Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гезінэ Шван: Беларусь з эўрапейскага гледзішча можна назваць “апошнім бастыёнам неправавой дыктатарскай улады”


Алена Струвэ, Менск Госьць “Свабоды” -- ляўрэатка шматлікіх нямецкіх і міжнародных навуковых прэміяў, прафэсар-палітоляг Гезінэ Шван, рэктар унівэрсытэту Віядрына.

(Карэспандэнтка: ) “Мы тэлефануем ў Франкфурт-на-Одэры да Нас просяць крыху пачакаць... Чакаем. Тым больш, што пра інтэрвію з гэтай паважанай ў Нямеччыне асобай дамаўляліся даўно. Але... спадарыню Шван даволі цяжка застаць на месцы. Яна частая ўдзельніца міжнародных кангрэсаў і сымпозіюмаў у розных краінах сьвету..."

Паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў, многія немцы па-ранейшаму шкадуюць, што спадарыня Шван летась ня стала прэзыдэнтам краіны. Жыцьцёвы шлях гэтае жанчыны, ёсьць -- для адных -- прыкладам таго, як трэба дасягаць сваіх мэтаў; для іншых жа – гэта сапраўдная падстава для разважаньняў кшталту, што ёсьць чалавечы лёс... За межамі Нямеччыны, у тым ліку ў беларускім інтэлектуальным асяродку, імя прафэсара Шван найбольш асацыюецца з эўрапейскім унівэрсытэтам Віядрына – установай, якая знаходзіцца адразу ў дзьвюх краінах – Нямеччыне і Польшчы. З аднаго боку Одэра, ў нямецкім Франкфурт на Одэры. З другога, у польскім горадзе Слубіца ... Усе гэтыя тэмы мы закранулі ў часе размовы са спадарыняй Шван.

(Шван: ) “Гезінэ Шван”

(Карэспандэнтка: ) “Спадарыня Шван, добры дзень. Радыё Свабода. Дзякуй за вашую згоду стаць удзельніцай нашай праграмы... Хацелася б пачаць нашую размову зь Віядрыны. Тым больш, што апошнім часам тут атрымлівае адукацыю і беларуская моладзь....Параўноўваючы гэты малады, заснаваны ў 1991 годзе на тэрыторыі былой ГДР унівэрсытэт зь вядомымі, багатымі на традыцыі ўнівэрсытэтамі ў старых нямецкіх землях, журналісты і палітыкі гавораць пра надзвычайную важнасьць праекту..."

(Шван: ) “Гэта дэмакратычна важны праект. Віядрына –гэта сымбаль надзеі. Я радуюся за гэты ўсходненямецкі рэгіён, бо дэмакратыя, якая прыйшла ў новыя нямецкія землі і існуе тут, гэта ўсё інакш чым ў старых землях. Што да польскага ўдзелу ў гэтым праекце, то гэтая краіна, як і іншыя новыя краіны ЭЗ, маюць пэўнае адчуваньне таго, што яны бяднейшыя за тую ж Нямеччыну. Аднак, калі моладзь з розных краін разам вучыцца, калі яны ідэнтыфікуюць сябе як студэнты адной эўрапейскай альма-матэр і з гэтым разуменьнем зьбіраюцца будаваць Эўропу, то яны маюць і адказнасьць за яе”.

(Карэспандэнтка: ) “Летась, пасьля закрыцьця Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Менску, Віядрына прыняла да сябе на вучобу 37 былых студэнтаў гэтае установы. Што Вы можаце сказаць пра беларускіх студэнтаў пасьля году іх вучобы ў Франкфурце-на-Одэры?”

(Шван: ) “Гэтыя студэнты вельмі інтэлектуальныя, здольныя. Можна толькі радавацца адносна такой моладзі і адначасна сумаваць, што гэтыя маладыя людзі ня могуць выкарыстаць свайго духоўнага патэнцыялу ў сябе дома, што было б вельмі добра для гэтае краіны. Дарэчы, у Віядрыне існуе вельмі актыўная група нямецкіх студэнтаў, якія сымпатызуюць Беларусі. Не яе палітычнай сыстэме, а краіне. Яны зацікаўленыя як у посьпехах гэтае краіны, так і ў посьпехах тых студэнтаў, якія прыехалі да нас, каб тыя маглі сёлета атрымаць дыплёмы Віядрыны альбо вучыцца ў нас надалей”.

(Карэспандэнтка: ) “У пэўных беларускіх колах можна пачуць, што Захад зацікаўлены ў прытоку інтэлекту звонку, а таму беларускаму студэнцтву лепш заставацца дома...”

(Шван: ) “Мы ня маем такога жаданьня - пазбавіць Беларусь маладых інтэлектуалаў. Але як сьведчаць мае размовы зь беларускімі студэнтамі, у іх на радзіме, як у дзяржаўным, гэтак і ў прыватным сэктары, таксама патрэбная адукацыя эўрапейскага ўзроўню. Тыя ж дзеці высокіх беларускіх чыноўнікаў, якія заканчвалі нашую ўстанову, знайшлі сябе на радзіме і прафэсійна крочаць у нагу з часам”.

(Карэспандэнтка: ) “Нямецкая прэса называе Беларусь “апошняй дыктатурай Эўропы”. Вы згодная з такім вызначэньнем?"

(Шван: ) “Так добра Беларусь я ня ведаю. Я толькі раз у сваім жыцьці была там – у 2000, калі была запрошаная на адмысловае мерапрыемства Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Мы тады падпісалі дагавор пра супрацоўніцтва, і ў мяне зьявілася магчымасьць крыху пазнаёміцца з вашай краінай... Тое, што мне вядома з досьведу ЭГУ, адпавядае таму, што я разумею пад словам “дыктатура”. Я думаю, што Беларусь з эўрапейскага гледзішча можна назваць “апошнім бастыёнам неправавой дыктатарскай улады”. Я лічу, што Лукашэнка сьвядома зачыніў ЭГУ, бо ў гэтым унівэрсытэце прысутнічаў эўрапейскі дух, дух адкрытасьці і дух свабоды”

(Карэспандэнтка: ) “У шматлікіх інтэрвію спадарыня Шван называе сябе дзіцём вайны. Яна нарадзілася ў 1943 ў Бэрліне, у сям’і апазыцыйных нацыянал-сацыялізму сьвятароў. У гады вайны яе бацькі, рызыкуючы ўласным жыцьцём і жыцьцём сваіх дзяцей, хавалі ў сябе дома габрэйскую дзяўчынку. Пасьля сканчэньня вайны далучаліся да руху барацьбітоў за мір".

“Я выхавалася палітычна актыўнай, левай, апазыцыйнай, акрамя таго інтэрнацыяналісткай”, -гаворыць Гезынэ Шван.

(Шван: ) “Увогуле я не зьбіралася стаць навуковай дзяячкай. Доўгі час я хацела стаць настаўніцай музыкі. Як казала некалі мая маці, гэта тая прафэсія, якая робіць людзей лепшымі. Аднак музыка стала выбарам майго брата і я вырашыла вывучаць у заходнебэрлінскім Вольным унівэрсытэце паліталёгію, тэалёгію і філязофію”.

(Карэспандэнтка: ) “Паводле сучасных нямецкіх крытэраў, Вашая навуковая кар’ера пачалася даволі рана. У 28 год Вы абаранілі першую дысэртацыю, праз хуткі час - другую. У 34 гады Вы сталі прафэсарам Вольнага Бэрлінскага ўнівэрсытэту. Вы адчувалі нейкую дапамогу сваёй сям’і альбо Вы ёсьць тое, што прынята называць “self made person” – чалавек, які зрабіў сябе сам?"

(Шван: ) “Я, дарэчы, ня ведаю, ці існуюць гэтак званыя “с.м.п.” Я адбылася, дзякуючы ўплыву маіх бацькоў, той атмасфэры, якая панавала ў нашай сям’і. Таксама я атрымала вялікі ўплыў з боку майго першага мужа. Ён вельмі вітаў маё імкненьне да кар’еры. Канечне, я даволі рана абараніла абедзьве дысэртацыі. Цяпер гэта звычайна робяць пазьней”.

(Карэспандэнтка: ) “Першы муж Гезінэ Шван – прафэсар Вольнага бэрлінскага ўнівэрсытэту Аляксандар Шван, памёр 15 год таму ад раку. На працягу 20 іхнага сумеснага жыцьця шлюб Шванаў лічыўся прыкладам гарманічнага суіснаваньня... Некаторыя і дагэтуль зьдзіўляюцца, няўжо на сямейных дачыненьнях ніяк не адбілася раптоўнае расчараваньне Аляксандра Швана ў сацыял-дэмакратычных ідэалах і ягоны пераход у ХДС. Гезінэ Шван адказвае на такія пытаньні наступным чынам: “Гэта ня можа быць падставай для нейкай дысгармоніі ў адносінах. З часам разумееш, што ў любых дачыненьнях важней надзейная і сумленная асоба, чым партыя, да якой яна належыць”.

...Дзесьці пасьля дзесяці год сумеснага жыцьця Шваны вырашылі ўзяць на усынаўленьне дваіх дзяцей – хлопчыка і дзяўчынку.

(Шван: ) “Дзеці зьявіліся, калі былі ўжо зробленыя адпаведныя крокі ў навуцы. Гэта значна лягчэй, чым калі ты пішаш навуковую працу і маеш маленькіх дзяцей. Мы былі шчасьлівыя ад таго, што мелі сям’ю, дзяцей, маглі ўдзельнічаць ў грамадзка-палітычным жыцьці. Акрамя таго, мы мелі грошы, мелі хатнюю гаспадыню, якая дапамагала па працы. Цяпер я думаю, што гэты падарунак быў завялікім, што абодвум бацькам лепш больш ашчаджаць часу для дзяцей, а кар’еру рабіць пасьля таго, як дзеці вырастаюць.”

(Карэспандэнтка: ) “Пасьля сьмерці Аляксандра Швана ў жыцьці Гезінэ Шван, паводле яе словаў, настаў час глыбокага крызысу”.

(Шван: ) “Гэта была глыбокая дэпрэсія, паталягічны стан. Усё гэта я мусіла хаваць ад іншых. Гэта пачалося, калі муж цяжка захварэў на рак і мы мусілі гаварыць яму няпраўду, што ўсё, маўляў, ня так страшна. Дзецям было тады 14 і 12 год - цяжкі падлеткавы ўзрост. Тады я зьвярнулася да псыхааналітыка, які мне вельмі дапамог. Я лічу, што жанчыне, калі яна апынаецца ў такой цяжкай псыхалягічнай сытуацыі, неабходная дапамога спэцыяліста. Гэта добра, калі жанчына самастойна выходзіць з крызысу. Але гэта не заўсёды магчыма”.

(Карэспандэнтка: ) “Год таму другім мужам Гезінэ Шван стаў Петэр Айген –мэнэджэр, адзін з заснавальнікаў грамадзкай арганізацыі “Transparency International”, якая адсочвае ровень карупцыі у розных краінах сьвету. Пэтэр -- фанат джазу, які некалі нават граў на саксафоне ў амэрыканскіх джаз-бэндах...”

(Шван: ) “Спачатку я пазнаёмілася зь ягонай першай жонкай Ютай, якая потым памерла ад раку. Калі я даведалася, што Юта цяжка хворая, я проста прапанавала тое, што раблю ў сяброўскім коле. Гэта псыхалягічная дапамога ракавым хворым, каб тыя не баяліся, а жылі з гэтай хваробай і маглі цаніць кожны свой дзень. І Юта, і Пэтэр прынялі маю прапанову. Мы праводзілі разам вельмі цудоўныя вечары. Мне тады стала імпанаваць тое, што Пэтэр, якога я раней ведала выключна як мэнэджэра, так клапаціўся пра сваю жонку. Ён спыніў усе свае справы, усе свае паездкі па сьвеце... Пасьля сьмерці Юты мы кантактавалі, паколькі нашыя дамы знаходзіліся непадалёк адзін ад аднаго. Гэты былі размовы сяброў пра тое, як перажыць гэты цяжкі час пасьля страты блізкага чалавека”.

(Карэспандэнтка: ) “Вядома, што спадар Айген нават прасіў Вашай рукі ў Вашага старэйшага брата. Наколькі важным для Вас крокам было рашэньне аб другім шлюбе?”

(Шван: ) “Я шчасьлівая, што ў мяне ізноў сям’я і я што ізноў адчуваю, як гэта добра. Для мяне ня ёсьць само па сабе шчасьцем быць замужам. Аднак гэта вельмі цудоўна, калі шлюб шчасьлівы”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць розьніца паміж каханьнем у 20 год і ў 60 гадоў?”

(Шван: ) “Я думаю, што па сутнасьці гэта аднолькава – ў 20 год ці 60. Аднак у 60 год значна лягчэй ацаніць, што за шчасьце ты маеш. У маладосьці ты чакаеш каханьня, чакаеш, што аднойчы сустрэнеш галоўнага чалавека ў сваім жыцьці. Што да сталага узросту, то такія сустрэчы -- выняткі з правілаў. Тым мусіш быць удзячным Богу за гэта... Але... сутнасьць адносінаў істотна не адрозьніваецца”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадарыня Шван, летась Вы ня сталі бундэспрэзыдэнтам. Нямецкая грамадзтва яшчэ не гатовая да таго, каб краіну ўзначальвалі жанчыны?"

(Шван: ) “Што да жанчыны-прэзыдэнта ў Нямеччыне, то лічу, што нашае грамадзтва да гэтага цалкам гатовае. І гэта паказалі вынікі апытаньняў грамадзкай думкі. Справа ў тым, што нямецкія прэзыдэнты абіраюцца ня большасьцю насельніцтва, а большасьцю галасоў у бундэсраце і бундэстагу –дзьвюх палатах парлямэнту. Але ў любым выпадку я радая, што мела столькі прыхільнікаў у часе выбараў і што шмат людзей па-ранейшаму выказваюць мне сваю сымпатыю. Так, нашае грамадзтва гатовае для таго, каб прэзыдэнтам стала жанчына”.

(Карэспандэнтка: ) “І апошняе. Што Вы можаце пажадаць слухачам нашае праграмы – жыхарам Беларусі?”

(Шван: ) “Шчасьця, а яшчэ бяскроўнага, негвалтоўнага пераходу ў дэмакратыю, а таксама ў такую эканоміку, якая б не дыскрэдытавала дэмакратыі”.

Аўтарка дзякуе нямецкім калегам-журналістам за дапамогу ў падрыхтоўцы інтэрвію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG