Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэфіцыт імпартных цыгарэт – міністэрства просіць павысіць квоты


Юлія Шарова, Менск Ня так даўно яе падвышалі і давялі да 2 мільярдаў, хоць сёлета плянавалася завезьці ня болей як 1,5 мільярда штук. Але дарагіх замежных цыгарэтаў усё адно бракуе. Прадукцыяй айчынных вытворцаў іх пакуль замяніць немагчыма. Міністэрства гандлю зьвярнулася ва ўрад з прапановай зноў павялічыць квоту на імпарт цыгарэтаў яшчэ на 500 мільёнаў адзінак.

Паводле ацэнак спэцыялістаў Міністэрства гандлю, агульная патрэба беларускага рынку ў цыгарэтах сягае 16,5 мільярда штук штогод. Айчынныя вытворцы тытунёвых вырабаў (фірма “Тытунь-Інвэст” і гарадзенская фабрыка) могуць выпускаць да 22 мільярдаў цыгарэт, аднак далёка ня ўся іхная прадукцыя будзе запатрабаваная. Дарагіх цыгарэтаў адпаведнай якасьці беларускія вытворцы не прадукуюць, іх трэба завозіць з-за мяжы.

Сёлетняе значнае зьніжэньне квоты на імпарт цыгарэтаў у Міністэрстве гандлю патлумачылі тым, што на айчынных прадпрыемствах пачалі выпускаць імпартазамяшчальную прадукцыю. Напрыклад, тры новыя маркі цыгарэтаў — “Менск-залаты”, “Прэм’ер-люкс” і “Магнат-люкс”. Такая прадукцыя павінна цаной і якасьцю канкураваць з маркамі кшталту “L&M” і “West”, імпарт якіх ад 1 ліпеня спынены.

Яшчэ адзін кірунак — гэта наладжваньне выпуску ліцэнзійных цыгарэтаў на беларускіх фабрыках. Квоты ўвесь час зьніжаюцца менавіта дзеля таго, каб заахвоціць да гэтай справы замежныя кампаніі. Кажа намесьнік міністра гандлю Ўладзімер Ермаловіч:

(Ермаловіч: ) “Зьвярніце ўвагу на структуру паступленьня сюды імпартных, як вы іх называеце, цыгарэтаў. Усе гэтыя цыгарэты расейскія. Няма ніякай праблемы выпускаць на гарадзенскай фабрыцы вядомыя брэнды. Ня стала “L&M” — будуць іншыя цыгарэты”.

На сёньня фірма “Тытунь-Інвэст” ужо выпускае ліцэнзійныя “Монтэ-Карла” і “Магну”. А прадстаўнікі кампаніі “Філіп Морыс” вядуць перамовы з гарадзенскай фабрыкай. Праўда, невядома пакуль, цыгарэты якой маркі там будуць выпускаць, кажа намесьнік генэральнага дырэктара фабрыкі “Нёман” Анатоль Жыжанкоў. Гэта павінны быць цыгарэты коштам вышэйшыя за 1000 рублёў за пачак.

(Жыжанкоў: ) “Калі мы пускаем на рынак чужую кампанію, дык лепей нам выпускаць і прадаваць сумесна зь імі. У нас ня будзе прастою абсталяваньня, будзе загрузка магутнасьцяў. Аддача ад гэтай цыгарэты, якую мы выпусьцім, будзе для эканомікі Беларусі большай, чым калі мы яе папросту прывязем сюды”.

Гэтым шляхам у свой час пайшлі Ўкраіна і Расея, адкуль у Беларусь і прывозяць цыгарэты ўсясьветнавядомых марак, тлумачыць спадар Жыжанкоў.

Міністэрства эканомікі крыху іначай глядзіць на праблему. Паводле міністра Мікалая Зайчанкі, квоту на імпарт цыгарэтаў трэба не зьмяншаць, а рабіць аптымальнай. У той жа час замена імпартных тытунёвых вырабаў на айчынныя маркі, няхай нават высакаякасны, вялікага эканамічнага плёну ня дасьць, лічыць міністар.

(Зайчанка: ) “Чалавек, які паліць “Мальбара”, ужо ня будзе набываць такія ж цыгарэты, перакладзеныя ў іншы пачак. Бо ёсьць пэўны імідж ды іншыя рэчы”.

Таму выпуск ліцэнзійных цыгарэтаў Мікалай Зайчанка лічыць пэрспэктыўным. Гэтую думку падзяляюць і супрацоўніцы адной з прыватных крамаў. Паводле ўмоваў ліцэнзіі на гандаль тытунёвымі вырабамі, яны вымушаныя прадаваць ня менш за 18 найменьняў айчынных цыгарэт, а прадаюцца яны кепска, разважаюць мае суразмоўніцы.

(Гандлярка: ) “Канечне, лепей за усё імпартныя ідуць. Затым ідзе “Тытунь-Інвэст”, іхная прадукцыя. А гарадзенскія вельмі слаба. Рэдка хто іх паліць. Там вельмі шмат усялякіх смолаў і нікатыну”.

(Другая гандлярка: ) “Некаторыя нават кажуць: мы лепей кінем паліць, чым будзем паліць гэта”.

Да таго ж, дзяржава іншым шляхам абмяжоўвае продаж дарагіх цыгарэтаў. На 20% ад сумы, патрачанай на іхны закуп, прыватнікі павінны набраць нехадавых тавараў. А гэта робіць гандаль тытунёвымі вырабамі малапрыбытковым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG