Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зноў чакаем Аяцкава?


Іна Студзінская, Менск Магчыма, сёньня ў Менск прыбудзе новы пасол Расеі Дзьмітры Аяцкаў. Спачатку ён зьбіраўся прыляцець 27 ліпеня, у чацьвер. Журналісты сустракалі яго на чыгуначным вакзале раніцаю ў пятніцу. 28 ліпеня днём зьявіўся камэнтар Дэпартамэнту інфармацыі і друку МЗС Расеі, што “прыезд расейскага амбасадара адкладзены праз патрэбу дадатковай распрацоўкі шэрагу пытаньняў расейска-беларускіх дачыненьняў”. Ёсьць яшчэ й неафіцыйныя вэрсіі.

Ёсьць вэрсія, што прыезд Аяцкава адкладзены з прычыны ягоных рэзкіх выказваньняў на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Нагадаю, спачатку Дзьмітры Аяцкаў выказаў спадзеў, што будзе апошнім паслом Расеі ў Беларусі. А пазьней Аяцкаў на прэсавай канфэрэнцыі сказаў: “Расея – гэта Расея, а Беларусь – гэта Беларусь; Пуцін – гэта Пуцін, а Лукашэнка – гэта Лукашэнка. І ён ні ў якім разе не павінен надзімаць шчок, што вось ён там даўно працуе і нехта мае там быць на пасылках”.

Аб прыезьдзе Аяцкава ў Менск гутару з начальніцаю аддзелу прэс-службы беларускага МЗС Марыяй Ваньшынай.

(Карэспандэнтка: ) “Нечага новага аб прыбыцьці амбасадара Аяцкава ў МЗС не зьявілася?”

(Ваньшына: ) “Не”.

(Карэспандэнтка: ) “А тое, што ён прыбудзе ў панядзелак, дакладна пацьверджана ці зноў на роўні чутак?”

(Ваньшына: ) “У мяне афіцыйнай інфармацыі няма, што ён прыбывае ў панядзелак”.

(Карэспандэнтка: ) “А ягоныя выказваньні неяк могуць паўплываць на далейшае разьвіцьцё адносінаў?”

(Ваньшына: ) “Будзем глядзець. Мы пакуль што працягваем вывучаць гэтую сытуацыю”.

26 ліпеня Аляксандар Лукашэнка сказаў, што трэба разабрацца з заявамі Дзьмітрыя Аяцкава, якога ён назваў “будучым альбо, можа, ня будучым паслом Расеі ў Беларусі”. Генадзь Бураўкін, які ў 1990-я гады быў сталым прадстаўніком Беларусі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, выказваньні Аяцкава ацаніў так:

(Бураўкін: ) “Бясспрэчна, паводзіны Аяцкава далёкія ад высокай дыпляматыі. Я помню яго выказваньні пра апошняга пасла Расеі ў Беларусі. Такія выказваньні – гэта ўжо, даруйце, у дыпляматычных традыцыях, па-расейску кажучы, “непозволительные”. Я ж ня думаю, што ў нас будуць разрывацца з-за нейкіх канфліктаў адносіны з Расеяй – гэта сапраўды гістарычна немагчыма. Значыць, адно: Беларусь перастане існаваць як самастойная дзяржава. І чалавек, які будзе прадстаўляць найвышэйшую ўладу Расеі, для чаго ён едзе? Для таго, каб умацоўваць нашы адносіны, альбо для таго, каб агітаваць нас разбураць нашу дзяржаву, а тым самым і саюз?”

Лідэр расейскага “Дэмакратычнага саюзу” Валерыя Навадворская сказала, што Аяцкаў наагул не дыплямат, і прызначэньне яго паслом у Беларусь – не найлепшы варыянт для Беларусі. Але баяцца Аяцкава ня трэба, Беларусь ня стане часткаю Расіі менавіта з-за асобы Лукашэнкі.

Меркаваньне Валерыі Навадворскай:

(Нaвадворская: ) “Аяцкаў у прынцыпе правільна ўсё сказаў, публічна асудзіў Лукашэнку, выказаў сваю да яго агіду. Гэта можа быць вельмі карысна для беларускага народу, калі народ пачуе, што нават расейскі пасол грэбуе прэзыдэнтам Беларусі. Аяцкаў у любым выпадку ня зможа стрымлівацца, калі будзе глядзець на Лукашэнкавы выхадкі. Ён будзе выказвацца. Гэта значна лепш, чым нейкая шэрая дыпляматычная мышка, якая будзе маўчаць і ўсё будзе глытаць”.

Цяжка прагназаваць, ці даруе афіцыйны Менск Аяцкаву ягоныя рэзкія выказваньні. З аднаго боку, на прыезд расейскага пасла далі згоду – так званы агрэман. З другога боку, выказваньні дыплямата сапраўды недыпляматычныя.

На думку былога сталага прадстаўніка Беларусі ў ААН Генадзя Бураўкіна, знайсьці выйсьце і расейскаму, і беларускаму бокам у гэтай сытуацыі будзе нялёгка.

(Бураўкін: ) “На сёньняшнім этапе я проста ня знаю, як культурна, лёгка і разумна выйсьці з гэтай ні для кога непатрэбнай сытуацыі. Проста такіх чыноўнікаў з такім узроўнем культуры, мысьленьня, разуменьня, здымаючы з губэрнатараў, ня трэба выпускаць за межы краіны. Іх трэба пакідаць у краіне і пастарацца выхаваць. А ня везьці ягоныя прывычкі, “замашкі” нават у такую блізкую мэнталітэтам краіну, як Беларусь”.
XS
SM
MD
LG