Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Касьмічнае агенцтва НАСА прыпыніла палёты шатлаў


Юрась Бушлякоў, Прага Амэрыканскае касьмічнае агенцтва НАСА паінфармавала сёньня аб прыпыненьні палётаў шатлаў. Рашэньне прынятае пасьля аналізу акалічнасьцяў старту карабля “Дыскавэры” ў аўторак. Пры запуску шатла ад паліўнага бака адпалі абломкі ізаляцыйнага матэрыялу. Спэцыялісты НАСА, лічаць, аднак, што небясьпекі для жыцьця семярых астранаўтаў на борце няма. Як вынікае з праведзенага аналізу, абломкі пенаматэрыялу не пашкодзілі карабля.

Палёт “Дыскавэры” – першы ў рамках праграмы НАСА пасьля катастрофы два з паловаю гады назад шатла “Каламбія”. Пры старце “Каламбіі” ў студзені 2003-га ад паліўнага бака адарваўся 750-грамовы кавалак ізаляцыйнага матэрыялу, прабіваючы адтуліну ў крыле карабля. Праз 16 дзён пасьля гэтага пры ўваходзе “Каламбіі” ў атмасфэру Зямлі тое пашкоджаньне прывяло да катастрофы.

За час пасьля трагедыі “Каламбіі” НАСА зрабіла захады для ўдасканаленьня сыстэмы цеплаізаляцыі паліўных бакаў. Аднак праблема паўтарылася. Паводле кіраўніка праекту шатлаў Біла Парсанза, адзін з трох адпалых ад “Дыскавэры” абломкаў ізаляцыйнага матэрыялу – таго самага памеру, як той, што пашкодзіў свайго часу “Каламбію”. Аднак, як вынікае з аналізу відэаматэрыялаў, гэтым разам абломкі адляцелі, ня ўдарыўшы па касьмічным караблі.

Парсанз выказаў спадзяваньне, што сёмага жніўня астранаўты “Дыскавэры” пасьпяхова вернуцца на Зямлю.

(Парсанз: ) “Ува ўсім гэтым ёсьць усё-такі й нешта добрае. Факты такія, што той кавалак ізаляцыі не пашкодзіў карабля, увогуле не дакрануўся, падаючы, да карабля. Аднак мы змушаныя ўсё ж такі зрабіць паўзу і прааналізаваць сытуацыю, разабрацца, што нам трэба рабіць”.

На верасень НАСА плянавала палёт яшчэ аднаго свайго карабля – шатл “Атлантыс” меў працягваць будоўлю Міжнароднай касьмічнай станцыі. Аднак цяпер гэты палёт адкладаецца на нявызначаны час.

Пакуль жа “Дыскавэры” працягвае сваю праграму. Сёньня шатл прыстыкаваўся да Міжнароднай касьмічнай станцыі. Астранаўты будуць працаваць на станцыі 8 дзён: тройчы выйдуць у адкрыты космас, правераць абшыўку шатла і ў разе патрэбы ліквідуюць няспраўнасьці.
XS
SM
MD
LG