Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Расеі ў Беларусі прыбудзе ў Менск заўтра (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітры Аяцкаў прыбудзе ў Менск раніцай 29 ліпеня.Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрвію нашаму радыё паведаміў намесьнік дырэктара Дэпартамэнту інфармацыі і друку Міністэрства замежных справаў Расейскай Фэдэрацыі Барыс Малахаў. Ён сказаў, што “сёньня ўвечары спадар Аяцкаў цягніком выяжджае ў Менск”.

З пытаньнем, калі Дзьмітры Аяцкаў зьявіцца ў Менску і чаму расейская амбасада ўчора паведамляла пра магчымасьць пераносу ягонага прыезду, я зьвярнуўся па тэлефоне да Барыса Малахава, намесьніка дырэктара Дэпартамэнту інфармацыі і друку МЗС Расеі:

(Малахаў: ) “Ён не адкладваецца. Спадар Аяцкаў сёньня цягніком выяжджае ў Менск”.

(Карэспандэнт: ) “А хіба не самалётам?”

(Малахаў: ) “Не, цягніком. Таму прыбыцьцё, натуральна, ня сёньня ўвечары, як нехта там запусьціў, а як цягнік прыбудзе...”

Я спытаўся ў спадара Малахава, чаму, на ягоную думку, вакол амбасадара Аяцкава склалася менавіта такая сытуацыя.

(Малахаў: ) “Я не разумею, як гэта ўсё ўзьнікла. Таму што ўсё ідзе згодна з плянам. І адкуль уся гэтая інфармацыя выплыла? Наагул, нават такой размовы не вялося. Хтосьці запусьціў “качку”, я ня ведаю, хто. Сам зьдзіўляюся, што мне ўчора паўдня прыйшлося займацца пытаньнем, якое ня вартае выедзенага яйка — пацьвярджаць відавочнае, што Аяцкаў 28-га выяжджае ў Менск. І ён сам пра гэта сказаў ИТАР-ТАСС, і сёньня ў “Российской газете” ягонае інтэрвію. Журналісты, магчыма, гуляюць са словамі. Аяцкаў едзе. Ён свае задачы пазначыў у інтэрвію, сваю адказнасьць і гэтак далей”.

У сваім інтэрвію новы амбасадар гаворыць, што прэзыдэнт Расеі паставіў яму “важную і адказную задачу — усяляк садзейнічаць умацаваньню братэрскіх стасункаў паміж двума народамі, далейшаму пашырэньню саюзнага будаўніцтва”.

Між тым, 26 ліпеня на вялікай нарадзе Аляксандар Лукашэнка згадаў іншыя нядаўнія выказваньні Аяцкава і паабяцаў разабрацца з заявамі “будучага, альбо, можа, ня будучага амбасадара Расеі ў Беларусі”. Нагадаем, Аяцкаў — былы губэрнатар Саратаўскай вобласьці — на сустрэчы зь мясцовымі журналістамі сказаў: “Цяжка зламаць Лукашэнку. Вельмі цяжка. Вельмі моцна стаіць на нагах. Канечне, яму патрэбна пераламаць у сабе галоўнае: Расея — гэта Расея, а Беларусь — гэта Беларусь; Пуцін — гэта Пуцін, а Лукашэнка — гэта Лукашэнка. І ён ні ў якім выпадку ня мусіць надзімаць шчокі, што, вось, ён там даўно працуе і хтосьці павінен там быць на пабягушках”.

Міхаіл Бацян — былы беларускі дыплямат, які раней працаваў у Польшчы ды Аўстрыі, а цяпер чытае на факультэце міжнародных дачыненьняў БДУ курс “Асновы дыпляматычнай службы” — лічыць, што некаторыя выказваньні спадара Аяцкава можна патлумачыць выключна недахопам прафэсійнага досьведу:

(Бацян: ) “Спадар Аяцкаў недастаткова ведае тонкасьці дыпляматычнай службы. Што такое амбасадар? Гэта фактычна маленькі прэзыдэнт у іншай дзяржаве. Гэта значыць, цень Пуціна. Амбасадар — гэта прадстаўнік прэзыдэнта, перадусім”.
XS
SM
MD
LG