Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ваколіцах Полацку - фэст беларускай рок-музыкі


Вінцэсь Мудроў, Полацак Ладзіцца музычная імпрэза на дзьвінскім беразе, ля вёскі Лучна. Сёлетні фэст ужо пяты па ліку, і яго арганізатары плянуюць ператварыць паляну на дзьвінскім беразе ў беларускі Вудстак.

Раз на год ваколіцы вёскі Лучна, што ў 12 кілямэтрах ад Полацку, скаланаюць гітарныя акорды. Тут ладзіцца традыцыйны рок-фэст пад назваю “АЯ-camp”. Заўважым, аднак, што летась імпрэза была сарваная полацкімі раённымі ўладамі, якія не далі дазволу на яе правядзеньне.

Месцам ладжаньня фэсту абраная ня проста прыгожая мясьціна. Менавіта тут, ля Лучна, плянуецца распачаць будаўніцтва на Дзьвіне гідраэлектрастанцыі, і полацкія рокеры спрабуюць такім чынам зьвярнуць увагу грамадзкасьці на экалягічныя праблемы, зьвязаныя з такім будаўніцтвам.

Арганізаваны рок-фэст з улікам сусьветнае практыкі правядзеньня падобных мерапрыемстваў: зь вялікай сцэнай, відэаэкранам, намётавым лягерам і нават біяпрыбіральнямі. Трэба таксама адцеміць, што на фэсьце пануе “сухі закон” і нецьвярозыя гледачы з канцэртаў выдаляюцца. Балазе, за парадкам тут сочыць адмысловая група і два дзясяткі міліцыянтаў. Ну а сама імпрэза сталася магчымай, дзякуючы энтузіязму музыкаў наваполацкага гурту “Ozon”. Гаворыць адзін з вэтэранаў рокерскага руху на Полаччыне Сяргей Анішчанка:

(Анішчанка: ) “На адным з расейскіх тэлеканалаў я пачуў ад рок-гурту “Нэйрадзюбэль” словы, што рок-н-рол беларускі можна сёньня граць толькі на “Басовішчы”. Я спадзяюся, веру і думаю, што беларускім музыкам трэба зьбірацца менавіта на радзіме, на такіх вось фэстывалях, на прыродзе, і проста хацець гэта рабіць”.

Агулам у фэсьце ўдзельнічаюць блізу трыццаці рок-каманд, зь іх прыкладна палова прыехала са сталіцы. Пытаемся ў сталічных гасьцей: якія ў іх ураджаньні ад музычнага фэсту?

(Першы рокер: ) “Мы прыехалі зь Менску, група “Ляяльны мураш”. Пяць хвілін, як сышлі з аўтобусу… Спадзяемся, што ўсё тут будзе добра, усё усім спадабаецца. Гэта вельмі добрая ініцыятыва – зладзіць рок-канцэрт на полі, каля лесу, на прыродзе”.

(Другі рокер: ) “Мы з гурту “Лянгальеры”. У сталіцы канцэрты рокавыя не праводзяцца, бо рок-клюбы пазачынялі. Вось завіталі на Полаччыну. Нават дзіўна, што тут здолелі арганізаваць такі фэстываль”.

Рок-канцэрты будуць ладзіцца да самага ранку. І калі учора сапраўдны фурор выклікаў выступ гурту “Indigo”, дык сёньняшнім гваздом фэстывальнай праграмы будзе знакамітая “Крама”.
XS
SM
MD
LG