Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі і ў Расеі ставяцца да беларуска-польскага канфлікту?


Алесь Дашчынскі, Менск Ад імя дэмакратычных партый і арганізацый вядомыя беларускія палітыкі выступілі з заявай пра падзеі вакол Саюзу палякаў Беларусі. Яны заклікалі Эўрапейскі Зьвяз да адэкватнай ацэнкі гэтай сытуацыі. Заяву падпісалі Аляксандар Бухвостаў, Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька і іншыя.

Беларускія палітыкі і грамадзкія лідэры пратэстуюць супраць гвалтоўных дзеяньняў беларускіх уладаў адносна Саюзу палякаў Беларусі. Яны патрабуюць вызваленьня затрыманых актывістаў саюзу, вываду сілавых структураў з будынку гэтай грамадзкай арганізацыі, спыненьня беспрэцэдэнтнага ўмяшаньня ўлады ва ўнутраныя справы самакіроўнага згуртаваньня.

Аўтары заявы зьвяртаюць увагу на разгортваньне небясьпечнай антыпольскай гістэрыі, спробы распаліць міжэтнічную варожасьць у Беларусі і ў суседніх дзяржавах. Паводле беларускіх палітыкаў, афіцыйны Менск перайшоў небясьпечную мяжу, за якой няма месца грамадзянскай супольнасьці, народнаму волевыяўленьню, грамадзянскаму спакою.

Паводле заявы, няма падставаў гаварыць пра “беларуска-польскі” канфлікт, ёсьць канфлікт Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэньня з уласным народам, з суседнімі дзяржавамі і з усім дэмакратычным сьветам.

(Навасяд: ) “Палякі павінны мець магчымасьць самі вырашаць свае арганізацыйныя пытаньні, у межах сваіх арганізацый, якія на сёньняшні дзень існуюць у Беларусі. Ні Мінюст, ні іншыя дзяржаўныя структуры не павінны ўмешвацца ў гэты працэс, бо як толькі яны ўмешваюцца ў гэты працэс, ён адразу становіцца палітычным”, — мяркуе былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд.

А як у Расеі ставяцца да абвастрэньня беларуска-польскага канфлікту?

Паводле сябра камітэту дзярждумы Расеі ў справах СНД і сувязяў з суайчыньнікамі Канстанціна Затуліна, у Расеі наўрад ці ўсур’ёз занепакоеныя абвастрэньнем дачыненьняў між Беларусьсю і Польшчай.

(Затулін: ) “Польшча — гэта ня лепшы сябар Расеі, каб мы адчувалі занепакоенасьць з нагоды яе адносінаў з кімсьці. У нас ёсьць свае няпростыя адносіны зь Беларусьсю, цяпер актыўна абмяркоўваюцца абставіны, пры якіх наш новы пасол у Беларусі Аяцкаў нагаварыў розных цудаў наконт Беларусі наагул і пра Лукашэнку ў прыватнасьці. Гэта прыкра. Трэба, каб Расея мела талковага пасла ў Беларусі, а не бесталковага. Я не бяруся быць судзьдзём у беларуска-польскім канфлікце, але наагул Польшча вядзе сябе зь Беларусьсю і Ўкраінай як зацікаўленая асоба, як упаўнаважаная ў амэрыканскіх справах. Мы былі сьведкамі гэтага ва Ўкраіне. У такой сытуацыі ня вельмі можна казаць пра аб’ектыўнасьць Польшчы. Яна мае свае інтарэсы, таму ўдзельнічае ў аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне і спрабуе зрабіць усё, каб ускладніць жыцьцё Лукашэнку ў Беларусі”.

Афіцыйны Менск пастаянна заяўляе, што ён узгадняе сваю замежную палітыку з Расеяй. Ці ўзгаднялася высылка дыпляматаў і дзеяньні супраць Саюзу палякаў Беларусі з расейскім бокам?

(Затулін: ) “Я ня думаю, што на самай справе Расея ўзгадняе ажно да такіх дэталяў сваю замежную палітыку зь Беларусьсю. Я ўпэўнены, што ў дадзеным выпадку ніякага ўзгадненьня не было. Рашэньне гэта прымалася Беларусьсю самастойна”.

Сябра Савету пры прэзыдэнце Расеі ў спрыяньні грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека, палітоляг Сяргей Маркаў лічыць, што Беларусь не ўзгадняла антыпольскіх дзеяньняў з Расеяй і гэта яе самастойныя дзеяньні.

(Маркаў: ) “Больш за тое, мы бачым, што Аляксандар Лукашэнка вельмі выразна настойвае на сваёй незалежнасьці ад Расеі. На сёньня Лукашэнка — гэта галоўная перашкода ўзьяднаньня расейцаў і беларусаў у адзіную дзяржаву. Апроч таго, Лукашэнка ўступіў у сварку з новым расейскім паслом, і, магчыма, яго не зацьвердзіць. Таму яму проста няма з кім праводзіць такога кшталту кансультацыі”.

Але чым небясьпечная для Расеі цяперашняя палітыка афіцыйнага Менску адносна Польшчы?

(Маркаў: ) “Несумненна, канфлікт Беларусі з Польшчай — гэта ўцягваньне Беларусі ў канфлікт з Эўразьвязам. А канфлікт Беларусі з Эўразьвязам надзвычай нявыгадны Расеі, паколькі Расею і так ужо моцна вінавацяць у тым, што яна падтрымлівае дыктатарскі рэжым Лукашэнкі. Расеі было б вельмі важна ўхіліцца ад гэтага канфлікту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG