Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дробны бізнэс будзе працаваць па новых правілах


Міхал Стэльмак, Менск Зь сёньняшняга дня індывідуальныя прадпрымальнікі Беларусі, якія займаюцца гандлёвай дзейнасьцю, пераходзяць на новыя ўмовы працы. Новыя правілы ўводзяцца ў адпаведнасьці з указамі Аляксандра Лукашэнкі.

Неабходнасць зьмены правілаў прадпрымальніцкай дзейнасьці была абумоўленая тым, што ад 1 студзеня Беларусь у гандлі з Расеяй перайшла на прынцып спагнаньня падатку на даданую вартасьць паводле краіны прызначэньня. Беларускія ўлады пастанавілі пашырыць гэты парадак і на так званых “карабейнікаў”, што гандлююць расейскімі таварамі. Але такое рашэньне выклікала з боку дробных гандляроў пратэст, і ў сакавіку яны правялі шматдзённы агульнанацыянальны страйк. У страйку бралі ўдзел дзясяткі тысяч людзей з розных рэгіёнаў, што не магло застацца па-за ўвагаю ўлады. З прадпрымальнікамі сустрэўся й Аляксандар Лукашэнка. Неўзабаве ён падпісаў два ўказы, якімі ўвёў для дробных бізнэсоўцаў новыя правілы гандлю расейскімі таварамі. Гэтыя правілы ўступаюць у дзеяньне якраз сёньня, 1 жніўня.

Вось як пракамэнтаваў увядзеньне новых правілаў лідэр грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка:

(Шумчанка: ) “Я магу сказаць, што на нехарчовую групу тавараў падатковая нагрузка павялічылася на 70 даляраў. У выпадку, калі б не было паслабленьняў пасьля веснавых акцыяў пратэсту, то нагрузка павялічылася б як мінімум на даляраў 200 – 300. Я лічу гэта, вядома, слабым, але суцяшэньнем для прадпрымальнікаў”.

Нягледзячы на масавыя пратэсты дробных бізнэсоўцаў, улады дамагліся, каб гандляры пры ўвозе тавараў з Расеі сплачвалі падатак на даданую вартасьць. Але тут ёсьць адметнасьць. Вось што зазначыў у гэтай сувязі намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур:

(Тур: ) “Прадпрымальнікам даецца магчымасьць сплачваць падатак на даданую вартасьць двума спосабамі. Калі ёсьць дакумэнты, то як усе. Калі няма дакумэнтаў, то па адпаведных паправачных каэфіцыентах. У тым, што датычыць прадпрымальнікаў, дакумэнт атрымаўся няпросты і шмат у чым кампрамісны”.

Паводле агульнага меркаваньня гандляроў, новыя ўмовы горшыя за старыя. Хаця, нагадаю, Аляксандар Лукашэнка падчас веснавой сустрэчы з прадпрымальнікамі паабяцаў: турбавацца ня варта. Ня варта, бо, маўляў, улады кампэнсуюць іхныя страты ад увядзеньня падатку на даданую вартасьць зьмяншэньнем хоць бы арэндных выплат. Як заяўляюць гандляры, фактычна ніякай кампэнсацыі не адбылося. Таму большасьць з трывогаю глядзіць у заўтрашні дзень.

Гаворыць лідэрка слуцкіх прадпрымальнікаў Сафія Міцяшова:

(Міцяшова: ) “Настрою ніякага. У нас стала 30 эўра па Слуцку. Але ў сувязі з падаткам на даданую вартасьць у два разы адбылося павышэньне падатку ў цэлым – у параўнаньні з тым, што мы плацілі дагэтуль. Што яшчэ? Кніга ўліку дадалася. Настрой ува ўсіх заняпалы”.

Як паведаміла спадарыня Міцяшова, некаторыя слуцкія гандляры заявілі пра намер спыніць сваю дзейнасьць. Бо ў такіх умовах ім нельга зарабіць на кавалак хлеба. Дарэчы, новыя правілы вызначаны Аляксандрам Лукашэнкам на паўтара году – будуць дзейнічаць да 2007 году.

Лідэр беларускіх прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка так ацэньвае цяперашнюю сытуацыю і найбліжэйшыя пэрспэктывы айчыннага дробнага бізнэсу:

(Шумчанка: ) “Сёньня гаворка не ідзе пра сур’ёзнае разьвіцьцё бізнэсу. А проста пра выжываньне. Ну вось, не задушылі. Усё гэта, вядома, зьвязана з палітычнай кампаніяй 2006 году”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG