Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Імем рэвалюцыі” А.Лукашэнка загадаў перайсьці з газу на пілавіньне


Ігар Карней, Менск На традыцыйнай нарадзе ў пытаньнях жніва Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў урад, кіраўнікоў міністэрстваў і аблвыканкамаў за замаруджаныя тэмпы ўборкі.

Аляксандар Лукашэнка загадаў сёлета сабраць ураджай ня меншы, чым летась. Цяперашнія тэмпы жніва кіраўніка краіны засмучаюць. Так, для Лукашэнкі аказалася вялікай нечаканасьцю, што Гарадзенская вобласьць, традыцыйны лідэр у спаборніцтвах хлебаробаў, зжала толькі 2% пасеваў, а на Берасьцейшчыне, дзе жніво пачынаецца нашмат раней за астатнія рэгіёны, хлеб зжалі толькі на 16%. Вось дыялёг Лукашэнкі з гарадзенскім вэртыкальшчыкам Уладзімерам Саўчанкам:

(Саўчанка: ) “Раёны вобласьці прыступілі да ўборкі зерневых культураў…”

(Лукашэнка: ) “Дык як жа вы так “прыступілі”, што ажно 2% адвалілі? Гэта ніякі не “прыступ”, разумееце?”

Многія зь цікаўнасьцю чакалі выступаў старшыняў Менскага аблвыканкаму Мікалая Дамашкевіча і Берасьцейскага — Канстанціна Сумара. Летась Дамашкевіч нечакана ўступіў у палеміку з кіраўніком краіны, за што Лукашэнка паабяцаў чыноўніку “абламаць рогі”. Сумар кінуўся ў іншую скрайнасьць, сказаўшы, што Лукашэнка “вышэйшы за Бога”. Сёньня абодва губэрнатары былі не такія шматслоўныя. Калі Лукашэнка загадаў гаварыць пра праблемы, абодва паскардзіліся на прыроду. Дамашкевіч апавёў, што замінаюць дажджы, Сумар паскардзіўся на засуху. Абодва атрымалі адпаведныя адказы.

(Лукашэнка Дамашкевічу: ) “Я жыву ў вашым раёне, там, у лесе, каля вас… Прайшлі дажджы невялікія, але ж трэба мець на ўвазе, што ў насі буракі на полі, і кукуруза. І нам дажджы патрэбныя”.

Выслухаўшы шматлікія нараканьні на аб’ектыўныя ўмовы, якія не спрыяюць шпаркім тэмпам уборкі, Лукашэнка загадаў ашчадна ставіцца да дзяржаўных грошай і не спадзявацца на бюджэтнае крэдытаваньне. У прыватнасьці, гаспадарнікам рэкамэндавана падчас жніва пераходзіць на альтэрнатыўнае паліва.

(Лукашэнка: ) “Трэба выкарыстоўваць мясцовыя рэсурсы. Гэта трэба імем рэвалюцыі ўкараняць у сельскай гаспадарцы. Мы ня здолеем набываць па шалёных коштах і далей прыродны газ і нафтапрадукты, якія ўвесь час даражэюць. Таму, пераабсталёўваючы зернесушыльныя комплексы, неабходна іх пераводзіць на мясцовыя крыніцы сыравіны, а не забруджваць нашу прыроду пілавіньнем, не вывозіць іх на сьметнікі”.

Аляксандар Лукашэнка ўдакладніў, што ў беларускіх умовах пілавіньне паводле эфэктыўнасьці выкарыстаньня зусім ня горшае за вугаль. Потым закрануў модную тэму будаўніцтва аграгарадкоў, папярэдзіўшы: калі грошы будуць змарнаваныя, а замест каровы ў хляве будзе стаяць каза, якая дае паўтара літра малака, то яму не патрэбны ні такі аграгарадок, ні такія гаспадары.

(Лукашэнка: ) “Так, гэта добра. Але аграгарадок будзе толькі тады, калі ёсьць у стойле конь, кабыла, карова, бык, сьвінаматка, якая па сорак парасят штогоду прыносіць, і вы іх захаваеце, атрымліваеце сьвініну. Прадукцыя павінна быць. І гэта трэба мець на ўвазе”.

Увогуле, назіральнікі адзначаюць досыць спакойную хаду сэлектарнай нарады. Публіцыста Анатоля Казловіча, які ў свой час шмат увагі прысьвяціў як прыватнай, так і калектыўнай гаспадарцы, зьдзівіла хіба толькі патрабаваньне Лукашэнкі аднавіць працэс мэліярацыі земляў на Гомельшчыне.

(Казловіч: ) “У Беларусі паляпшэньне зямлі і мэліярацыя — гэта антаганісты. Мэліярацыя, якая была зробленая ў 1960—1980-я гады, проста пагубіла балоты, пагубіла стараворыўную зямлю і нічога не прынесла. Калі б усё па-гаспадарску рабіць, можна было б частку тых земляў, абы-як палепшаных, паставіць на службу чалавеку. Але традыцыі такой няма, каб рабіць добра. Зробяць так, як ужо зрабілі. Таму і страшна, калі нехта крычыць: давай зноў будзем мэліярацыю праводзіць. Страшна, таму што зробяць так, як ужо рабілі шмат разоў. Дрэнна зробяць для прыроды, для чалавека, для ўсіх”.

Інфармацыйнае, ідэалягічнае і прапагандысцкае забесьпячэньне ўборачнай кампаніі ўскладзенае на Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Прафсаюзнаму кіраўніку Леаніду Козіку Аляксандар Лукашэнка загадаў “своечасова накарміць і пахваліць перадавіка” — у гэтым і будзе галоўная ідэалёгія жніва. У адказ на гэта Козік паабяцаў забясьпечыць кожнага камбайнэра і кіроўцу грузавой машыны кавалкам мыла і ручніком, каб тыя ў вольную хвіліну маглі “асьвяжыцца”.

Зьвязаў Аляксандар Лукашэнка са жнівом і некаторыя палітычныя падзеі. “Давайце сялянам дапаможам, і яны ня будуць слухаць праплачаную апазыцыю. Яны ўсе прыйдуць і нас на выбарах падтрымаюць”, — рэзюмаваў Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG