Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка не зьбіраецца “напрошвацца ў сябры” Польшчы, Літве і Ўкраіне


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 29 ліпеня, калі прымаў даверчыя лісты новага амбасадара Літвы ў Беларусі Пятраса Вайцякунаса.

“Калі кіраўніцтва Літвы хоча нармальных стасункаў у палітычнай, дыпляматычнай сфэры, мы гатовыя да гэтага хоць заўтра. Калі не — што зробіш, мы нікому не напрошваемся ў партнэры, сябры і гэтак далей. Гэта тычыцца ня толькі Літвы, але і іншых краінаў-суседзяў — Польшчы, Украіны ды іншых дзяржаваў”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Ініцыятыва ў гэтых пытаньнях, на думку Лукашэнкі, павінна зыходзіць ад Літвы, Польшчы і Ўкраіны.

На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў заходнія краіны, у тым ліку і Літву, у падрыхтоўцы рэвалюцыі ў Беларусі.

У прэсавым рэлізе, які распаўсюдзіла з нагоды ўручэньня даверчых лістоў Пятрасам Вайцякунасам амбасада Літвы, гэтая тэматыка зусім ня згадваецца. Там цытуецца толькі наступнае выказваньне новага амбасадара: “Літва выказваецца за разьвіцьцё прагматычнага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва зь Беларусьсю, яна імкнецца зьменшыць бар’еры для перамяшчэньня людзей, тавараў. Абодва бакі дамагліся зьніжэньня кошту візаў для нашых грамадзянаў”.

Новаму кіраўніку дыпляматычнай місіі Літвы 52 гады. Ён быў сябрам так званага пераходнага, першага Вярхоўнага Савету Літоўскай Рэспублікі. Менавіта гэты парлямэнт аднаўляў незалежнасьць і сувэрэнітэт Літвы. У 1990 годзе Пятрас Вайцякунас сярод іншых дэпутатаў паставіў асабісты подпіс пад Актам аб незалежнасьці Літоўскай Рэспублікі. Перад сваім прызначэньнем у Беларусь Пятрас Вайцякунас займаў пасаду амбасадара ў асаблівых даручэньнях Міністэрства замежных справаў. А да гэтага ён працаваў амбасадарам у Латвіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG