Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ліхачы "нібы ў трылеры Стывэна Кінга"


Віталь Сямашка, Ліхачы, Менскі раён (эфір 28 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Усё было, нібы ў трылеры Стывэна Кінга, калі правінцыйны гарадок літаральна на вачах зьнік у іншым вымярэньні. У мястэчку Новае Поле, што за 35 кілямэтраў ад Менску ды за кілямэтар ад мэты вандроўкі — вёскі Ліхачы Менскага раёну — пра месцазнаходжаньне апошняй гавораць альбо цьмяна, альбо паціскаючы плячыма. За рулём аўто быў Уладзімер Міхарскі, былы рэжысэр забароненай уладамі тэлепраграмы “Крок”.

(Міхарскі: ) “Ніхто ня ведае, дзе гэтыя Ліхачы. Спыталі ў нейкіх будаўнікоў, трактарыстаў, у бабулькі — яна таксама ня ведае!”

Да канца вандроўкі не знайшлі нідзе і ўказальніка Ліхачоў. Урэшце, натрапілі на чалавека, які паказвае сьцяжыну, што прыводзіць да развалаў былога піянэрлягеру “Чайка” Менскай скурна-галянтарэйнай фабрыкі імя Куйбышава. Колькі соцень мэтраў празь лясок і... бадай, напраўду апынуліся ў іншым вымярэньні.

(Міхарскі: ) “Катэджавы рай, які адкрыўся, быў для мяне шокам...”

Дзесьці паўтара дзясятка рознапавярховых ды рознакаляровых шыкоўных дач і катэджаў былі пустыя. Хатаў карэнных жыхароў за імі, як і саміх тутэйшых насельнікаў, не было відаць, хоць, паводле кнігі “Памяць”, яшчэ напачатку тысячагодзьдзя тут жылі два дзясяткі людзей. Мой спадарожнік выказвае, як аказалася, слушную вэрсію, што катэджы праглынулі як саміх мясцовых, так і назву паселішча. Нарэшце, на перакрыжаваньні хаатычна ўзьніклых дачных вулак бачым тры хаціны, што яўна ня ўпісваюцца ў навакольны будаўнічы ляндшафт. У адной зь іх і знаходзім 85-гадовую Алену Пятроўну Раманоўскую, адну з трох бабулек, што, як высьветлілася, і складаюць сёньня карэннае насельніцтва — ледзь не сказаў былых — Ліхачоў. Кажа спадарыня Алена:

(Алена: ) “Тут, як танкі атакавалі, сынок, нас у клін — во, сядзіце тут. Бывае, ноччу машыны ганяюцца, спакойна не даюць жыць. Я вельмі дрэнна адчуваю сябе”.

(Карэспандэнт: ) “Аўталаўка якая даходзіць?”

(Алена: ) “Дзеці прывозяць! Да каго тут прыходзіць?! У мяне, сынок, дванаццацёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў. Кінутых старых няма, ва ўсіх дзеці — навяшчаюць...”

Апошнія ліхачоўскія бабулькі аказаліся не бяз гумару. Катэджавы рай вакол іх называюць Далінай гаротнікаў, а яе жыхароў — новымі ліхачамі. Цётка Алена ведае, што будуюцца тут, як яна кажа, “важныя людзі з начальства”.

(Алена: ) “Яны не гаротныя, сынок! (Сьмяецца.) Тут Спартак Мірановіч, а там — працуе на заводзе халадзільнікаў, носіцца на машыне, во паляўнічы сабака прывязаны. Пра гэтага з халадзільнікаў прыяжджаў, распытваў нас сьледчы, а што я магу сказаць... Во Бандарук, прадпрымальнік — новыя паны, што зробіш...”

(Карэспандэнт: ) “У паноў жа парабкі павінны быць...”

(Алена: ) “А мы жабракі, парабкаў у іх хапае...”

(Карэспандэнт: ) “Калі-небудзь хто-небудзь зь іх да вас заходзіў?”

(Алена: ) “Са Спартаком дык мы сябруем, сын дапамагаў яму будавацца. А гэтыя — мы зь імі не кантуемся...”

Дзелімся першымі ўражаньнямі з рэжысэрам Уладзімерам Міхарскім:

(Карэспандэнт: ) “Спадар Уладзімер, мы з вамі гэтыя Ліхачы шукалі, як у начы зь ліхтаром — гэта за кілямэтар адсюль! Чаму, як бабулі кажуць, новыя ліхачы ад людзкога вока хаваюцца?”

(Міхарскі: ) “Віталь, тыя, хто крадуць, звычайна хаваюцца. А калі яны ня крадуць, чаму хавацца?! Гэтая ўлада, што гэта растыражавала, ня ведае, што робіць...”

Такім было ўражаньне спадара Міхарскага. А ўжо зь Менску я зьвязаўся-такі з самым, так бы мовіць, рэйтынгавым ды сумленным у вачох бабулек “новым ліхачоўцам” — трэнэрам зборнай Беларусі па гандболе Спартаком Мірановічам. Дарэчы, пры ягоным кіраўніцтве беларуская зборная стала чэмпіёнам Алімпіяды ў Сэуле. Ліхачоўскія ж справы яго цікавяць хіба што апасродкавана.

(Карэспандэнт: ) “Спартак Пятровіч, што для вас Ліхачы — магчымасьць адпачыць ці…”

(Мірановіч: ) “Так, гэта ў мяне адпачынак. А што рабіць? Такіх тысячы вёсак у нас. Камусьці заўжды будзе нязручна. Я ў тых справах ня ўдзельнічаю. Каму трэба — зоймуцца…”

Мне адразу згадаліся вялікія сумневы мясцовых бабулек наконт апошняга. Між іншым, ходзяць упартыя чуткі, што на адной з пляцовак будаўніцтва пачаў нехта з атачэньня Аляксандра Лукашэнкі.

(Ванда: ) “Будуюцца адзін на адным, у дрыгву лезуць…”

Чорны ручай, што каля Ліхачоў, паводле легенды, названы так з-за таго, што некалі патанула ў ім цыганскае дзіця і дагэтуль дасылае навакольным мясьцінам праклёны. Ва ўсялякім разе, не выпадала тут шчасьця тутэйшым. У 1937-м, калі за кілямэтар ад вёскі пралягала мяжа паміж Усходняй ды Заходняй Беларусьсю, месьцічы — усе да аднаго — былі выселеныя НКВД як кулакі. Нягледзячы на тое, што зьяўляліся калгасьнікамі гаспадаркі “Чырвоны Захад”. На іх месца засялілі, як кажуць, сваіх, правераных людзей. Згадвае спадарыня Раманоўская:

(Алена: ) “У нас, калі было памежжа, ніхто не замыкаў ані гумна, ані дамоў. У нас лішні ніхто не хістаўся — калі заўважылі, мусілі паведаміць у пагранатрад. Расказвалі, як прыходзілі ўцекачы з Заходняй Беларусі, мужчыны, прасілі хоць бы жаночага адзеньня. Расказвалі, быў дрот на паласе і, калі хто, зьвінеў. А ўцекачы скарыстоўвалі “кароўі ногі” — а тут жа ўзараная паласа была, я памятаю, бярэзьнік такі беленькі. Потым, у вайну, каторыя былі выселеныя НКВД, прыехалі, ужо нас гналі да сьценкі…”

(Карэспандэнт: ) “А Ліхачы заможная вёска была?”

(Алена: ) “Ай, пясок…То мароз замарозіць, то сонца сьпячэ…”

Пасьля другой усясьветнай, аж да памянёных 1990-х, ліхачоўцы працавалі ў саўгасе імя Ўльянава. Непаразуменьні, скажам так, і пачаліся, калі сюды прыйшлі, як тыя казалі, новыя ліхачоўцы зь іх вялікімі грашыма. У нашых бабулек забралі ранейшыя прысядзібныя ўчасткі. Расказваюць 87-гадовая спадарыня Соф’я ды наймаладзейшая 79-гадовая спадарыня Ванда Сабалеўскія.

(Ванда: ) “Даляры, усё даляры… Сын едзе да нас, глядзіць, колікі ўжо паўбіваныя…”

(Соф’я: ) “Патэлефанавала ў сельсавет — аказваецца, ранейшы старшыня перадаў ад нас, ёсьць і дакумэнты. Цяперашнія ж ня супраць — выбірайце любы іншы ўчастак…”

(Ванда: ) “Дадуць дзірвана — нашто ён мне?!”

Прысядзібныя ўчасткі нашых гераіняў самачынна перадаў будучым новым ліхачоўцам былы старшыня саўгасу. Канцоў сёньня не знайсьці, бо саўгас хутка быў расфармаваны, і Ліхачы цяпер частка прысядзібнай жа гаспадаркі Менскага шарыкападшыпнікавага заводу. Тым ня менш, па камэнтары я зьвярнуўся да старшыні Гараньскага сельсавету Ўладзімера Мікалаевіча Кульбіцкага.

(Кульбіцкі: ) “Ну, так і было. Бабка садзіла бульбу, пасьля ўзімку мне патэлефанавала — хтосьці там колышкі забівае. Паднялі паперы — аказалася, чатыры гады таму гэты ўчастак быў выдзелены пад будаўніцтва жылога дому”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта сапраўды незаконна?”

(Кульбіцкі: ) “Ну чаму незаконна. Разумееце, як раней рабілася — зямля ёсьць, чалавеку трэба 15 сотак, во тут нармальна-нармальна. Людзі нават не плацілі за зямлю. Цяпер патрабуецца заяву напісаць, выехаць на ўчастак, па карце зрабіць адвод зямлі. Чалавек, калі выдзелілі, мусіць паехаць у Белгіпразем, зрабіць акт на зямлю — альбо ў пажыцьцёвае валоданьне, альбо ў прыватную ўласнасьць — на выбар чалавека. Бабулькі гэтага не зрабілі, і ім не было нават рашэньня аб выдзяленьні”.

Ізноў слова сёстрам Сабалеўскім.

(Соф’я: ) “І засталіся мы на бабах. Зараз, каб прыйшлося дзе каня ўзяць, ці, памёр чалавек, машыну — мы ня ведаем дзе, таму што мы ні да каго не адносімся”.

(Ванда: ) “Тут і каровы, і авечкі былі. Я трымала карову. Паразбудоўваліся вакол, нельга дзе прывязаць, насіся з гэтым ланцугом. Ну ўжо і сіл няма — я прадала… Дажываем… Тут раней было пазасявана ўсюды. Каб яны ўжо што-небудзь сеялі, вырошчвалі, дык не! Шкода гэтай зямлі, а так яно ўсё ляжыць аблогамі…”

(Соф’я: ) “Тут надта аўра, клімат харошыя, вакол лес, рэчка, прырода… Тут адзін лазьню пабудаваў, прыяжджаюць — ён зарабляе. Нашы ўнукі прыедуць, пойдуць, расказваюць: ай, бабушка, там цёці, дзядзі голыя. Кажу, хоць бы загарадзіў ад дарогі — чуда цэлае, што зрабілася! Дык каб мой муж падняўся, ён памёр у 1979-м, быў такі сельскі працаўнік, каваль, пабачыў, што яны зрабілі зь зямлёй, дык ня дай божа!”

Размова хутка пераходзіць на палітыку.

(Соф’я: ) “Яны ня любяць, а я гавару — во няма, кажу, Сталіна!” (Сьмяецца.)

(Карэспандэнт: ) “А што, ад Лукашэнкі толку няма?”

(Соф’я: ) “У нас ворагаў столькі пасьля вайны не было, колькі ў яго! Я яшчэ бачыла Лукашэнку ў газэце перад выбарамі, як ён стаяў, кішэні вывернуўшы парваныя, і на яго ўсяляк пісалі. Я казала: за гэтага буду галасаваць?! Ён, як выступае, сіпаты, крычыць…”

Калі паміраў муж спадарыні Алены Раманоўскай, дык папрасіў — абяцай, што пражывеш на гэтай зямлі пасьля мяне прынамсі дзесяць гадоў. У гэтым жніўні спаўняецца роўна дваццаць…

(Карэспандэнт: ) “Вы ліхачом адчуваеце сябе яшчэ?”

(Алена: ) “Трэба ж трымацца!”
XS
SM
MD
LG