Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Гэта не канфлікт беларусаў і палякаў, а дзьвюх зонаў уплыву: Расеі і Эўропы"


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні наш карэспандэнт цікавіўся ў гараджанаў — што яны думаюць наконт пагаршэньня адносінаў паміж Беларусьсю і Польшчай і адносна канфлікту вакол Саюзу палякаў?

(Спадарыня: ) “Я думаю, што гэта не канфлікт народаў, беларусаў і палякаў, а ў сапраўднасьці канфлікт дзьвюх зонаў уплыву — Расеі і Эўропы. Гульня адбываецца на “падстаўных асобах”. Такая ж сытуацыя была ў Сэрбіі і Харватыі, там жа гулялі Амэрыка і Расея! І тут проста пачынаецца вось такая мышыная валтузьня, як быццам беларускі народ супраць палякаў. Супраць якіх палякаў? Тут дзе паляк, дзе беларус — паспрабуйце разабрацца”.

(Спадар: ) “Я думаю, што ўсё будзе нармальна. Любы палітычны канфлікт, ён заўсёды ўрэгулюецца”.

(Спадар: ) “Тут ня трэба ўмешвацца ўраду, усё завязана на тым — хто будзе старшынём Саюзу палякаў Беларусі? Вось праз гэта шум і галас”.

(Спадар: ) “Улады беларускія самі нагнятаюць, а з другога боку палякі таксама неадэкватна рэагуюць. Учора братэрскі горад Уроцлаў спыніў усе сувязі з гарадзкой намэнклятурай Горадні”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што канфлікт насамрэч абвастрыўся, і гэта ідзе менавіта з польскага боку. Я не лічу, што ў Беларусі гэтая праблема сапраўды ёсьць такой вострай, і што палякаў уціскаюць”.

(Спадар: ) “Гэта зьвязана, верагодна, з тым, што Польшча ўвайшла ў Эўразьвяз. Беларускі ўрад адчувае сябе крыху пакрыўджаным. Адсюль —такая рэакцыя ў адказ. Зноў-такі, гэта “гульні патрыётаў”, як іх можна назваць. Я не валодаю сытуацыяй ўнутры Саюзу палякаў, ня ведаю што там адбываецца. Але, верагодна, гэта ўсё нейкія палітычныя альбо нават мэркантыльныя справы”.

(Спадар: ) “Мне здаецца, гэта ўнутраныя справы Саюзу палякаў, яны самі павінны ўсё вырашыць”.

(Сталы спадар: ) “Мне здаецца, ў гэтым больш вінны наш бок — беларускі. Гэты год — перадвыбарчы, прэзыдэнт стараецца прыдбаць нейкія дывідэнды ў народу і пачынае шукаць зьнешніх ворагаў. Трэба, мне здаецца, самому насельніцтву прыйсьці да высновы: колькі ж можна нам гэтую ўладу цярпець? Трэба яе замяніць, тады палепшацца стасункі ня толькі паміж беларусамі і палякамі, а паміж Беларусьсю і ўсім сьветам”.
XS
SM
MD
LG