку пленэру маладыя мастачкі Юлія Шайкова ды Кацярына Мясьнікова:

(Шайкова: ) “Мы будзем маляваць, жыць у прыгожым цікавым месцы – там побач ёсьць вадаспад, у старой хатцы. Гэта ўсё, што я пакуль ведаю. Ведаю таксама, што там няма інтэрнэту, няма сотавай сувязі. Будуць толькі пэндзлі і фарбы”.

(Мясьнікова: ) “Я вельмі радая, што сабралася столькі добрых людзей, якіх я вельмі паважаю. Спадзяюся, што ўсё ў нас атрымаецца, што зладзім файную выставу. І ўвогуле, што ўсё будзе добра”.

Па выніках пленэру будуць зладжаныя мастацкія выставы ў Полацку і Дрысе.
XS
SM
MD
LG