Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польска-беларускі канфлікт у фокусе міжнароднай прэсы


Юрась Бушлякоў, Прага “Лукашэнка бярэ курс на канфрантацыю”, “Стасункі між Варшаваю й Менскам завастраюцца”, “Польшча займае жорсткую пазыцыю ў адносінах да апошняга дыктатара Эўропы” – пад такімі й падобнымі да іх загалоўкамі ўсясьветная прэса камэнтуе сёньня эскаляцыю напружаньня ў беларуска-польскіх дачыненьнях. З аглядам публікацыяў замежнага друку – наш карэспандэнт.

“Беспасярэдні прадмет палемікі – сытуацыя вакол Саюзу палякаў Беларусі, аднак у шырэйшым пляне канфлікт вынікае з Лукашэнкавага імкненьня да палітычнага выжываньня”, – піша брытанская “Guardian”. “Палітычна Лукашэнка цалкам залежыць ад Масквы, але пры гэтым апынуўся ў атачэньні лідэраў Польшчы, Украіны, балтыйскіх дзяржаваў, у атачэньні лідэраў, якія хочуць яго пазбавіцца”, – зазначаюць аглядальнікі “Guardian”.

“Не мінулася й году пасьля выбараў у Беларусі, а апошняя дыктатарская краіна Эўропы на чале з прэзыдэнтам Лукашэнкам пачала ўсё болей дрэйфаваць у бок ізаляцыі”, – піша аўстрыйская “Der Standard”. Паводле газэты, “апошнім часам Лукашэнка ў змаганьні з заходнімі ўплывамі бярэ на прыцэл у першую чаргу польскую меншыню”.

Француская “Le Figaro” называе Беларусь апошняй эўрапейскай краінаю, якая жыве паводле запаветаў Сталіна. “Аднак Аляксандру Лукашэнку, дыктатару, якога дэ-факта не прымаюць ні Эўропе, ні ў ЗША, напляваць на крытыку, пагатоў яна не даходзіць да вушэй яго грамадзянаў”, – канстатуе карэспандэнт францускай газэты. “Вядома, многія людзі тут здаюцца шчасьлівымі. Але яны не ўсьведамляюць, што ж адбываецца напраўду. Яны жывуць у поўнай ізаляцыі ад навакольнага сьвету”, – цытуе “Le Figaro” кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага.

“Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца яўна не ў сваёй талерцы, – выказвае меркаваньне аглядальнік расейскай газэты “Коммерсантъ”, – іначай як вытлумачыць усе гэтыя сутаргавыя рухі апошніх дзён з камічнай дэманстрацыяй сілы беларускага спэцназу ў будынку Саюзу палякаў і шматлікія рэзкія заявы беларускага бацькі, у якіх дасталося і сваім, і чужым – ад амэрыканскага прэзыдэнта Буша да расейскага пасла Аяцкава”. На думку аглядальніка расейскай газэты, “глеба, на якой ужо столькі гадоў “трывала стаіць” Лукашэнка, паступова размываецца”. “У барацьбе за выжываньне свайго рэжыму, – піша “Коммерсантъ”, – беларускі рэжым, мяркуючы з усяго, надумаў зрабіць галоўную стаўку не на вонкавыя сілы, а на ўнутраныя рэзэрвы”. “Як вядома, няма лепшага спосабу аб’яднаць нацыю, як абвясьціць пра тое, што бацькаўшчына ў небясьпецы, што вакол ворагі й незычліўцы. І ёсьць толькі адзін чалавек, здатны вытрымаць удар. Але яму трэба ў гэтым памагчы. Памагчы ўсенародна”, – падагульняе аглядальнік расейскага выданьня.
XS
SM
MD
LG