Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталіцкі Менск


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 28 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае Сяргей Харэўскі.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Тое, што Менск, як і Рым, стаіць на сямі пагорках, было вельмі пашыранай мэтафарай у 19 стагодзьдзі, ажно датуль, пакуль яе не пачалі высьмейваць віленчукі і варшавякі. Аднак у гэтай мэтафары быў свой глыбінны сэнс, які таксама губляецца для сучаснасьці. Многія дасьледчыкі цьвердзяць, што Менск да пачатку 19 стагодзьдзя і насамрэч паўстаў і сфармаваўся як каталіцкая сталіца краю. Ці сапраўды гэта так?”

(Сяргей Харэўскі: ) “Так. У адрозьненьне ад Магілёва ці нават Вільні ўплыў тут праваслаўнай традыцыі быў мінімальным. Яшчэ ў 1387 годзе Ягайла фундаваў пабудову на Траецкай гары Фарнага касьцёлу Сьвятой Тройцы. Ад яго было названае і прадмесьце. Фактычна Менск стаў адным з апорных пунктаў “хросту Літвы”. Усьлед за ім былі навернутыя на каталіцызм недахрышчаныя рэшткі балцкага насельніцтва ў ваколіцах пераважна на цяперашняй Койданаўшчыне ды Лагойшчыне, дзе паўсталі рымскія касьцёлы”.

(Ракіцкі: ) “Але ў маштабах нават тагачаснага гораду адзін касьцёл — гэта яшчэ не падстава, каб гаварыць пра Менск як каталіцкую сталіцу краю. Калі ж адбыліся сур’ёзныя зрухі ў бок татальнага акаталічваньня?”

(Харэўскі: ) “Падчас войнаў з Маскоўскай дзяржавай ад 1648 да 1667 году Менск шматкроць быў моцна разбураны і выпалены. Гэта была сапраўдная катастрофа. Насельніцтва гораду ў 1667 годзе складала ўсяго каля 2000 чалавек. Тым ня менш, ён хутка разбудоўваўся. Натуральна, несупынныя дэмаграфічныя страты кампэнсаваліся за кошт унутранай міграцыі ў межах Рэчы Паспалітай. Менск мусіў зьмяніцца непазнавальна і паводле звычаяў, і паводле мовы, а таксама веры. Такім чынам, да акаталічваньня і палянізацыі Менску непасрэдным чынам спрычынілася Маскоўшчына. Дзіва што ў 1960-я гады 19 стагодзьдзя Адам Ганоры Кіркор пісаў пра Менск у “Живописной России”: “В Минске... общий народный характер города чисто-польский. Разговорный, общеупотребимый во всех слоях общества язык — польский”.

(Ракіцкі: ) “Ня будзем вінаваціць Кіркора ў неаб’ектыўнасьці, тым больш некампэтэнтнасьці. Каму-каму, а яму сытуацыя была дасканала вядомая. Пра польскую мову ў дварах нават перадваеннага Менску піша ў сваіх успамінах і Валянцін Тарас. То бок, традыцыя менскае пальшчызны датрывала фактычна да нашых дзён. Але ці варта атаесамляць тутэйшы каталіцызм з пальшчызнаю?”

(Харэўскі: ) “Натуральна не. Сярод прыбышоў-мніхаў і сьвятароў было багата і немцаў, і італьянцаў, а ўрэшце і беларусаў. Пасьля шматразовага зьнішчэньня Менск канчаткова перамясьціўся на гару Высокага рынку і стаў горадам. Тутака, не раўнуючы як грыбы пасьля дажджу, паўсталі шматлікія каталіцкія і ўніяцкія кляштары з касьцёламі: бэрнардынаў і бэрнардынак, базыліянаў і базыліянак, бэнэдыктынак, дамініканцаў, баніфратаў, францішканаў, езуітаў ды іншыя. Вобраз гораду стваралі ўжо шматлікія камяніцы. У 1604 годзе ў Менску зьявіліся першыя дамініканцы. Муры касьцёлу і кляштара патроху расьлі, а пераселеныя зь Вільні дамініканцы ў збудаванай на хуткую руку драўлянай капліцы адпраўлялі Божую службу. У 1605 годзе менская шляхта ў гонар перамогі над маскоўскім войскам сабрала ахвяраваньні, што атрымалі назву “капытковы збор” (паводле іншых зьвестак, мясцовая шляхта арганізавала збор у фонд на пабудову кляштара — падатак, які назвалі “капытковым”, паколькі плата бралася за правод кожнага каня праз гарадзкую браму). На гэтыя сродкі быў заснаваны дамініканскі кляштар”.

(Ракіцкі: ) “Уладзімер Дзянісаў цытуе дакумэнт 1623 году, дзе дамініканскі касьцёл вызначаецца як “нядаўна закладзены”, а таксама данясеньне сярэдзіны 17 стагодзьдзя зь Менску маскоўскага ваяводы Васіля Якаўлева, што “костел... добре велик, каменной и высок”, і што зь яго можна весьці “полковой, подошвенны и мушкетный бой”. Чым яшчэ займаліся дамініканцы?”

(Харэўскі: ) “Як і паўсюль, дамініканцы займаліся адукацыяй насельніцтва, таму і пры іх менскім асяродку дзейнічала школа. Да 1610 году рымскія каталікі мелі два касьцёлы: парафіяльны на Траецкай гары і дамініканскі на Высокім рынку. Усьлед за дамініканцамі літаральна празь якіх дваццаць гадоў у горадзе зьявіўся цэлы тузін каталіцкіх кляштараў з касьцёламі”.

(Ракіцкі: ) “Мы часта паўтараем, што за часам Рэчы Паспалітае на беларускіх землях квітнела талеранцыя. Няўжо такі хуткі рост уплыву рымска-каталіцкае царквы адбываўся дэмакратычна і лагодна? Ён быў безбалесным тады ў Менску?”

(Харэўскі: ) “Што праўда, не. Каталіцкае сьвятарства было вельмі нецярпімае да іншых. Гэтак, пры падбухторваньні езуітаў з гораду літаральна выкурвалі пратэстантаў. Двойчы спальваліся збор кальвіністаў і дом пастара. А каля 1680 году, калі ордэн езуітаў стаў яшчэ мацнейшы, кальвінскі сьвятар, які прыяжджаў з Койданава, ужо зь цяжкасьцю адпраўляў набажэнствы ў прыватным доме, баючыся нападу езуіцкіх шкаляроў. Недзе з тых часоў зьвесткі пра эвангелічную абшчыну ў Менску губляюцца. Тое самае было і з праваслаўнымі, колькасьць якіх на мяжы 17 і 18 стагодзьдзяў у Менску сталася зусім мізэрная. Засталося красамоўнае апісаньне нападу п’яное шляхты на царкву Пятра і Паўла на Нямізе. Яны ўварваліся туды на конях і стралялі па абразах. Бараніць сьвятыню не было каму. Прыкра, але гэта факты”.

(Ракіцкі: ) “Атрымліваецца, што працэс, кажучы сёньняшнім тэрмінам, “вэстэрнізацыі” Менску ня быў бяскрыўдным. А ці былі нейкія пазытыўныя моманты з таго, што горад быў прылучаны да каталіцкага сьвету?”

(Харэўскі: ) “Я ўжо згадваў школьніцтва, асьвету, якой актыўна займаліся найперш дамініканцы і езуіты. Прымаліся на вучобу за плату дзеці багатых мяшчанаў, аднак рыхтаваліся тут задарма і бедныя вучні. Пры кляштарах ствараліся бібліятэкі, найлепшай зь якіх была бібліятэка менскіх бэрнардынаў. Велізарную ролю адыграла каталіцкая царква ў станаўленьні сыстэмы аховы здароўя. Амаль пры кожным кляштары былі шпіталі. Баніфраты і рохіты займаліся лекаваньнем і даглядам хворых адмыслова. Былі таксама прытулкі для сіротаў і старых”.

(Ракіцкі: ) “А якую ролю адыграў каталіцызм у разьвіцьці дойлідзтва і мастацтва?”

(Харэўскі: ) “Менск напрыканцы 18 стагодзьдзя выглядаў цалкам заходнім горадам, пасярэдзіне якога грувасьціліся гмахі касьцёлаў, бальшыня зь якіх былі сапраўднымі шэдэўрамі архітэктуры эўрапейскага ўзроўню. У 1692 годзе, больш за 300 гадоў таму, пры езуіцкім калегіюме быў створаны школьны тэатар. Гісторыя данесла да нас назвы некаторых спэктакляў, што былі пастаўлены на езуіцкай сцэне: “Уступленьне на трон рымскага імпэратара Сэвэра”, “Пра Барыса і Глеба”, “Уладзіслаў Ягайла, кароль польскі, і разгром ім крыжакоў пад Грунвальдам”. Нічога падобнага не было на ўсход ад нашага краю”.

(Ракіцкі: ) “Выглядае, што езуіты ў Менску былі выдатнымі асьветнікамі. Яны насамрэч былі магутным ордэнам?”

(Харэўскі: ) “Так. Пра гэта сьведчыць і тое, зь якой раскошаю яны любілі ладзіць ушанаваньне патронаў свайго брацтва. Калі ў 1728 годзе Бэнэдыкт XIII абвясьціў кананізацыю сьвятых Станіслава Косткі і Алёза Ганзагі, адбыліся найпышнейшыя ўрачыстасьці ва ўсіх езуіцкіх калегіях. Праходзіла сьвята і ў Менску. Прывядзем яго апісаньне з рукапіснага летапісу езуітаў, паводле Сыракомлі:

“Перад вялікім пастом, за колькі дзён да запустаў, пад гукі размаітай музыкі і стрэлы гармат, якія дзеля гэтага прывезьлі з Слуцку, у парафіяльным касьцеле распачаў нешпар віленскі біскуп. Ксёндз з Воршы меў казаньне, у якім усхваляў езуіцкіх сьвятых. Назаўтра, пасьля імшы і казаньня ў парафіяльным касьцеле, былі ўскладзеныя на трыюмфальную павозку статуі новакананізаваных сьвятых і праз увесь горад адпраўленыя да езуітаў. Гэты картэж быў упрыгожаны жывымі агнямі, прысланымі ад гарадзкіх устаноў, яго суправаджала конная і пешая школьная моладзь з запаленымі паходнямі. За вучнямі ішло духавенства і віленскі біскуп, вылучаны ад канонікаў і пралатаў. За біскупам крочыла трыбунальская рота, а таксама шмат сэнатараў і саноўнікаў, чыноўнікаў і шляхты менскага ваяводзтва, а за імі плыў такі агромністы натоўп, што яго ледзьве маглі зьмясьціць гарадзкія вуліцы. Дастаўленых такім чынам сьвятых прывітаў у касьцеле ксёндз Жаброўскі, а біскуп Брастоўскі імшою распачаў шэраг урачыстасьцяў, што працягваліся тры дні, з казаньнямі і працэсіямі з раніцы і пасьля абеда. Усе гэтыя тры дні касьцёл быў ярка асьветлены і ўпрыгожаны, а на рынку ўвесь час грымелі гарматы і ручная зброя, без аніякай шкоды для гораду і безь небясьпекі пажару”.

Да 1750 году было завершанае будаўніцтва вялікага ансамблю калегіюму і кляштара з касьцёлам езуітаў. Сюды з Рыму была перавезеная рака з мошчамі Сьвятога Фэліцыяна, які стаў нябесным патронам Менску. У левай частцы касьцёлу была ўзьведзеная адмысловая капліца сьвятога Фэліцыяна, рыцара і пакутніка, зь целам гэтага сьвятога, якое падараваў менскі ваявода Крыштоф Завіша. У аўтары быў вялікі разьбяны крыж з Хрыстовым расьпяцьцем; пад ім срэбная труна з рэліквіямі, на ёй — пазалочаны шалом, абвіты ляўрам і пальмаю — атрыбуты сьвятога. Заўважым, што ў гэтай капліцы больш, чым у іншых месцах касьцёлу, зьбіраецца вернікаў на малітву. Сьвяты Фэліцыян стаў слынным на ўсю Беларусь і Літву. У Менск пацягнуліся шматлікія пілігрымы”.

(Ракіцкі: ) “Звычайна пілігрымы скіроўваюцца да цудадзейных абразоў. Ці былі ж такія ў менскіх каталіцкіх храмах?”

(Харэўскі: ) “Былі. У касьцёле бэрнардынак (цяперашні праваслаўны Сьвята-Духаў сабор) іх вітаў абраз Маці Божае Менскае (што і да сёньня тамсама). У касьцёле бэнэдыктынак быў шанаваны абраз сьвятога Войцеха, патрона касьцёлу, а таксама цудатворны абраз Панны Марыі зь Дзіцем, аздоблены срэбнай шатай. Сярод астатніх абразоў сучасьнікі вылучалі тут асаблівай пашанаю абразы Сьвятых Бэнэдыкта і Схалястыкі. Свае цудадзейныя абразы былі ў касьцёлах баніфратаў, кармэлітаў, дамініканцаў...”

(Ракіцкі: ) “Дык колькі ж каталіцкіх сьвятыняў было ў Менску да падзелаў Рэчы Паспалітай?”

(Харэўскі: ) “Можна прывесьці статыстыку. А яна сьведчыць пра тое, што напрыканцы 18 стагодзьдзя (перад далучэньнем да Расеі) у горадзе меліся 11 каталіцкіх кляштараў (а ў межах сучаснага Менску — 14), фарны касьцёл на Траецкай гары, Сьвятога Роха на Залатой горцы, Узьнясеньня Сьвятога Крыжа на Кальварыі (агулам у сёньняшніх межах гораду — 7), 4 уніяцкія царквы і 3 уніяцкія манастыры і толькі адзін праваслаўны. Варта дадаць, што былі яшчэ лютаранскія, мусульманскія і асабліва шматлікія юдэйскія бажніцы. Паводле перапісу, у Менску ў 1797 годзе пражывала 5797 чалавек. Калі падзяліць колькасьць жыхароў на колькасьць сьвятыняў, то Менск, без сумневу, апярэджваў сам Рым!”

(Ракіцкі: ) “Як зьмянілася становішча каталіцкай царквы ў Менску і ваколіцах пасьля далучэньня да Расеі?”

(Харэўскі: ) “Напачатку яно тут нават палепшылася. У 1772 годзе імпэратрыца Кацярына II усталявала Беларускае біскупства, да якога, у сваю чаргу, у 1793 годзе было далучана анэксаванае Менскае ваяводзтва. Аднак, Беларускае біскупства яшчэ ў канцы 1783 году было перайменаванае ў Магілёўскую архідыяцэзію, а ў жніўні 1798 году, паводле распараджэньня імпэратара Паўла, нунцый Лаўрэнці Літа арганізаваў Менскую дыяцэзію, што яна была абвешчана 15 лістапада 1798 году булаю сьвятога айца Пія VI у межах Менскай губэрні. Тэрыторыя дыяцэзіі займала тады 78 тысяч квадратных вёрстаў у 93 парафіях. Пры гэтых парафіях меліся, апрача таго, 48 філіяльных касьцёлаў і 174 капліцы. Мужчынскіх кляштараў на момант заснаваньня дыяцэзіі было 50. Жаночых кляштараў было 10. Агулам ордэнскага сьвятарства — 425 чалавек, мнішак — 777. Першым менскім біскупам стаў вядомы пазьней Якуб Дадэрка, канонік віленскі, “удастоены міласьці” імпэратара Паўла. Ён вельмі энэргічна ўзяўся за арганізацыю касьцельнага жыцьця. Толькі ў адным 1798 годзе тут была ўтвораная Менская рымска-каталіцкая архікатэдра, адчыненая духоўная сэмінарыя, пабудаваныя касьцёлы на Кальварыі і Залатой горцы”.

(Ракіцкі: ) “Дзіва, але выглядае, што каталіцызм у Менску ад пачатку падтрымлівалі і расейскія цары…”

(Харэўскі: ) “Так, істотную дапамогу каталіцкім касьцёлам у Менску аказвалі і Кацярына ІІ, ейны сын Павал І і Аляксандар І, ахвяруючы на сьвятыні і менскую сэмінарыю грошы. Рэч у тым, што Менская губэрня ўспрымалася імі як “літоўская”, то бок, не праваслаўная, беларуская. І паводле сваіх уяўленьняў яны і дзеялі тут. Біскуп Дадэрка быў памілаваны нават пасьля адкрытага супрацоўніцтва з французамі ў 1812 годзе. Тады Менск сапраўды ўжо нагадваў Рым. На ўсіх самых высокіх пагорках, ад Кальварыі, што сымбалізавала Гальготу, на якую вяла адмысловая дарога, абсаджаная бярозамі, да Залатое горкі й Траецкай гары ўзносіліся каталіцкія сьвятыні. Нават урочышчы Менску — гэткае, як Цівалі, атрымлівалі рымскія назвы. Гэтак называлася загарадная рэзыдэнцыя рымскіх папаў. І ў тым не было аніякае іроніі. Гэты горад быў гамагенным каталіцкім асяродкам. Зрэшты, каталіцкія сьвятыні сапраўдным ружанцам атачалі і ваколіцы Менску: Заслаўе, Анопаль, Воўчкавічы, Юрэвічы, Козырава, Каралішчавічы і багата-багата яшчэ.

У сярэдзіне 19 стагодзьдзя новыя зьмены ў духоўным жыцьці Менску былі яшчэ больш катастрафічнымі за пачатак 17 стагодзьдзя. Большасьць уніяцкіх храмаў былі зачыненыя і передадзеныя праваслаўнай царкве яшчэ ў канцы 18 стагодзьдзя. Пасьля здушэньня паўстаньня 1831 году ўлады ліквідавалі 7 каталіцкіх кляштараў, рэшту зачынілі пасьля паўстаньня Каліноўскага. Менскі кляштар бэнэдыктынак быў апошнім, што царскія ўлады зьліквідавалі ў горадзе”.

(Ракіцкі: ) “Сёньня ў Менску захаваліся толькі комплексы кляштараў бэрнардынак і бэрнардынцаў, уніяцкіх манастыроў базыліянак і часткова базыліянаў, кляштар марыявітак, у якім цяпер Сувораўская вучэльня, а таксама былы касьцёл езуітаў — катэдра”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG