Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У доме гомельскага палітыка Віктара Карнеенкі шукалі міны (абноўлены)


Казімір Яноўскі, Гомель 30 ліпеня надвячоркам у Гомелі група супрацоўнікаў Чыгуначнага райаддзелу міліцыі ды людзей у цывільным уварвалася ў прыватны дом вядомага палітыка Віктара Карнеенкі на вуліцы Палеская, 52. Патлумачылі ўварваньне тым, што ў міліцыю паступіў тэлефонны званок – нібыта ў доме знаходзіцца міна.

Ніякага выбуховага прыстасаваньня ні міліцыя, ні дастаўленыя ёю сапэры не знайшлі. Дарэчы, многія зьвярнулі ўвагу, што сапэры вайсковай часьці 5525 прыяжджалі без спэцыяльна вучаных сабак.

Была й яшчэ адна адметнасьць гэтага, скажам так, міннага пошуку. Міліцыя не прапаноўвала нейкага бясьпечнага варыянту эвакуацыі, а пачала хапаць прысутных у двары маладых людзей. Яны разам зь сябрам Аб`яднанай грамадзянскай партыі Алесем Карніенкам праводзілі там дыскусію на тэму “Праблемы моладзі ў Беларусі”.

Апавядае ўдзельніца гэтай дыскусіі, маладая настаўніца невысокага расточку Юля Сівец:

(Сівец: ) “Два міліцыянты вялікіх такіх памераў схапілі мяне з двух бакоў за рукі так, што руку падрапалі, і пачалі мяне цягнуць у машыну, дзе ўжо сядзела шмат людзей. Я пачала абараняцца”.

Дзесяцярых маладых людзей, у іх ліку й Юлю, міліцыянты пад камандаваньнем начальніка Чыгуначнага райаддзелу палкоўніка Некрашэвіча ўсё-такі адвезьлі ў пастарунак, дзе, як патлумачылі, высьвятлялі іхныя асобы.

Сярод затрыманых былі й непаўналетнія. Адна зь іх пераказала размову ў міліцэйскім пастарунку:

(Непаўналетняя: ) “Мне 16 гадоў. Нізашто мяне затрымалі. У пастарунку мяне дапытвалі без прысутнасьці маіх бацькоў. Пыталіся, чаму мы там сабраліся”.

Пакуль у пастарунку ў затрыманых дапытваліся, чаго яны сабраліся ў доме на Палескай, 52, там на другім паверсе ўзламалі дзьверы аднаго з пакояў.

Апавядае сьведка Галіна Скараход:

(Скараход: ) “Во, бачыце, дзьверы ўзламалі. Гэты пакой быў зачынены на ключ. Сюды ўрываліся сапэры зь нейкімі ламавікамі. Нічога не знайшлі. Акт склалі, што нічога няма выбухованебясьпечнага”.

Знайшлі, аднак, тры пакункі кніг Шарамета і Калінкінай “Выпадковы прэзыдэнт”, выдадзенай ў Расеі. Кнігі цікавілі абласную ўправу КДБ. Яе прадстаўнік старшы апэратыўны супрацоўнік Аляксандар Ардаб’еў адмовіўся даць хоць які камэнтар. Аднак пасьля таго, як быў падпісаны акт пра адсутнасьць у доме выбуховага прыстасаваньня і сапэры пакінулі прыватную сядзібу, пад беспасярэднім кіраўніцтвам супрацоўніка КДБ пачаўся другі ператрус у доме палітыка. Міліцыянты і сам Ардаб’еў пераглядалі кнігі, газэты, бюлетэні, што знаходзіліся ў доме.

Сканфіскаваны былі ня толькі асобнікі “Выпадковага прэзыдэнта”, але й бюлетэні “Грамадзянскія ініцыятывы”, “Тут і цяпер” і некаторыя іншыя.

Гаспадара дому, палітыка Віктара Карнеенкі, у гэты час не было. Ягоны прадстаўнік Алесь Карніенка, які ладзіў у двары дому дыскусію з маладымі гомельцамі, патлумачыў мне прычыну гвалтоўнага візыту міліцыянтаў і спэцслужбы:

(Карніенка:) “Наколькі я разумею, цікавіла іх ня бомба, а бюлетэні. Увогуле, цікавіў дом, дзе часам зьбіраюцца нейкія дэмакратычныя арганізацыі, адбываюцца нейкія сустрэчы. Наколькі я памятаю, гэта ледзь не дзясяты выпадак за апошнія месяцы, калі паступаюць званкі альбо пра тое, што дом замінаваны, альбо пра тое, што сюды зацягнулі жанчыну. Розныя падставы, але кожны раз гэта канчаецца тым, што прыяжджаюць з адной нагоды, а насамрэч шукаюць нейкіх апазыцыйных матэрыялаў. Я, шчыра кажучы, зьвязваю гэта з тым, што ў некаторых колах лічаць, што я зьяўляюся каардынатарам-заснавальнікам руху “Лімон”. Думаю, што цяпер гэта зьвязана з маёй асобаю. Напэўна, падумалі, што мы замысьлілі нейкую чарговую акцыю ці плянуем чарговую ўлётку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG