Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польшча адклікае свайго амбасадара (абноўлены)


Аляксей Дзікавіцкі, Менск Кіраўнік МЗС Польшчы Адам Ротфэльд заявіў, што Варшава адклікае свайго амбасадара зь Беларусі для кансультацыяў. Спадар Ротфэльд паведаміў таксама, што польскія консулы атрымалі права вызваляць беларускіх грамадзянаў ад аплатаў за візы. Пасьля таго, як учора ўвечары беларускі АМОН захапіў сядзібу Саюзу палякаў Горадні, Ротфэльд заявіў, што “беларуска-польскія дачыненьні аказаліся ў вельмі глыбокім крызысе”. Польскі бок яшчэ раз падкрэсьліў, што падтрымлівае законна абраныя ўлады СПБ на чале з Анжэлікай Борыс.

Пасьля адмысловай нарады ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы, кіраўнік польскай дыпляматыі Адам Ротфэльд заявіў, што Тадэвуш Паўляк ня вернецца ў Менск да часу, пакуль канфлікт вакол Саюзу палякаў ня будзе вырашаны.

Спадар Ротфэльд падкрэсьліў, што польскі МЗС рашуча асуджае захады беларускіх уладаў у дачыненьні да Саюзу палякаў. Польскі міністар заявіў таксама, што МЗС гэтай краіны зьвярнуўся да Эўрапейскай камісіі з заклікам падтрымаць Польшчы ў яе спробах абараніць польскую меншасьць у Беларусі.

“Эўрапейскі зьвяз прымае шэраг рашэньняў у справе Судану і Зымбабвэ. Прысьпеў час, каб справа Беларусі разглядалася побач з гэтымі справамі”, – заявіў міністар.

Адам Ротфэльд дадаў, што польскія консулы атрымалі права выдаваць беларускім грамадзянам польскія візы па ільготных коштах ці ўвогуле бясплатна ў выпадках, калі палічаць гэта патрэбным.

Між тым, прамаўляючы сёньня ў Сэйме ў часе абмеркаваньня сытуацыі, якая склалася вакол Саюзу палякаў Беларусі, намесьнік міністра ўнутраных справаў Польшчы Якуб Волські заявіў:

(Вольскі: ) “Мы і надалей лічым, што выбары кіраўніцтва Саюзу палякаў на чале са спадарыняй Борыс былі дэмакратычнымі і падтрымліваем гэтых людзей. Хачу з гэтай трыбуны заявіць, што мы прызнаем законна абранае кіраўніцтва і гэта, канешне, не падабаецца беларускім уладам, бо яны страцілі кантроль над гэтай арганізацыяй (СПБ)”.

У Сэйме некаторыя дэпутаты заклікалі да асьцярожнасьці і разважлівасьці, але ўсе былі згодныя – трэба спыніць парушэньні правоў палякаў і саміх беларусаў у Беларусі.

(Целіньскі: ) “Мне падаецца, што ў гэтай справе, як і тады, калі пачыналіся перамены ва Ўкраіне, мы павінны паказаць Эўропе, што трэба рабіць. Вельмі правільна сказаў і сьпікер Сэйму – трэба думаць ня толькі пра палякаў, але і пра беларусаў – гэта вельмі слушная заўвага”.

Заявіў дэпутат Анджэй Целіньскі. Ягоны калега, старшыня камісіі ў справах сувязяў з палякамі за мяжой Раман Гертых заклікаў да больш радыкальных крокаў.

(Гертых: ) “Я прапаную, каб урад Польшчы ўзьняў праблему польскай меншасьці ў Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН”.

Сэйм мае прыняць ухвалу ў справе сытуацыі вакол Саюзу палякаў Беларусі.

Гл. таксама • Кручкоўскі вярнуўся з дапамогай амону, правёў прэс-канфэрэнцыю
XS
SM
MD
LG