Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Нью-Ёрку адзначылі 90-гадовы юбілей Антона Шукелойця (фотарэпартаж)


Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк У нядзелю ў саборы cьвятога Кірылы Тураўскага, што на Атлантык-авэню ў Нью-Ёрку, сабраліся дзясяткі амэрыканскіх беларусаў, каб павіншаваць з 90-гадовым юбілеем патрыярха дыяспары Антона Шукелойця.

Антон Шукелойць сёньня зьяўляецца найстарэйшым прадстаўніком беларускай дыяспары, і ня толькі паводле ўзросту – шмат гадоў ён узначальвае Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне (БАЗА), якое аб’ядноўвае беларусаў у розных гарадох і штатах Амэрыкі.

На сходзе ў царкве Кірылы Тураўскага, дзе сабраліся некалькі дзясяткаў нью-ёрскіх беларусаў, было зачытанае віншаваньне юбіляру ад старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, а старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк адзначыў, што жыцьцёвы шлях Антона Шукелойця можа і павінен быць прыкладам сьвядомага выбару на карысьць інтарэсаў нацыянальнай ідэі. Як вядома, два гады таму Пазьняк выдаў кнігу інтэрвію з Антонам Шукелойцем, у якой асьвятляюцца раней малавядомыя эпізоды гісторыі Беларусі 1930 – 1940-х гадоў.

“Унікальны лёс, бясконцая адданасьць беларускай справе, пасьлядоўнасьць і нязломнасьць у адстойваньні ідэалаў 25 сакавіка, шчырасьць і чалавечнасьць... На такім доўгім жыцьцёвым шляху, у віры нацыянальнага і дэмакратычнага руху Вам даводзілася сустракацца зь дзясяткамі тысячаў людзей, разам працаваць, разам дыскутаваць, і кожны з гэтых людзей можа дадаць да характарыстыкі якоесьці сваё адметнае азначэньне, словы ўдзячнасьці і захапленьня”, – гэтак гаворыцца ў віншаваньні зь Менску ад старшыні міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская пэрспэктыва” Валянціны Трыгубовіч.

Сярод тых, хто віншаваў юбіляра, – кіраўнік Нью-ёрскага аддзелу Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня Віталь Зайка, выканаўца абавязкаў дырэктара беларускай службы радыё “Свабода” Бандан Андрусішын (Данчык), прафэсар Нью-ёрскага ўнівэрсытэту Ала Орса-Рамана, прадстаўнікі як старой, гэтак і новай хваляў беларускай эміграцыі.

У залі было шмат моладзі, і варта сказаць, што апошнім часам маладое пакаленьне ўсё больш актыўна далучаецца да палітычнай дзейнасьці, якая ў дыяспары ніколі не спынялася. Лідэры дыяспары ў пастаянным кантакце з сэнатарамі і кангрэсмэнамі ЗША, што паўплывала і на прыняцьце Кангрэсам “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”. На ўрачыстым сходзе ў Нью-Ёрку адзначалася, што ў пасьпяховасьці шмат якіх пачынаньняў немалая заслуга і Антона Шукелойця.

Фотарэпартаж:



Беларуская царква Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку




Старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Антон Шукелойць




Удзельнікі ўрачыстага сходу




Ад імя беларускай “Свабоды” юбіляра віншуе Данчык




Сяргей Навумчык, Антон Шукелойць, Зянон Пазьняк




Удзельнікі ўрачыстага сходу разам зь юбілярам
XS
SM
MD
LG