Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кручкоўскі вярнуўся з дапамогай амону, правёў прэс-канфэрэнцыю


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Саюзе палякаў адбылася прэсавая канфэрэнцыя Тадэвуша Кручкоўскага ў якасьці кіраўніка Саюзу, які вярнуўся да кіраўніцтва пасьля таго, як учора ўвечары будынак заняў гарадзенскі амон. Журналістаў да спадара Кручкоўскага прапускала група зь пяці афіцэраў міліцыі. А перад тым у абласную пракуратуру выклікалі новага кіраўніка Саюзу Анжаліку Борыс.

Сёньня цягам дня каля Саюзу палякаў знаходзіліся сябры Саюзу, яны абмяркоўвалі ўчорашні захоп будынку амонам. Людзі гаварылі, што Тадэвуш Кручкоўскі вярнуўся назад літаральна на штыках. Анжаліку Борыс тым часам выклікалі ў пракуратуру ў якасьці сьведкі, вось што яна расказала пасьля візыту ў пракуратуру:

(Борыс:) “На мяне была напісана скарга Віктарам Богданам, што я нібыта адправіла камісію, якая павінна была захапіць Дом польскі ў Шчучыне, пабіць яго і забраць ключы ад Дому. Гэта абсалютная няпраўда. Спадар Богдан здае ў арэнду памяшканьні аптэцы, крамам, цырульні. Умовы падпісаны так, што грошы не траплялі на рахунак Дому польскага, і Дом польскі мае пазыкі”.

Сябры Саюзу палякаў падкрэсьлівалі кантраст: улады працягваюць ціснуць, запалохваць Анжаліку Борыс, тым жа часам спакой Тадэвуша Кручкоўскага ахоўвала сёньня мноства міліцыянтаў.

Тадэвуш Кручкоўскі правёў сёньня прэс-канфэрэнцыя пад аховай беларускіх міліцыянтаў. Спачатку ён хвілінаў 10-12 выступаў, каб абгрунтаваць сваю пазыцыю ў канфлікце паміж уладамі і новым кіраўніцтвам Саюзу на чале з Анжалікай Борыс. Ён сказаў, што рашэньне, якое было прынятае ўчора Галоўнай радай у Шчучыне аб паўторным скліканьні 27 жніўня зьезду у Ваўкавыску зьяўляецца адзіным спосабам уратаваньня арганізацыі.

(Кручкоўскі: ) “Я асабіста ня маю намеру балятавацца на гэтым зьезьдзе, хачу папросту правесьці зьезд, які будзе прызнаны, і Саюз палякаў будзе надалей дзейнічаць. Асабіста я лічу, што ніхто з тых асобаў, якія цяпер умяшаныя ў гэтую вайну, што цягнецца пару гадоў ужо, ня мае маральнага права балятавацца на старшыню. Трэба даць шанцы іншым людзям. Хіба мала моладзі прыехала з Польшчы — адукаваных, адкрытых, зь іншым поглядамі? Трэба даць шанцы ім”.

Польскія журналісты былі настроеныя даволі непрыхільна адносна спадара Кручкоўскага, невыпадкова першым пытаньнем прагучала—што спадар Кручкоўскі адказаў бы тым палякам, хто цяпер называе яго здраднікам?

Ён адказаў на гэта, што гісторыя разважыць: хто сёньня мае рацыю.

Адказваючы на пытаньні далей, ён сказаў, што прадстаўляе большую частку палякаў Беларусі. Адна польская журналістка пацікавілася: чаму тады спадар Кручкоўскі заняў будынак Саюзу палякаў гвалтам, з дапамогай беларускай міліцыі?

Ён адказаў, што атрымаў ананімны званок аб тым, што нібыта з будынку выносяць абсталяваньне, таму яму давялося так дзейнічаць. У адказ адзін польскі журналіст сказаў, што спадар Кручкоўскі выклікаў амон, каб штурмаваць Саюз палякаў. Кручкоўскі адпрэчыў, што амону не выклікаў, а на пытаньне, якія польскія палітыкі яго падтрымліваюць, адказваць адмовіўся. Спадар Кручкоўскі сказаў, што ня будзе вызначаць свайго наступніка на пасаду старшыні СПБ.

(Курчкоўскі: ) “Я лічу, што гэта павінны быць дэмакратычныя выбары. Абвесьцім у газэце “Głos z-nad Niemna” просьбу, каб людзі выказваліся, каб прысылалі лісты, каб друкавалі свае праграмы — тыя, хто хоча балятавацца. Я ўвогуле ня буду ўмешвацца ні на якім узроўні”.

Падчас прэс-канфэрэнцыі перад будынкам Саюзу палякаў знаходзіліся прыблізна 40-50 чалавек, пераважна сябры СПБ сталага веку. Пасьля заканчэньня прэс-канфэрэнцыі яны не разыходзіліся.

***

Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, шэрагу журналістаў недзяржаўных беларускіх СМІ не дазволілі прысутнічаць на прэс-канфэрэнцыі Кручкоўскага. Кручкоўскі прайшоў у будынак з дапамогай атраду міліцыі асобага прызначэньня. Перад пачаткам сустрэчы ля ўваходу зьявіўся паплечнік Кручкоўскага Казімер Знайдзінскі, які асабіста правяраў дакумэнты ў кожнага журналіста і вырашаў, хто можа прайсьці на канфэрэнцыю, а хто – не. Побач з ім знаходзіўся нарад міліцыі.

Як паведаміў ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) кіраўнік Гродзенскай філіі БАЖ Павал Мажэйка, не змаглі патрапіць у будынак ён сам, рэдактар газеты "Glos znad Niemna" Анджэй Пісальнік і журналіст гэтага выданьня Ігар Банцэр, галоўны рэдактар газеты "День" і інтэрнэт-сайту pahonia.promedia.by Мікола Маркевіч, журналіст газэты "Салідарнасць" Іван Роман, карэспандэнт сайту hrodna.by Андрэй Кусельчук. Не дазволілі прайсьці таксама журналістам польскай радыёстанцыі RMF-FM.

Бесперашкодна трапілі на прэс-канферэнцыю здымачная група тэлерадыёкампаніі "Гродна", журналісты дзяржаўных СМІ ("Звязда", "Перспектива" (заснавальнікі - Гродзенскі раённы Савет дэпутатаў, райвыканкам), а таксама карэспандэнты польскай тэлевізіі.

Гл. таксама • Польшча адклікае свайго амбасадара
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG