Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка загадаў працаваць на айчынных камбайнах – ці згодны калгасы?


Казімер Яноўскі, Гомельскі раён На сэлектарнай нарадзе па хадзе жніва Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад вытворчага аб''яднаньня “Гомсельмаш” у найбліжэйшы час вырабіць і перадаць вёсцы 200 камбайнаў – у дадатак да выпушчаных 700. Яшчэ 100 збожжаўборачных машын павінна вырабіць прадпрыемства “Лідааграмаш”. Аднак у асяродку гаспадарнікаў нярэдка гучаць патрабаваньні забясьпечваць іх імпартовымі камбайнамі. Як вяскоўцы ставяцца да айчыннай і замежнай збожжаўборачнай тэхнікі? Гэта высьвятляў наш гомельскі карэспандэнт.

Мне па-журналісцку пашанцавала: на ячменным полі сельгаскаапэратыву імя Ўрыцкага Гомельскага раёну сабралася паўдзесятка камбайнаў. Сярод іх – нямецкі камбайн NDW-524, гомсельмашаўскі КЗС-7 і некалькі расейскіх “Донаў”.

Мэханізатары не працавалі, гулялі ў карты і слухалі з прымача песьні, а потым і прамову Аляксандра Лукашэнкі на сэлектарнай нарадзе. Гэтак бавілі час, пакуль ячмень падсохне пасьля ўчарашняга дажджу.

Цікаўлюся ў камбайнэра Сяргея Баханькова, які працуе на старым нямецкім камбайне "NDW", наколькі задавальняе яго машына:

(Баханькоў: ) “Дзевяць сэзонаў адпрацаваў, запчастак на яго ўжо зусім няма. Лепей, канечне, камбайн “Клаас”. Во то машына! Прыганялі да нас яе. Разумная тэхніка. І зроблена прыгожа”.

Кіраўнік вытворчага ўчастка Павел Піліпейка распавядае, што стары нямецкі камбайн "NDW" выручае калгас:

(Піліпейка: ) “Вось гэты камбайн увесь час выручаў нас на ўборцы рапсу. Нашымі камбайнамі абмалаціць яго якасна нельга. У “немца” ж ёсьць прыстасаваньне, і жняярка добрая. Ён практычна адзін убіраў у нас рапс”.

Мэханізатар Мікалай Якуш выказвае свае меркаваньне пра камбайн "КЗС-7" вытворчасьці аб''яднаньня “Гомсельмаш”:

(Якуш: ) “Камбайн нібы дзіцячы, працаваць ім толькі на прысядзібных участках – разварочвацца добра. А ў астатнім – недаробкі. Шмат недаробак. Прыёмная камэра надта вузкая. Вялікая нагрузка на камбайн, і ён не пасьпявае ўсе перапрацаваць”.

У рэгіёне з наяўных 2100 камбайнаў 1350, альбо 64%, маюць больш як 10-гадовы ўзрост. Начальнік аддзелу мэханізацыі "Аблсельгасхарчу" Віктар Парадзін лічыць, што дзеля забесьпячэньня хуткага жніва зношаныя камбайны трэба замяніць на новыя. Многія гаспадарнікі хацелі б мець замежную тэхніку:

(Парадзін: ) “Імпартная тэхніка ў параўнаньні з айчыннай – гэта неба і зямля. Мінская вобласьць за кошт крэдытаў банкаў купляе яе. На сэлектарнай нарадзе іхні губэрнатар агучыў, што вобласьць купляе 190 “Донаў” і 150 – “Клаасаў”. Гэта ж ого-го! У нас жа свой завод “Гомсельмаш”. Ну як мы свой завод кінем?! Тут жа палітыка”.

Да жніва калгасы і саўгасы рэгіёну атрымалі 120 новых збожжаўборачных камбайнаў “Гомсельмашу”. Яшчэ 30 будуць пастаўлены ў бліжэйшы час. Імпартовых камбайнаў нямецкай фірмы “Клаас” вобласьць купіла сёлета толькі два, і то ня дзеля жніва:

(Парадзін: ) “Купілі толькі два камбайны для “Гомсельмашу”, каб яны распрацавалі новыя высокапрадукцыйныя свае камбайны. Дзеля працы ў гаспадарках ніводнай імпартнай машыны не купілі”.
XS
SM
MD
LG