Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 28 ліпеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі “Голас Беларуса”, 1925 год:

“Беларусы, запісвайцеся ў Таварыства Беларусаў-выбаршчыкаў! Толькі аб’яднаўшыся каля сваей нацыянальнай арганізацыі Т-ва Беларусаў-выбаршчыкаў у Дзяржаўны Сойм, гарадзкія, павятовыя і валасныя самаўрады ў Латвіі, зможаце вы абараняць свае нацыянальныя правы і сацыяльна-эканамічныя інтарэсы Беларускага працоўна-сялянскага народу. Памятайце, што сіла — ў яднаньню! Што толькі мы самі зможамо шчыра бараніць нашы сялянска-беларускія інтарэсы!”

“Сталинская молодежь”, 1955 год. Інфармацыя БЕЛТА:

“Беларускія археолягі аднавілі раскопкі гораду Ваўкавыску. Экспэдыцыя Інстытуту гісторыі Акадэміі навук БССР засяродзіла дасьледаваньні на так званай Швэдзкай гары. Ужо атрыманы шэраг матар’ялаў аб мінулым гораду і побыце ягоных жыхароў. У бліжэйшыя дні пачынае працаваць паўночна-заходняя экспэдыцыя Інстытуту гісторыі. Яна вывучыць археалягічныя помнікі першага тысячагодзьдзя нашай эры ў заходніх абласьцях рэспублікі… Архітэктурна-будаўнічы аддзел Акадэміі навук БССР пачынае вывучэньне старажытных абарончых збудаваньняў, якія зьберагліся на тэрыторыі рэспублікі”.

“Витебский курьер”, 1995 год:

“19 ліпеня. Фінальнай частцы прывітаньня Прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі фэстывалю “Славянский базар” спадарожнічала зьяўленьне велізарнай хмары, магутных грымотаў, узмацненьне ветру. Адзін з парываў ветру паваліў сьветлавую апору зь левага боку сцэны Амфітэатру. Са шматлікай фэстывальнай аховы пацярпелі двое. Лейтэнант міліцыі, якога даставілі ў траўмапункт, і прапаршчык АМОНу, які атрымаў невялікія драпіны”.
XS
SM
MD
LG