Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэрка ў Гомелі дамаглася частковай перамогі (абноўлены)


Казімер Яноўскі, Гомель Сёньня ў Цэнтральным судзе Гомеля дырэкцыя абласнога краязнаўчага музэю падпісала пагадненьне з актывісткай грамадзкага руху “Разам”, былой супрацоўніцай музэю Марыяй Багдановіч. Дырэкцыя Гомельскага краязнаўчага музэю пагадзілася сплаціць звольненай актывістцы грамадзкага руху Марыі Багдановіч двухмесячную кампэнсацыю за вымушаны прагул.

Марыя Багдановіч аспрэчвала ў судзе вымову і загад дырэктара музэю Аляксандра Алейніка на сваё звальненьне. Актывістка лічыць, што адміністрацыя перасьледвала яе, гэтаксама як і дэпутата гарсавету Юрася Глушакова, менавіта за грамадзкую дзейнасьць, а не за службовыя недаробкі.

Чаму спадарыня Багдановіч ўрэшце дала згоду на міравое пагадненьне:

(Багдановіч: ) “Дырэкцыя сплаціць мне двухмесячную кампэнсацыю за вымушаны прагул і зьменіць запіс у працоўнай кніжцы. Я буду звольнена не за сыстэматычнае ня выкананьне абавязкаў, а паводле пагадненьня бакоў. Па-другое, судзьдзя на першым жа судовым паседжаньні разам з пракурорам разабраліся, што атмасфэра ў музэі вельмі нездаровая. Новы дырэктар сапраўды стварыў атмасфэру недаверу і падазронасьці. Працаваць у такіх умовах вельмі цяжка, і няма сэнсу дамагацца аднаўленьня на працы”.

Дырэктар музэю Аляксандр Алейнік сёньня ў судзе не прысутнічаў – ён у адпачынку. Пагадненьне ад імя музэю па даверчым лісьце падпісаў Валер Дамасканаў.

(Дамасканаў: ) “Мы зрабілі ўсё, як трэба. Лічу, што мы выйгралі. Нэрвы ніхто нікому трапаць ня будзе, бо гэта глупства”.

За разглядам позвы ў судзе спадарыні Багдановіч да дырэкцыі музэю назіраў юрыст рэгіянальнага аддзяленьня БХК Аляксандр Ляшкоў.

(Ляшкоў: ) “Лічу, што гэта перамога Марыі Багдановіч. Яна абараніла сябе, свае правы. Тыя структуры, якія наймалі дырэктара, што прадстаўляў бок адказчыка, я думаю, зробяць высновы адносна ягонага прафэсіяналізму як кіраўніка і чалавека, які займаецца музэйнай справай”.

Раней ў судзе аспрэчыў адно з пакараньняў старшы супрацоўнік музэю, дэпутат гарсавету Юрась Глушакоў. Другое пакараньне, вымову, дырэктар Алейнік адмяніў сам, не чакаючы чарговага судовага разьбіральніцтва.
XS
SM
MD
LG