Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь усё болей дрэйфуе ў бок ізаляцыі”


Алена Струвэ, Менск “Польска-беларускія дачыненьні ўскладніліся да крытычнай адзнакі”. “Эўразьвяз занепакоены сытуацыяй і зьбіраецца накіраваць беларускаму аб’яднаньню палякаў сыгнал падтрымкі” — паведамляюць вядучыя нямецкамоўныя СМІ — агенцтва DPA, газэты “Frankfurter Rundschau”, “Merkur”, “Der Standard”.

Адкліканьне Варшавай свайго амбасадара зь Менску ёсьць адной з галоўных тэмаў у сёньняшнім нямецкамоўным друку. Аўтары публікацыяў называюць галоўныя прычыны, паводле якіх польскае МЗС прыняло падобнае рашэньне: апошнія захопы АМОНам рэзыдэнцыі Саюзу палякаў у Горадні, затрыманьне лідэраў гэтай арганізацыі ды польскіх журналістаў.

“Frankfurter Rundschau” у артыкуле “Эўразьвяз выказвае заклапочанасьць ў зьвязку з польска-беларускім крызісам” піша: “Ад пачатку свайго кіраваньня ў 1994 годзе Лукашэнка робіць усё, каб апазыцыя замоўкла назаўсёды, прафсаюзы былі зьліквідаваныя, а незалежнай прэсы ўвогуле б не існавала”. Паводле выданьня, за этнічныя меншасьці ўлады рашуча ўзяліся пасьля таго, як сёлета ў сакавіку Саюз палякаў Беларусі выказаў недавер фаварыту Лукашэнкі — экс-старшыню арганізацыі Тадэвушу Кручкоўскаму. З таго часу новае кіраўніцтва Саюзу стала для рэжыму бяльмом на воку.

“Лукашэнка ня хоча губляць часу, каб зноў трымаць пад кантролем Саюз палякаў Беларусі, — піша нямецкі “Mеrkur”. — У той час як беларуская тэлевізія паказвала гэтак званае выключэньне з арганізацыі яе сапраўднай старшыні Анжалікі Борыс, пад прыкрыцьцём міліцыянтаў у будынак увялі адхіленага зьездам Тадэвуша Кручкоўскага. Гэты момант, аднак, застаўся за кадрам, як і пратэсты абураных сяброў арганізацыі ля свайго будынку, іхныя крыкі “Здраднік! Здраднік!”

Як піша аўстрыйскі “Der Standard”, Лукашэнка ўжо працяглы час абвінавачвае польскую меншасьць у варожай дзейнасьці. Прычына вядомая: гэтая краіна падтрымала аранжавую рэвалюцыю ва Ўкраіне. Выкарыстоўваючы самыя розныя мэханізмы, у тым ліку і фінансавыя, рэжым прымусіў замоўкнуць журналістаў выданьня польскай меншасьці. Разгорнутая антыпольская кампанія прывяла да забойства лідэркі суполкі палякаў у Ракаве Юзэфы Вараксы.

Аднак Лукашэнка абураны ня толькі беларуска-польскім канфліктам, але і стаўленьнем сваіх заступнікаў з Масквы. Беларускага кіраўніка глыбока пакрыўдзілі выказваньні на ягоны адрас з боку новага расейскага амбасадара Аяцкава, у выніку чаго прыезд апошняга ў Менск быў адкладзены, піша “Der Standard”.

Нямецкія выданьні прыводзяць таксама і рэакцыю Брусэлю на крызіс у беларуска-польскіх дачыненьнях. Як перадае агенцтва DPA, кіраўніцтва Эўразьвязу заявіла пра сваю глыбокую заклапочанасьць і намер сачыць за разьвіцьцём падзеяў. Паводле DPA, “Эўразьвяз вельмі зацікаўлены ў дэмакратычнай і стабільнай Беларусі”. У гэтым зьвязку “абарона меншасьцяў ёсьць вельмі важнай”. Як заявіў журналістам камісар Амадэў Тардыё, “апошнія эпізоды адбываюцца на тле ўсё больш жорсткіх рэпрэсіяў у дачыненьні да палітычных партыяў, няўрадавых арганізацыяў, а таксама незалежных СМІ ў Беларусі”.

Як перадае нямецкае інфармацыйнае агенцтва, “Брусэль запатрабаваў ад беларускага ўраду дзейнічаць у адпаведнасьці з нормамі АБСЭ. Эўразьвяз зьбіраецца накіраваць польскай меншасьці ў Беларусі сыгнал падтрымкі, аказаць дапамогу польскай меншасьці. Ня выключана, што разглядам гэтага пытаньня эўрапейскія міністры замежных справаў зоймуцца ў часе сустрэчы 1—2 верасьня, перадае DPA.
XS
SM
MD
LG