Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Праўда пра джыгад"


Юры Дракахруст, Прага “Яны вар’яты, але гэтыя вар’яты маюць сваю лёгіку, свой кодэкс, нават свайго Бога” - гэтую цытату зь Фёдара Дастаеўскага амэрыканскі публіцыст Макс Родэнбэрг узяў у якасьці эпіграфа да артыкулу “Праўда пра джыгад”. У публікацыі, надрукаванай у выданьні “The New York Review of books”, аналізуюцца кнігі амэрыканскіх і францускіх дасьледнікаў, прысьвечаныя прычынам, лёгіцы і заканамернасьцям ісламскага тэрарызму.

Напачатку аўтар рэцэнзіі выказвае меркаваньне, што амэрыканская вайна з тэрарызмам, распачатая пасьля атакі 11 верасьня 2001 году, не дасягнула сваіх мэтаў. Яна аказалася надзвычай дарагой – толькі баявыя дзеяньні за апошнія 4 гады каштавалі амэрыканскім падаткаплатнікам 300 мільярдаў даляраў, яна прывяла да вялікіх людзкіх стратаў, паменшыла давер і павагу да Амэрыкі ў сьвеце, нарэшце, не зрабіла сьвет больш бясьпечным, пра што сьведчаць апошнія тэракты ў Лёндане. У пэўнай ступені Амэрыка патрапіла ў пастку, якую ёй расставілі арганізатары 11 верасьня – піша Марк Родэнбэрг.

На ягоную думку, галоўная прычына гэтай няўдачы – у неразуменьні прыроды тэрарыстычнага выкліку. Спробы высьветліць гэтая пытаньне зроблены як раз у кнігах, якія рэцэнзуюцца ў “The New York Review of books”.

Джонатан Рэндал , якія напісаў біяграфію Ўсамы бін Ладэна, вядомы як ваены карэспандэнт. Тым ня менш ягоная кніга цікавая ня столькі новымі фактамі, якіх няшмат, колькі поглядам на галоўнага пэрсанажа. Рэндал малюе бін Ладэна і ягоных паплечнікаў не фанатыкамі-вар’ятамі, а рацыянальнымі палітыкамі, паказваючы пасьлядоўнасьць і цэласнасьць іх сьветагляду. Рэндал тлумачыць, што ісламскія радыкалы ўспрымалі камуністычную “жалезную заслону” не як бар''ер паміж Ўсходняй і Заходняй Эўропай, а як бар''ер паміж мусульманамі Цэнтральнай Азіі і іх адзінаверцамі на Блізкім Усходзе і ў арабскім сьвеце. Для Захаду – тлумачыць Рэндал – “халодная вайна” скончылася з распадам СССР, для джыгадзістаў – не. Больш за тое, глябальнае дамінаваньне Амэрыкі ў спалучэньні зь яе нежаданьнем вырашыць праблемы Палестыны і Кашміру ўспрымаліся ісламістамі як сьвядомая палітыка, скіраваная на раскол ўсясьветнай мусульманскай грамады – умы. Рэндал піша, што ісламісцкія забурэньні напачатку 90-х гадоў былі падаўленыя паўсюль ад Алжыру і Эгіпту да Філіпінаў. Большасьць звычайных мусульманаў у гэтых краінах не спачувалі гэтай барацьбе. І тады ўзьнікла ідэя наносіць удары па “далёкім ворагу” – па ЗША, якія ўспрымаліся як апірышча рэжымаў кшталту эгіпэцкага і арабскага.

Сьмеласьць нападу на самую моцную дзяржаву – піша Рэндал – прасунула б іслам, а дакладней яго радыкальную вэрсію, на роўнае амэрыканскаму геапалітычнае месца. Гэта натхніла б мусульманскую грамаду ўдзельнічаць у барацьбе, акрамя таго спарадзіла б у ісламскім сьвеце вострае адчуваньне пагрозы з боку Захаду.

У кнізе “Глябалізаваны іслам” аднаго з найлепшых францускіх дасьледнікаў Усходу Аліўе Роя праводзіцца аналёгія паміж цяперашнімі джыгадыстамі і эўрапейскімі радыкальнымі рухамі 60-х-70-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Падобныя і эстэтыка – бароды і зброя, сьвятыя тэсты – Маркс тады і тэарэтык джыгаду Саед Кудб, падобныя і ворагі – капіталізм і імпэрыялізм, ідэя ўмы вельмі нагадвае марсісцкую ідэю пралетарыяту – нявызначаную супольнасьць, ад імя якой гаворыць і дзейнічае актыўная меншасьць.

Аліўе Рой прыгадвае, што італьянскія “чырвоныя брыгады”, чые тэракты страсалі Эўропу ў мінулым стагодзьдзі, тлумачылі, што робяць гэта, каб капіталізм, адказваючы на тэракты, паказаў людзям сваё зьвярынае аблічча, свае эксплюататарскія “іклы” і выклікаў мабілізацыю пралетарыяту на барацьбу. Падобнай лёгікай – адзначае Рой – кіруюцца і сёньняшнія джыгадысты. Яны разьлічвалі менавіта на той адказ, які дала Амэрыка – уварваньні ў Аўганістан і Ірак для “Аль –Кайды” неабвяргальныя доказы таго, што іслам вядзе вайну за сваё выжываньне. І Аліўе Рой, і яшчэ адзін францускі дасьледчык Жыль Кепэль, аўтар кнігі “Вайна за ісламскія ўмы”, адзначаюць, што сучасны джыгад зьяўляецца ня толькі вайной супраць глябалізацыі, але і яе спараджэньнем – структура “Аль-Кайды” вельмі падобная на структуру сучасных транснацыянальных карпарацыяў з гнуткай дэцэнтралізаваная сыстэмай кіраваньня. “Бін Ладэн – проста марка для дробных апэрацыяў, якія ажыцьцяўляюць дробныя прадпрымальнікі тэрору, якія працуюць па ліцэнзіі” – адзначае Жыль Кэпэль. Аліўе Рой піша, што джыгад пераасэнсоўвае, што такое іслам і што значыць быць мусульманінам. Рэлігіяй робіцца сам удзел у вайне, Рой цытуе бін Ладэна, паводле якога мэта “Аль- Кайды” – надаць джыгаду статус веравызнаньня.

Аўтары рэцэнзаваных кнігаў мяркуюць, што ўсё ж у пэрспэктыве ідэалёгія джыгаду асуджаная на паразу. Жорсткасьць той жа “Аль- Кайды”, шматлікасьць ахвяраў яе тэрактаў, у тым ліку і сярод мусульманаў, адштурхоўвае ад яе мусульманскую грамаду. Больш за тое, вынікам дзейнасьці цяперашняга пакаленьня джыгадыстаў стаў пераход традыцыйных фундамэнталістаў да негвалтоўных мэтадаў барацьбы, як гэта адбылося з арганізацыяй “Браты мусульмане” ў Эгіпце. Жыль Кэпэль піша, што асновай ідэалёгіі джыгадыстаў ёсьць перасьцярога ад “фітна” – арабскае слова, якое азначае адначасна ерасьць, забурэньне і хаас. “Але, ўзяўшы на сябе права пачаць вайну з Захадам, які нібыта сее фітну, джыгадысты фактычна зрабілі яе сваім грамадзтвам “ – піша Жыль Кэпэль.
XS
SM
MD
LG