Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму польскі самалёт з урадавай дэлегацыяй, які ляцеў у Расею, мусіў абмінуць Беларусь?


Альгерд Невяроўскі, Менск Польскі самалёт ляцеў у Расею, дзе сёньня адбываюцца жалобныя ўрачыстасьці, прысьвечаныя 5-й гадавіне адкрыцьця польскіх Вайсковых могілак у Катыні пад Смаленскам. Самалёт з польскай дэлегацыяй быў вымушаны ляцець у Расею праз Украіну. Беларускі бок сьцьвярджае, што дазвол на выкарыстаньне паветранага калідору быў дадзены своечасова адпаведнай нотай Міністэрства замежных справаў.

Сёньня з раніцы польскія мэдыі са спасылкай на сакратара Рады аховы памяці змаганьня і пакутніцтва Анджэя Пшэвозьніка, распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што беларускі бок ня даў згоды на пралёт праз сваю тэрыторыю самалёту з польскай урадавай дэлегацыяй. У апошні момант польскі бок быў вымушаны прасіць паветраны калідор над тэрыторыяй Украіны і атрымаў на гэта згоду.

Беларускія ўлады заявілі, што гэтая інфармацыя непраўдзівая. Гаворыць начальніца аддзелу прэсы Міністэрства замежных справаў Беларусі Марыя Ваньшына:

(Ваньшына: ) “Усё было дазволена. Больш за тое, быў запыт у апошнія дні на пралёт трох польскіх самалётаў. Усе дазволы былі выдадзеныя. А адкуль інфармацыя, што ён не праляцеў? Быў дадзены дазвол на пралёт самалёта гэтага рэйсу”.

Інфармацыю пра тое, што дазвол на пралёт рэйсу №121 да Смаленску з польскай урадавай дэлегацыяй на борце быў дадзены, пацьвердзіў Радыё Свабода і начальнік аддзелу аэранавігацыі Дзяржаўнага камітэту Беларусі па авіяцыі Пётар Сяліцкі.

Пазьней намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Анджэй Залуцкі ўдакладніў, што згода афіцыйнага Менску на пралёт над тэрыторыяй Беларусі польскага самалёта прыйшла нясвоечасова. А кіраўнік польскага замежнапалітычнага ведамства Адам Ротфэльд дадаў, што згода даць паветраны калідор над Беларусьсю прыйшла ў Варшаву позна ўвечары і ў зьвязку з гэтым былі камунікацыйныя праблемы.

А вось што сказаў у інтэрвію Радыё Свабода кіраўнік польскай урадавай дэлегацыі на ўрачыстасьцях у Катыні, сакратар Рады аховы памяці змаганьня і пакутніцтва Анджэй Пшэвозьнік:

(Пшэвозьнік: ) “Гэта ня я ў рукі атрымліваў дакумэнты. Гэта інфармацыя, якая прыходзіла ў нашае Міністэрства замежных справаў. Я магу сказаць толькі тое, што ўчора ўвечары мы гэтых дакумэнтаў ня мелі”.

Сакратар Рады аховы памяці змаганьня і пакутніцтва таксама дадаў, што яму цяжка ацаніць, ці зьвязаны гэты інцыдэнт з агульным крызісам у польска-беларускіх міждзяржаўных адносінах.

На жалобныя ўрачыстасьці ў Расею ляцелі таксама прадстаўнікі польскага Інстытуту нацыянальнай памяці, Фэдэрацыі катынскіх сем’яў, вайскоўцы і харцары.

На адкрытых пяць гадоў таму ў Катыні Вайсковых могілках пахаваныя 4400 польскіх афіцэраў і інтэлігентаў, расстраляных у 1940 годзе НКВД.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG