Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Не за народ вы, Аляксандар Рыгоравіч. Народ корміцца сам"


RFE/RL Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 29 ліпеня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Слухач: ) “Добры дзень, Свабода. Я рэгулярна слухаю Свабоду і "Палонію" Польшчу, і ў сувязі з апошнімі падзеямі з Саюзам палякаў я хачу спытаць – ці мы ўсе адказныя за ўсё, што робіцца на Беларусі – за зьнішчэньне палякаў, за зьнішчэньне беларушчыны – ці тут трэба ўскладаць адказнасьць на аднаго Лукашэнку? Лукашэнка – толькі выканаўца загадаў Крамля, загадаў Пуціна. Гэта добра паказала яго апошняя візыта ў Завідава, дзе ён атрымаў ад Пуціна новы загад – узмацніць зьнішчэньне беларушчыны і палякаў. Бо ён ведае, і ў Крамлі ўсе ведаюць, што пакуль будзе хоць адзін сьвядомы беларус ці паляк, ніяк не ператварыць Крамлю Беларусь у “вотчыну” Масквы. Таму Пуцін і загадвае рабіць такую справу, і Лукашэнка – добры яе выканаўца. І гэта яны будуць трымаць заўсёды”.

(Спадарыня: ) “Я хачу сёньня зьвярнуцца да Аляксандра Рыгоравіча. Вось вы на сэлектарнай нарадзе гаворыце “каб пракарміць народ”… Народ корміцца сам. Падножным кормам мы кормімся. З 200 тысячаў пэнсіі, якія вы нам даяце, 100 трэба адлічыць за паслугі. Застаецца 100. Вось як вы нас корміце – хлебам і малаком. Дзякуй вам за гэта. А мы хочам і кавалачак мяска зьесьці, так, як вы, і апрануцца, як людзі. А за што апрануцца? Няма за што. Няма чаго тут гаварыць – народ, народ, мы за народ. Няпраўда гэта. Не за народ вы, Аляксандар Рыгоравіч. Крымкоў у нас загадчык калгаса, пэнсіянэр, ён яшчэ і працуе – і пэнсію атрымлівае, і працуе. Дык які ў яго заробак – палічыце, якія даходы. А за што мы жывем? За 100 тысячаў? Што адпрацавала ўсё сваё жыцьцё настаўніцай і загадчыцай дзіцячага саду? Што, толькі на харчаваньне? Вазьміце гэтыя грошы, і пракарміцеся самыя за гэтыя грошы, і тады будзеце ведаць і гаварыць пра народ, што вы корміце народ. Народ корміцца сам. Каб я не працавала на агародзе – не вырошчвала і бурачкі, і тое, і тое – то галодная б сядзела. Мы ўсе незадаволеныя сваім жыцьцём, пэнсіянэры”.

(Спадар: ) "Праслухаў сэлектарна-прапагандыздзкі “наганяй” у зацягнутай ужо на дзясятак гадоў “бітве за ўраджай” у галіне сельска-гаспадарчай вытворчасьці. Там усё казалі, напрыклад, “узяць хлеб любым коштам” – але не казалі пра кошт хлеба. Цэны на прадукты харчаваньня ня зьнізяцца, і будуць пустымі лядоўні. Людзі будуць глытаць сьлінькі, гледзячы на прылаўкі з каўбасой і вяндлінаю. І ўспомнілася прымаўка – “дзякуй Сталіну-грузіну, што абуў нас ў рызіну”.

(Спадар з Гомелю: ) “У зьвязку з новым абвастрэньнем дачыненьняў улады Беларусі і Саюзу палякаў хачу даць параду Лукашэнку: тэрмінова падлячыць свае нэрвы ў псыхіятра. Бо ў 2006 годзе вар’яцтва не пазьбегнуць. Мяне зьдзіўляе “цішыня” з боку палітычных партыяў і грамадзкіх супольнасьцяў. Хутка яны могуць апынуцца ў гэткім жа становішчы, як Саюз палякаў. Таму грамадзтва павінна рашуча сказаць Лукашэнку: рукі прэч ад Саюзу палякаў у Беларусі”.

(Спадар: ) “У Вясноўскім доме-інтэрнаце памерла двое дзетак ад мэнінгіту. У нас у Пінску летась таксама так памерла маленькае дзіця чатырох месяцаў. Бацькі ўпэўнены, што іх дзіця заразілі лекары. Усе дасьледаваньні пацьвердзілі гэта, але бацькі так і не змаглі дайсьці праўды і прыцягнуць да адказнасьці лекараў. Напэўна, каб такі выпадак адбыўся ў цывілізаванай краіне, то бацькі хоць бы атрымалі вялізную матэрыяльную кампэнсацыю за сьмерць свайго дзіцяці, а ў нашай краіне, як падаецца, хіба што чыноўнік за выказанае ў яго адрас нейкае крыўднае слова можа атрымаць вялізную грашовую кампэнсацыю”.
XS
SM
MD
LG