Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віягра выходзіць на першыя месцы папулярнасьці ў Менску


Галіна Жарко, Менск Знакамітая Віягра, прэпарат для лячэньня эрэктыльнай дысфункцыі ў мужчын, запатрабаванасьць якога звычайна дастаткова нізкая, у ліпені ўвайшла ў дзясятку лекаў, якія найчасьцей пыталіся ў сталічных аптэках.

У ліпені Віягры купілі болей, чым, напрыклад, лекаў супраць бяссоньня. Болей, чым прэпаратаў супраць хваробаў суставаў і іншых. Цікавае супадзеньне, менавіта ў ліпені сэксалягічнае аддзяленьне Цэнтру памежных станаў і псыхатэрапіі ў поўным складзе пайшло ў адпачынак, дык не ўдалося атрымаць камэнтару спэцыяліста-сэксапатоляга наконт сэзоннага ўсплёску цікавасьці да спэцыфічнага прэпарату.

Што да папулярнасьці, дык яе, відаць, дужа стрымлівае, апроч кошту, папярэджаньне, што гэтыя лекі нельга ўжываць разам з алькаголем.

Апроч таго, за адну таблетку трэба выкласьці больш за 30 тысяч. Існуе, праўда айчынны прэпарат -- “Патэнцыягра” больш танным коштам. Не ва ўсіх аптэках яго, праўда, знойдзеш.

Але, аказваецца, трэба мець мужнасьць нават на тое, каб набыць прэпарат. У аптэчнай сетцы Віягра зьявілася каля 5-ці гадоў таму. А беларусы па-ранейшаму купляюць яе з непатрэбнымі камэнтарамі. Паслухаем аптэкарку.

(Аптэкарка: ) “Я не ўсьміхаюся. Але ведаеце, гэта цэлы спэктакль. Прыходзіць мужчына... палову гадзіны разглядае паліцы. І пачынаецца... Мушу выслухаць цэлую гісторыю пра нейкага дзядулю, у якога на старасьці “крыша паехала”. Адпускаю моўчкі. Канешне, ня ўсе так. Некаторыя проста называюць кошт, і кажуць -- Віягра. Без усялякіх камэнтароў. . Дробязь, але нейкая павага ўзьнікае”.

Паводле дадзеных ЗША, кожны другі мужчына пасьля 30-ці сутыкаўся з няўдачаю – меў праблемы з эрэкцыяй.

У Вялікай Брытаніі Нацыянальная сыстэма аховы здароўя плянуе аплочваць нармаваны прыём Віягры тым пацыентам, імпатэнцыя якіх, паводле меркаваньня дактароў, аказвае нэгатыўны ўплыў на псыхіку.

Дарэчы дасьледаваньні паказалі, што прэпараты, якія падвышаюць патэнцыю, могуць выклікаць сьлепату. У ЗША афіцыйна зарэгістравана 43 выпадкі страты зроку у мужчын, якія прымалі прэпараты ад імпатэнцыі. І айчынную «Патэнцагру», і «Віягру» ня варта прымаць людзям з сардэчнымі хваробамі.

Тым часам ня варта пакідаць без увагі і дасьледаваньні супрацоўнікаў Гамбурскага ўнівэрсытэта. Яны ўстанавілі, што рэгулярнае палавое жыцьцё актывізуе працу шэрага рэчыва галаўнога мозгу. Чалавек робіцца разумнейшы.

Спэцыялісты назвалі Віягру таблеткай узаемаразуменьня. Прэпарат ператварыў праблему парушэньня эрэкцыі з тайнага пароку ў адну з тэмаў, якія абмяркоўваюць.
XS
SM
MD
LG