Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: "Ня кожны год садзяць на "хімію" кандыдата на прэзыдэнта"


Алег Грузьдзіловіч, Менск. Міколу Статкевіча з баранавіцкай спэцкамэндатуры на дзень адпусьцілі да бацькі. Вядомы апазыцыянэр распавёў пра свае уражаньні ад першага дня, які ён правёў на "хіміі".

"Хай ў твае вокны сьвеціць ласкавы май"... Радок гэтай савецкай песьні сёньня ня выходзіць з галавы Міколы Статкевіча. У першую ноч ў спэцкамэндатуры ён ня здолеў добра выспацца, бо сусед-"хімік" адзначаў дзень заробку і бясконца круціў стары магнітафон. Пасьля апоўдні ў спэцкамэндатуру па палітыка прыйшоў ягоны бацька Віктар Паўлавіч, які стала жыве ў Баранавічах, і на ягоную заяву Міколу Статкевіча адпусьцілі да заўтрашняга вечара.

На волі Статкевіч адразу ўключыў свой мабільны тэлефон, і, як ён кажа, быццам, вярнуўся з часоў піянэрскага лягера, адкуль яго гэтак сама забіралі бацькі на пабыўку. Вось што ён распавёў пра першы дзень на "хіміі".

(Статкевіч: ) " Ведаеце, я знаходжуся ў пакоі з сям''ю ложкамі, адзін двухярусны. Дзьверы ў пакой маюць акенца, 13 на 15 сантымэтраў, каб зазіралі з калідора. Вакно, натуральна, закратаванае. Нязручна вельмі, што побач з прыбіральняй і побач дзьверы ў курылку, таму ёсьць праблема пахаў. А прыбіральня нагадвае прыбіральню на аўтавакзале ў савецкія часы. Усё вельмі бедна, старое, зношанае. Ложкі даламаныя са скрыпучымі сеткамі, якія прагінаюцца. Бялізна вельмі брудная.

Вязьні падзеленыя на дзьве катэгорыі. Гэта алімэнтшчыкі і тыя, хто сядзіць за хуліганства. І тыя, і тыя ўвечары нападпітку, ходзяць, чапляюцца адзін да другога. Усё гэта іншым разам крыху нагадвае вар''ятню. Але, мне сказалі, гэта як раз заробак у некага быў. А з большага, што? Бачылі і горшае. Усюды людзі. Я з рознымі людзьмі агульную мову знаходжу.

Адміністрацыя спачатку была ня ў лепшым настроі, бо было шмат званкоў аднекуль зьверху. Пыталіся, чаму ў вас там нейкі мітынг. Я адказаў, што людзі прыйшлі паглядзець і правесьці, бо ня кожны раз на хімію садзяць кандыдата на прэзыдэнты. Зараз стаўленьне роўнае, як адміністрацыя, у межах правілаў і распарадку. Там ёсьць кухня, і калі ты маеш патэльню, рондаль ці чайнік сабе вады згатаваць, нешта прыгатаваць. Умывальнікі, канечне, таксама цяжкае відовішча - на ўвесь паверх два зламаныя саскі.

У мяне пэўныя харчы з сабою, жонка дала, і маленькі кіпяцільнік ёсьць. Але хлопцы і так скіпяцілі вады, частаваліся кавай, гарбатай. Адзін з суседзяў па ці то камэры, ці то пакою, Аляксандрам завуць, ён з Нясвіскага раёну, добра гатуе, учора бульбы зварыў. Сёньня з макаронамі нейкі суп зварылі. Такім чынам, як кажуць, жыць можна."

Паводле Міколы Статкевіча, галоўным пытаньнем для яго ёсьць працаўладкаваньне. У палітыка ўжо ёсьць пэўныя варыянты, але казаць пра іх зараз ён ня хоча, каб не пашкодзяць людзям, якія іх прапанавалі. Гэтае пытаньне будзе вырашацца на будучым тыдні.



Для вядучага. Нагадаем, аднаго зь лідараў беларускіх сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевіча асудзілі на два гады абмежаваньня волі за арганізацыю мітынга супроць афіцыйных вынікаў леташніх выбараў і рэферэндуму, паводле якога Аляксандр Лукашэнка атрымаў магчымасьці трэці раз вылучацца на прэзідэнта. Мікола Статкевіч сам неаднаразова казаў пра намер ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта у 2006 годзе, але зараз ён , верагодна, стаціў гэтую магчымасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG