Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці гатовыя амэрыканцы абраць прэзыдэнтам краіны жанчыну?


Натальля Судлянкова, Прага Нягледзячы на тое, што да прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША застаюцца яшчэ 3 гады, да амэрыканцаў увесь час зьвяртаюцца з пытаньнем, каго б яны хацелі бачыць у ролі гаспадара Белага дому. Некалькі тыдняў назад упершыню большасьць апытаных назвала імя былой першай лэдзі Злучаных Штатаў і цяперашняй сэнатаркі Гілары Родгэм Клінтан. Тым ня менш, на думку Наташы Ўолтэр, аўтаркі артыкулу ў брытанскай газэце “Guardian”, Амэрыка пакуль што не гатовая да таго, каб абраць на прэзыдэнта краіны жанчыну.

Найбольш аптымістычныя аглядальнікі цяпер абмяркоўваюць такі расклад сілаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах, пры якім за пасаду, бадай, самага моцнага чалавека сьвету будуць змагацца дзьве харызматычныя жанчыны – жонка былога прэзыдэнта Злучаных Штатаў Гілары Клінтан і цяперашняя дзяржсакратарка ЗША Кандаліза Райс – часопіс “Forbes” нядаўна прызнаў яе самай магутнай жанчынаю сьвету. Былы дарадца Біла Клінтана Дык Морыс рыхтуе да выданьня кнігу “Кондзі супраць Гілары: наступныя вялікія прэзыдэнцкія выбары”. Дасюль толькі аднойчы жанчына прэтэндавала на самыя высокія пасады ў дзяржаве, калі ў 1984 годзе Джэральдына Фэрара была кандыдаткаю на пасаду віцэ-прэзыдэнта.

Для Кандалізы Райс пакуль гэта яшчэ далёкая мара, адзначае Наташа Ўолтэр, але й для Гілары Клінтан гэтыя выбары ня будуць простай акцыяй. І праблема тут ня столькі палітычная, колькі яе асабістая.

Гілары нельга назваць такой кандыдатураю, пра якую мараць радыкальныя фэміністкі. Як і Маргарэт Тэтчэр – першай у сучаснай гісторыі жанчыне на чале Брытаніі, якая старалася быць больш жорсткай, чым мужчыны-палітыкі навокал, – так і жанчыне ў Белым доме давядзецца быць больш жорсткай, каб захаваць сваіх прыхільнікаў. Жанчыне-палітыку ніколі не даруюць таго, што даруецца мужчынам. Калі, напрыклад, Біл Клінтан прымаў тэстастэрон, дык гэта разглядалася выбарцамі як праява ягоных чалавечых рысаў. Калі б тое ж самае зрабіла Гілары, гэта расцанілі б як слабасьць.

Амэрыканскае грамадзтва, якое прызвычаілася да вобразаў магутных і моцных жанчын, роўных мужчынам, тым ня менш, адзначае, што ім не хапае сардэчнасьці. Камэнтатары адзначаюць, што Гілары Клінтан занадта халодная, каб здабыць перавагу ў выбарцаў. А гэта папраўдзе азначае, піша “Guardian”, што яна занадта моцная, каб быць папросту жанчынаю. Тыя паводзіны, якія ўспрымаюцца натуральна ў мужчыны – самаўпэўненасьць, агрэсіўнасьць, – у жанчыны ўспрымаюцца як сьведчаньне яе звышамбіцыяў, што нэгатыўна ўплываюць на ейныя чалавечыя якасьці.

Амэрыканскае грамадзтва таксама часьцяком лічыць, што актыўныя ў палітыцы жанчыны абавязкова зьяўляюцца або лесьбіянкамі, або маюць нейкія сэксуальныя адхіленьні. І таму незалежна ад таго, як Гілары Клінтан будзе сябе пазыцыянаваць палітычна, гэты бруд абавязкова зьявіцца на публіцы. На думку Наташы Ўолтэр, калі Гілары здолее пераадолець усе гэтыя цяжкасьці ды зьвяртацца беспасярэдне да выбарцаў, яна можа перамагчы. Але калі зноў вернуцца ўсе былыя скандалы з часу прэзыдэнцтва яе мужа, Біла Клінтана, і ў дадатак Гілары будзе захоўваць імідж моцнай жанчыны – гэтая сытуацыя можа стаць занадта рэвалюцыйнай для сёньняшняй Амэрыкі. Дагэтуль, паводле апытаньняў грамадзкай думкі, болей за 40 % выбарцаў гавораць, што краіна пакуль што не гатовая да таго, што жанчына можа стаць прэзыдэнтам Злучаных Штатаў.
XS
SM
MD
LG