Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэніта Фэрэра-Вальднэр: "Улады Беларусі павінны спыніць перасьлед грамадзкіх арганізацыяў"


RFE/RL Камісар Эўразьвязу ў замежных стасунках Бэніта Фэрэра- Вальднер рашуча асудзіла рэпрэсіі беларускіх уладаў супраць Саюзу палякаў Беларусі. Прадстаўніца Эўразьвязу заявіла, што арышт сяброў саюза і ўмяшаньне беларускіх уладаў у дзейнасьць незалежнай грамадзкай арганізацыі непрымальныя.

Бэніта Фэрэра-Вальднер заклікала Беларусь да захаваньня правоў чалавека адпаведна нормам АБСЭ і міжнароднага права, у тым ліку павагі да правоў нацыянальных мяншыняў. “Колькі разоў Эўрапейскі зьвяз жорстка асуджаў антыдэмакратычныя дзеяньні рэжыму Беларусі і выказваў з гэтай нагоды моцную занепакоенасьць, каб Беларусь стала дэмакратычным і стабільным суседам, у якім захоўваюцца правы чалавека і дэмакратычныя каштоўнасьці,” – сказала аўстрыйскі камісар. Улады Беларусі павінны спыніць перасьлед грамадзкіх арганізацый, у тым ліку тых, якія прэзэнтуюць нацыянальныя мяншыні.

Самая вялікая ў Эўрапейскім парлямэнце фракцыя эўрапейскай народнай партыі (хрысьціянскіх дэмакратаў) і эўрапейскіх дэмакратаў асудзіла затрыманьне міліцыяй і спэцслужбамі кіраўніцы саюза палякаў Беларусі Анжалікі Борыс і іншых сяброў гэтай арганізацыі, а таксама замежных журналістаў. Кіраўнік фракцыі Ганс-Герт Пётэрынг скрытыкаваў парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Ён асудзіў дзеяньні беларускіх уладаў супраць саюза палякаў, адной з самых вялікіх арганізацый, над якой дзяржава яшчэ не ўсталявала свайго кантролю. Спадар Пётэрынг выказаў таксама занепакоенасьць рэпрэсіямі беларускага рэжыму супраць незалежных мэдыяў, журналістаў, сяброў апазыцыі і недзяржаўных арганізацый. Старшыня фракцыі ў Эўрапейскім парлямэнце нагадаў, што Беларусь абавязана трымацца дэмакрытычных стандартаў як сябра ААН і АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG