Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Этыёпская дыяспара просіць ўлады Беларусі не выдаваць этыёпскіх пілётаў


Алеся Сёмуха, Вашынгтон Прадстаўнікі этыёпскай дыяспары і былых сяброў паветраных сіл Этыёпіі ў ЗША перадалі праз 2-га сакратара пасольства Беларусі ў ЗША пэтыцыю амбасадару Міхаілу Хвастову.

У пэтыцыі, у прыватнасьці, ёсьць непасрэдны заклік да амбасадара паспрыяць поўнай каапэрацыі беларускага ўраду з Найвышэйшым камісарыятам у справах уцекачоў пры ААН, каб вырашыць пытаньне аб васьмі ўцекачах у адпаведнасьці зь міжнародным заканадаўствам па ўцекачах.

“Гэтыя пілёты вырашылі хутчэй пакінуць Этыёпію, чым служыць пад камандай цяперашняга прэм’ер-міністра Мэлэс Зэнаві, які загадаў вайскоўцам ўдзельнічаць у гвалтоўным удушэньні палітычных пратэстаў няўзброеных грамадзян у чэрвені 2005 году ў Адыс-Абэбе, Этыёпія. Пратэсты адбыліся як рэакцыя на маніпуляцыі і фальшаваньне выбараў 15 траўня 2005 году” – гаворыцца ў пэтыцыі да амбасадара Хвастова.

Я зьвязалася з прадстаўніком амбасады Беларусі ў ЗША Паўлам Шыдлоўскім, але пакуль не атрымала адказу ані пра далейшы лёс пэтыцыі, а ні пра статус уцекачоў.

Прэсавы прадстаўнік этыёпскіх арганізацый сп. Зэлеке сказаў, што паводле словаў пілётаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, беларускі прадстаўнік Найвышэйшага камісарыяту ў справах уцекачоў пры ААН параіў ім паўплываць, каб спыніць дэманстрацыі і тады беларускі бок паспрыяе вырашэньню іх сытуацыі.

Тым часам вядома, што дыктатарскі рэжым прэм’ер-міністра Этыёпіі Мэлеса мае досыць моцныя двухбаковыя гандлёвыя і вайсковыя адносіны з Беларусьсю, якія ацэньваюцца на суму болей за 100 мільёнаў даляраў у год. Таксама вядома, што ўрад Этыёпіі спрабуе націснуць на беларускі ўрад праз свайго амбасадара ў Маскве, каб вярнуць пілётаў назад у Этыёпію. Нагадаем, што літаральна некалькі тыдняў таму ўрад Джыбуці ў парушэньне міжнародных пагадненьняў дэпартаваў двух вайсковых пілётаў, якія прасілі ў гэтай краіне прытулку.

Як паведамляюць крыніцы з Этыёпіі, абодва пілёты падвяргаюцца катаваньням і былі ня ў стане хадзіць пад час свайго зьяўленьня перад вайсковым трыбуналам на вайсковай базе ў прадмесьці Адыс-Абэбы.

Зварот прадстаўнікоў этыёпскіх грамадаў і былых сяброў паветраных сіл Этыёпіі ў ЗША да амбасадара Беларусі ў ЗША Міхаіла Хвастова і беларускай місіі пры ААН

Шаноўны спадар Амбасадар!

Мы, сябры этыёпскай супольнасьці ў ЗША, ўсё больш занепакоеныя сытуацыяй зь бясьпекай і станам васьмі пілётаў, што знаходзіліся на стажыроўцы ў Беларусі. Гэтыя пілёты вырашылі хутчэй пакінуць Этыёпію, чым служыць пад камандай цяперашняга прэм’ер-міністра Мэлэс Зэнаві, які загадаў вайскоўцам ўдзельнічаць у гвалтоўным удушэньні палітычных пратэстаў няўзброеных грамадзян у чэрвені 2005 году ў Адыс-Абэбе, Этыёпія. Пратэсты адбыліся як рэакцыя на маніпуляцыю і фальшаваньне выбараў 15 траўня 2005 году.

Пад час пратэсту, які пачаўся ў чэрвені, рэжым выкарыстаў войскі спэцыяльнага прызначэньня, каб правесьці крывавую расправу, якая каштавала жыцьцяў 40 этыёпскіх грамадзян і лёгкіх ды цяжкіх раненьняў сотням іншых. Некалькі тысяч сяброў апазыцыі і іх прыхільнікаў былі кінутыя ў турмы. Менавіта ў гэты крытычны і крывавы пэрыяд пілёты вайскова-паветраных сіл вырашылі папрасіць палітычнага прытулку замест таго, каб стаць інструмэнтам у руках гэтага рэпрэсіўнага рэжыму. Адзін з пілётаў, што прасілі прытулак у Беларусі, пацьвердзіў сваю прычыну на прытулак тым, што асудзіў расправу вайскоўцаў над няўзброенымі цывільнымі дэманстрантамі. У тым самым інтэрвію "Голасу Амэрыкі", што трансьлюецца на Этыёпію, ён заклікаў сяброў узброеных сіл не страляць у сваіх людзей. Гэтыя і іншыя падобныя акты пратэсту пілётаў, што стажыруюцца ў Беларусі, дае ім больш, чым трэба падставаў шукаць палітычнага прытулку з-за страху катаваньняў і магчымага сьмяротнага пакараньня, вынесенага вайсковым трыбуналам.

Будучы вельмі занепакоеныя лёсам васьмі лётчыкаў у Беларусі, мы праз розныя шляхі кантактавалі з амбасадай Беларусі ў Вашынгтоне і паінфармавалі некаторых Вашых дыпляматычных працаўнікоў пра сытуацыю. Мы разглядаем Беларусі як краіну-сяброўку і саюзьніка народу Этыёпіі. Мы шчыра спадзяемся, што Беларусь як сябра міжнароднай супольнасьці і краіна, якая падпісала канвэнцыю ААН 1951 году ды іншыя інструмэнты міжнароднага права, будзе сьледаваць узятым на сябе абавязкам.

Мы заклікаем Вас, спадар Амбасадар, паспрыяць поўнай каапэрацыі вашага ўраду з Найвышэйшым камісарыятам у справах уцекачоў пры ААН, каб вырашыць гэтае пытаньне ў адпаведнасьці зь міжнародным заканадаўствам па ўцекачах. Існуе небясьпека, што гэтыя пілёты-практыканты могуць быць вернутыя ў Этыёпію супраць іх волі. Як Вам вядома, спадар Амбасадар, Канвэнцыя забараняе выдварэньне або выдачу ўцекача краіне, дзе яго жыцьцё і свабода могуць быць у небясьпецы з прычын расы, нацыянальнасьці, рэлігіі, сяброўства ў пэўнай грамадзкай арганізацыі ці з-за пэўнай палітычнай пазыцыі. Пілёты, што шукаюць абароны ў вашай краіне, маюць усе прычыны для страху вяртаньня. Цяперашні Этыёпскі ўрад мае гісторыю перасьледу цывільных грамадзян і вайскоўцаў, якія адмаўляюцца падпарадкоўвацца загадам гвалтоўнага перасьледу нязгодных. […]



З павагай, сябры этыёпскай супольнасьці ў ЗША і былыя супрацоўнікі паветраных сіл Этыёпіі ў ЗША
XS
SM
MD
LG