Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рок-фэст на беразе Дзьвіны -- беларускі Вудстак?


Вінцэсь Мудроў, Полацак Сёньня, 29 ліпеня, у ваколіцах Полацку мусіць пачацца моладзевы рок-фэст, на які запрошаныя 28 рок-гуртоў, у тым ліку й знакамітая “Крама”. Фэст ладзіцца ўжо ня першы год, і ягоныя арганізатары плянуюць ператварыць яго ў беларускі Вудстак.

Адразу заўважым, што летась музычны фэст у Лучна быў сарваны полацкімі раённымі ўладамі, якія не далі дазволу на яго правядзеньне. Цяпер жа адпаведны дазвол быў дадзены, і сёньня ў абед дзьвінскія навакольлі скалануць гітарныя акорды. Музычная імпрэза будзе ладзіцца два дні і дзве ночы на беразе Дзьвіны, ля вёскі Лучна, што ў 12 кілямэтрах ад Полацку. Апроч мясцовых рок-гуртоў запрошаныя таксама калектывы зь Менску, Віцебску, Берасьця ды іншых гарадоў. Весьці канцэрты будуць 11 ды-джэяў. Тэхнічны абсталюнак імпрэзы вытрыманы на сучасным узроўні: будзе працаваць аўтаномная электроўня, да паслугаў гледачоў шырокафарматны відэаэкран, біяпрыбіральні ды іншыя зручнасьці. Заўважу таксама, што арганізатары імпрэзы выступаюць супраць алькагалізацыі моладзі, і нецьвярозыя гледачы будуць з фэсту выдаляцца.

Ідэя арганізацыі падобнага мерапрыемства належыць кіраўніку наваполацкага рок-гурту “Ozon” Міколу Буслаеву.

(Буслаеў:) “Сёлетняя музычная імпрэза ў Лучна ўжо пятая па ліку. Мы не хаваем сваіх плянаў ператварыць яе ў агульнанацыянальны рок-фэст, у своеасаблівы беларускі Вудстак. Пра цяжкасьці, зьвязаныя з арганізацыяй мерапрыемства, я казаць ня буду. Скажу толькі, што нам пашанцавала з генэральным спонсарам. Гэта вытворчая фірма “Белсплат”. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць кіраўніцтву фірмы, а таксама ўсім тым, хто дапамог нам арганізаваць музычны фэст”.

У слухачоў нашага радыё можа ўзьнікнуць пытаньне: чаму рок-фэст ладзіцца ў 12 кілямэтраў ад Полацку? Гэта ж стварае дадатковыя праблемы для яго ўдзельнікаў. Вось што сказаў нам з гэтай нагоды Мікола Буслаеў:

(Буслаеў:) “Я добра ведаю полацкія ваколіцы, а таму магу сказаць, што дзьвінскі бераг ля вёскі Лучна – самая прыгожая мясьціна Полаччыны. Нездарма тут, як сьведчаць праведзеныя раскопкі, здаўна жылі людзі. Гэтым і тлумачыцца наш выбар”.

На Дзьвіне, якраз ля Лучна, зьбіраюцца будаваць гідраэлектрастанцыю. І хаця арганізатары імпрэзы пра гэта ў адкрытую ня кажуць, тым ня менш, яны хочуць зьвярнуць увагу грамадзкасьці на экалягічныя праблемы, якія паўстануць у зьвязку з будаўніцтвам згаданага аб’екту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG