Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Досьвед Пол Пота, Чаўшэску, беларускія аграргарадкі


Галіна Абакунчык, Менск Агляд некаторых публікацыяў у недзяржаўнай прэсе за 29-га ліпеня.

"Белорусская деловая газета" сёньня друкуе падрабязнасьці скандалу, зьвязанага з увядзеньнем часовай адміністрацыі ў “Джэм-Банку”. Гэткае рашэньне 25 ліпеня прыняў Нацыянальны банк Беларусі. Кіраўніцтва “Джэм-Банку” на гэта адрэагавала заявай, у якой у тым ліку гаворыцца, што гэта “замова з боку асобных высокапастаўленых, карумпаваных прадстаўнікоў дзяржаўнага апарату з мэтай дэстабілізацыі становішча ў рэспубліцы напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году”.

“Трыццаць гадоў таму, 1 жніўня 1975 году, у сталіцы Фінляндыі кіраўнікі 35 краінаў Эўропы, Злучаных Штатаў Амэрыкі й Канады паставілі свае подпісы пад Заключным актам Рады па бясьпецы й супрацоўніцтву ў Эўропе – РБСЭ. З 1994 году яна называецца Арганізацыяй альбо АБСЭ. У жыцьці чалавека гэта ўзрост, які адпавядае пэрыяду росквіту. Наколькі гэта справядліва для АБСЭ?” Адказ на гэтае пытаньне – яшчэ ў адным артыкуле “БДГ”.

“Ці выратуюць вяскоўцаў аграгарадкі?” – гэткае пытаньне стаіць у загалоўку аднаго з артыкулаў “Газэты Слонімскай”. “Аграгарадкі будаваў у Камбоджы бальшавік-мааіс Пол Пот. Там разбуралі ня толькі вясковую культуру й інфраструктуру, але й гарады. Пяць гадоў кіраваньня “чырвоных кхмераў” былі самымі жахлівымі. Былы прэзыдэнт Румыніі Чаўшэску таксама праводзіў “адраджэньне вёскі” у Трансыльваніі, дзе жыве вугорская меншасьць, і будаваў аграгарадкі, зьнішчаючы вугорскія вёскі. З выступленьня трансыльванскіх вугорцаў і пачалося агульнанароднае паўстаньне 1989 году” – паведамляе “Газэта Слонімская”.

Тыднёвік “Наша ніва” у сёньняшнім нумары раскрывае таямніцу перамоваў Уладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Завідаве. “Расейская палітычная эліта не губляе надзеі пры зручным зьбегу абставінаў пазбавіць Беларусь сувэрэнітэту, а Лукашэнка іграе ў гордую самаізаляцыю й працягвае нішчыць беларускую мову і ідэнтычнасьць” – піша газэта.

Яшчэ ў адным артыкуле “Нашай нівы" гаворыцца : “Прастытуцыя — гэта інстытут, аўтар якога мужчына”. Папа рымскі Бэнэдыкт XVI запатрабаваў дэлегалізацыі прастытуцыі, бо верыць, што гэта зло, якога можна пазьбягаць. “Сучасная форма рабства” — гэтак названая прастытуцыя ў ватыканскім камунікаце, які стаў падагульненьнем сымпозіюму, праведзеным пад патранатам Бэнэдыкта XVI. У згаданым камунікаце маецца таксама заклік да ўрадаў краінаў сьвету прыняць адмысловыя законы, якія караюць за наведваньне прастытутак” – паведамляе “Наша Ніва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG