Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыёабарона, радыёзаслон, радыёвайна – глушэньне


Сяргей Шупа, Прага А зараз на нашых хвалях – перадача “Настрой на Свабоду”, прысьвечаная праблемам прыёму нашых праграмаў.

Апошнія некалькі перадачаў былі прысьвечаныя заўтрашняму дню радыё і найноўшым радыётэхналёгіям. А сёньня я прапаную азірнуцца ва ўчорашні дзень – прынамсі, спадзяюся, што тое, пра што я сёньня буду расказваць, так і застанецца ўчорашнім днём ніколі больш не паўторыцца. Сёньня гаворка пойдзе пра радыёабарону, радыёзаслон, радыёвайну – карацей кажучы – пра глушэньне.

(аўдыё…) Тыя, хто ў даўнейшыя часы слухаў радыё на кароткіх хвалях, спадзяюся, пазналі гэты гук. У любы час дня і ночы на кожным паддыяпазоне кароткіх хваляў гэты гук можна было злавіць у двух-трох-пяці розных месцах. Бывалі моманты – памятаю, калі я ў 1970-я гады жыў у Менску за пару кілямэтраў ад антэнаў, зь якіх перадаваўся сыгнал глушэньня – што цэлы паддыяпазон, напрыклад, 25 мэтраў, быў цалкам заблякаваны глушэньнем ад левага да правага краю шкалы майго прыймача «Акіян-205».

У часы «халоднай вайны» людзі ў Савецкім Саюзе жылі ў шчыльнай ізаляцыі ад сьвету – выяжджаць за мяжу было надзвычай цяжка, замежная друкаваная прадукцыя старанна фільтравалася, у савецкіх сродках інфармацыі замежныя падзеі падаваліся празь ідэалягічную прызму. У гэткіх умовах бадай што адзіным адкрытым непадцэнзурным каналам альтэрнатыўнай інфармацыі было радыё – таму якраз на гады «халоднай вайны» прыпадае найвышэйшы ўздым культуры слуханьня радыё на кароткіх хвалях – гэтаму паспрыяла яшчэ і тэхналягічная рэвалюцыя – увядзеньне ў шырокі ўжытак у канцы 60-х гадоў пераносных транзыстарных прыймачоў.

Людзі, хто хаваючыся, а хто і ня надта – слухалі ў сваіх кватэрах, у дварах, на летніках, каля турыстычных вогнішчаў заходнія радыёгаласы. Дарослых цікавіла палітыка, маладых – сучасная музыка. Савецкая ідэалягічная сыстэма мусіла з гэтым неяк змагацца. Самым дзейсным сродкам змаганьня сталася глушэньне варожых галасоў.

Калі я пачынаў слухаць радыё – на пачатку 70-х – глушыліся толькі самыя небясьпечныя ідэалягічныя ворагі – «Радыё Свабода» на розных мовах народаў СССР, а таксама расейскамоўныя праграмы «Голасу Ізраілю», «Радыё Пэкін», «Радыё Тырана». Глушылася таксама бальшыня праграмаў «Радыё Свабодная Эўропа», якое вяшчала на краіны сацыялістычнага лягеру. Рэзкая зьмена сытуацыі настала ў пасьля ўвядзеньня абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў у Аўганістан. Ад 1980 году Савецкі Саюз распачаў глушэньне расейскіх праграмаў трох гігантаў замежнага радыёвяшчаньня – радыёстанцыяў «Голас Амэрыкі», «Бі-Бі-Сі» і «Нямецкая Хваля». Кароткія хвалі ахінула густая цемра…

Але часам старанным слухачам усё ж удавалася пачуць хоць пару словаў. Каб патлумачыць як і чаму, я ад лірыкі перайду да больш тэхнічных пытаньняў. Што такое глушэньне? Па сутнасьці – гэта тое самае радыёвяшчаньне, толькі што замест звычайных тэкставых, музычных або нейкіх яшчэ праграмаў у эфір высылаецца спэцыяльны сыгнал, які ўтвараецца прыстасаваньнем пад назовам «генератор мешаюшчего действия» – гэта і ёсьць той характэрны гул і трэск. Гэты гук, дарэчы – не адзіны ў арсэнале майстроў глушэньня, вось іншыя прыклады. Так гучыць гэтак званы «речеподобный сигнал»...

(РЕЧЕПОДОБНЫЙ СИГНАЛ)

А так, прыкладам, глушыліся польскія праграмы «Радыё Свабодная Эўропа»...

(МУЗЫКА)

Падрыхтаваўшы такі сыгнал, застаецца толькі адно – перадаць яго на той частаце, дзе працуе станцыя, якую трэба заглушыць. Тут, што праўда, бывалі і цяжэйшыя праблемы, зьвязаныя з асаблівасьцямі праходжаньня радыёхваляў. Рэч у тым, хто на ніжэйшых частотах кароткіх хваляў – у паддыяпазонах 49, 41 мэтар, «скачок» хвалі карацейшы – сотні кілямэтраў. У такіх умовах даволі лёгка разьлічыць – дзе паставіць перадатчык, куды павярнуць антэну, якую магутнасьць дастаткова ўжыць. А вось на вышэйшых частотах – у паддыяпазонах 19, 16 і 13 мэтраў – «скачок» хвалі складае тысячы кілямэтраў, каб заглушыць тыя частоты ў Беларусі, перадатчык трэба паставіць недзе ў глыбіні Расеі, але й тады часам паводзіны радыёхваляў бываюць непрадказальныя і сыгнал «варожага голасу» можа прымацца лепш, чым сыгнал глушэньня, асабліва калі на захадзе яшчэ дзень, а ў Расеі ўжо ноч. Такім чынам глушэньне на тых карацейшых хвалях – 13, 16 і 19 мэтраў – было значна менш эфэктыўным і рэнтабэльным. Але знайшоўся спосаб і на гэтую праблему. Проста прыймачы, выпусканыя для ўнутрысавецкага рынку, ня мелі гэтых ненадзейных дыяпазонаў – кароткія хвалі пачыналіся ад 25 мэтраў.

•••

У канцы 80-х гадоў у Савецкім Саюзе і ў сацыялістычных краінах пачалі адбывацца нечаканыя працэсы ідэалягічнага разьнявольваньня. Адбываліся яны ў самых розных галінах жыцьця – літаратуры, журналістыцы, кіно. І вось аднойчы адбылася самая вялікая падзея ў гісторыі замежнага радыёвяшчаньня наагул і нашага радыё ў прыватнасьці. 30 лістапада 1988 года ў навінах «Радыё Свабода» прагучала гэткае паведамленьне...

(ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ)

Ад таго часу і вось ужо 16 гадоў нашыя слухачы маюць магчымасьць слухаць нас у адкрытым рэжыме – без перашкодаў з боку глушылак. Глушэньне, што праўда, яшчэ не адышло ў нябыт – дагэтуль глушацца праграмы заходніх радыёстанцыяў у Кітаі, Паўночнай Карэі, на Кубе і некаторых іншых краінах. Аднак гэта ўсяго толькі малыя цяністыя плямы ў параўнаньні з эфірнай цемрай 70-80-х гадоў, якая, будзем спадзявацца, больш ня вернецца ніколі.

Тым, каму захочацца даведацца больш пра вытокі, гісторыю і тэхналёгію гэтай зьявы, я параю зьвярнуцца да інтэрнэтнай старонкі www.radiojamming.info. На гэтай старонцы вы зможаце прачытаць падрабязнае дасьледаваньне нашага калегі з «Радыё Балтыйскія Хвалі» Рымантаса Плейкіса пра тэму, якой была прысьвечаная наша сёньняшняя перадача.

•••

І зноў я зьвяртаюся да ўсіх нашых слухачоў у розных кутках Беларусі – раскажэце нам пра тое, як нас чуваць на радыёхвалях – кароткіх і сярэдніх. І яшчэ адна просьба да ўсіх слухачоў – паведамце нам, калі ласка, ці прымаюцца ў вашай мясцовасьці ў дыяпазоне FM або на ультракароткіх хвалях (я маю на ўвазе два дыяпазоны – гэтак званы савецкі (УКХ) і заходні (FM) – дык вось, ці прымаюцца ў вас у гэтых дыяпазонах радыёстанцыі суседніх дзяржаваў – Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расеі.

Для тых, каго цікавіць тэма радыёпрыёму і радыё наагул, я маю маленькую абвестку. У верасьні мы плянуем правесьці конкурс сярод нашых слухачоў, пераможцы якога атрымаюць у якасьці прызоў усехвалевыя радыёпрыймачы фірмаў Sony або Grundig. Пра ўмовы конкурсу будзе абвешчана ў адной зь перадачаў “Настрой на Свабоду”.

Завяршаючы перадачу, я зноў прашу – напішыце, калі ласка, на якім прыймачы вы слухаеце нашыя праграмы (пры магчымасьці, калі ласка, назавеце дакладна марку прыймача, напрыклад, “Акіян-209” або “ВЭФ-202”), а таксама ці мае ваш прыймач дыяпазон кароткіх хваляў 19 мэтраў. Апрача гэтага запрашаю ўсіх больш тэхнічна дасьведчаных слухачоў дзяліцца сваімі парадамі і рэкамэндацыямі, якія б дапамаглі палепшыць прыём нашых праграмаў. Наш адрас у Менску – паштовая скрынка 111, Менск, 220005; адрас у Празе – Vinohradska 1, Praha 11000, Чэская Рэспубліка; ад 9 вечара да 9 раніцы ў Менску працуе наш тэлефон-аўтаадказьнік 290-39-52. Адрасы электроннай пошты Belarus@rferl.org.

Чакаем вашых водгукаў і жадаем добрага прыёму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG