Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск пагражае Польшчы адэкватнымі мерамі ў адказ


Алесь Дашчынскі, Менск Афіцыйны Менск пагражае Польшчы адэкватнымі мерамі на яе рашэньне адклікаць для кансультацыяў пасла зь Беларусі. У беларускім МЗС пакуль вызначаюць, якой будзе афіцыйная рэакцыя на дзеяньні польскага боку.

У польскай амбасадзе ў Менску паведамілі, што пасол Тадэвуш Паўляк, які цяпер знаходзіцца ў адпачынку, у сувязі з абвастрэньнем польска-беларускіх дачыненьняў будзе адкліканы ў Варшаву на нявызначаны тэрмін.

(Садкоўская:) “Гэта ў сувязі з абвастрэньнем адносінаў паміж дзьвюма краінамі. Пакуль тут абавязкі выконвае часова павераны Анджэй Альборскі, але ён таксама павінен пакінуць тэрыторыю Беларусі”, — заявіла прэсавы сакратар польскай амбасады Моніка Садкоўская.

Беларускае МЗС пакуль не камэнтуе сытуацыю, спасылаючыся на адсутнасьць афіцыйнай інфармацыі з боку польскіх уладаў. У беларускай амбасадзе ў Варшаве сказалі, што ведаюць аб рашэньні польскіх уладаў пакуль толькі з паведамленьняў мэдыяў. Ці вернецца ў Менск беларускі амбасадар Павал Латушка? Пытаньне да прэсавага сакратара амбасады Ўсевалада Глушкова.

(Глушкоў: ) “А чаму вы вырашылі, што пасол Латушка павінен выехаць? Рашэньне прымае наша Міністэрства замежных справаў”.

Каля будынку беларускай амбасады ў Варшаве працягвалася акцыя пратэсту супраць рэпрэсіяў адносна Саюзу палякаў Беларусі. Акцыю наладзілі сябры моладзевага крыла партыі “Ліга польскіх сем’яў”. Некалькі дзясяткаў пратэстантаў выставілі антылукашэнкаўскія лёзунгі і ўсталявалі намёт перад пасольскім будынкам. Як ставяцца да такога пратэсту беларускія дыпляматы? Адказвае прэсавы сакратар Усевалад Глушкоў:

(Глушкоў: ) “Ніяк ня ставімся, пратэст — на вуліцы, а мы ў будынку”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта вам прыемна ці непрыемна?”

(Глушкоў: ) “Мне ўсё роўна. Я ў будынку, я не выходзіў на вуліцу, ня бачыў, што там робіцца. Толькі ахоўнік сказаў, што там нехта крычыць, нешта гаворыць. Я гэтага ня бачу. Ніхто не выходзіў — а для чаго? Мы працуем”.

Як адрэагуе афіцыйны Менск на рашэньне польскіх уладаў? У беларускім МЗС пакуль заяўляюць, што тут могуць быць розныя варыянты: Беларусь можа адклікаць свайго пасла, а можа і не прымаць такога рашэньня. Які варыянт даспадобы старшыні камісіі ў міжнародных справах Савету рэспублікі Мікалаю Чаргінцу?

(Чаргінец: ) “На жаль, польскі бок прымушае беларускі адказваць на тыя выклікі, якія ён кідае. Як сувэрэнная краіна Рэспубліка Беларусь ня можа пакінуць па-за ўвагай такія недружалюбныя, нават падобныя на варожыя адносіны з боку кіраўніцтва Польшчы. Канечне, адказ будзе адэкватным: калі яны адклікаюць свайго амбасадара, мы таксама адклікаем свайго амбасадара”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч яшчэ напачатку дыпляматычнага канфлікту заклікаў беларускія ўлады адумацца і не даводзіць справы да абвастрэньня.

(Гайдукевіч: ) “Усё ж такі трэба шукаць кампрамісу. Мы суседзі. Гэта не ў інтарэсах ні беларускага, ні польскага народаў. Трэба проста на ўзроўні МЗС правесьці кансультацыі і пачаць усё наноў, спачатку, нармальна паспрабаваць пагаварыць. Мы суседзі, і з суседзямі заўсёды жывуць дружна”.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў, што на палітрадзе партыі была разгледжаная сытуацыя вакол Саюзу палякаў Беларусі, які спрабуюць ўзяць пад кантроль беларускія ўлады.

(Лябедзька: ) “Менавіта беларускія ўлады нясуць адказнасьць, яны справакавалі канфлікт у Саюзе палякаў Беларусі, за які заступіліся польскі бок і эўрапейская супольнасьць. Дыпляматычная вайна, якая сёньня разьвязаная з ініцыятывы беларускіх уладаў, можа прывесьці да вельмі нэгатыўных наступстваў для інтарэсаў Беларусі. Замест таго, каб мець свайго партнэра ў Эўразьвязе, беларускі афіцыйны бок штурхае Польшчу ў нішу жорсткага апанэнта. Рашэньні прымаюць у Беларусі адзінкі, а разьлічваюцца за гэта мільёны звычайных грамадзянаў”.

Гл. таксама • Польскі пасол ня вернецца ў Беларусь, пакуль ня будзе вырашаны канфлікт
XS
SM
MD
LG