Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыляціціь сёньня ў Менск новы амбасадар Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітры Аяцкаў?<b/>


Уладзімер Глод, Менск 28 ліпеня ў Менск зьбіраецца прыехаць новы амбасадар Расеі Дзьмітры Аяцкаў. Вакол ягонага прыбыцьця ўжо ўтварылася даволі заблытаная сытуацыя. У сераду з раніцы ў расейскай дыпляматычнай місіі ў Беларусі нечакана паведамілі пра тое, што прыбыцьцё новага амбасадара пераносіцца на нявызначаны час. А ўвечары са спасылкай на намесьніка афіцыйнага прадстаўніка МЗС Расеі Барыса Малахава прыйшло паведамленьне: Аяцкаў прыбудзе ў Менск 28 ліпеня, як і плянавалася. А ў амбасадзе Расеі пасьля гэтага паведамілі, што "пытаньне знаходзіцца ў стадыі вырашэньня"

У Менску валтузьню вакол Аяцкава многія зьвязваюць непасрэдна з выступам Аляксандра Лукашэнкі ўвечары ў аўторак, калі той сказаў, што патрэбна разабрацца з заявамі Дзьмітрыя Аяцкава. Пры гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы назваў Аяцкава "будучым альбо, можа, ня будучым амбасадарам Расеі ў Беларусі". Нагадаем, Аяцкаў -- былы губэрнатар Саратаўскай вобласьці на сустрэчы з мясцовымі журналістамі быццам бы сказаў наступнае: "Цяжка зламаць Лукашэнку. Вельмі цяжка. Вельмі моцна стаіць на нагах. Канешне, яму патрэбна пераламаць у сабе галоўнае: Расея -- гэта Расея, а Беларусь -- гэта Беларусь; Пуцін -- гэта Пуцін, а Лукашэнка -- гэта Лукашэнка. І ён ні ў якім выпадку не мусіць надзімаць шчокі, што, вось, ён там даўно працуе і хтосьці павінны там быць на пабягушках". Гэтыя словы, зразумела, закранулі Лукашэнку, пра што ён адкрыта й сказаў.

Пасьля веснавой сустрэчы з Лукашэнкам Аяцкаў заявіў саратаўскім вэтэранам: падчас сустрэчы беларускі кіраўнік сказаў, што хацеў бы, каб Аяцкаў быў апошнім амбасадарам у Рэспубліцы Беларусь, і каб яны з Уладзімерам Пуціным сталі першымі грамадзянамі новай саюзнай дзяржавы. Аяцкаў нагаварыў тады шмат камплімэнтаў на адрас Лукашэнкі. А напярэдадні прыезду ў Менск прагучалаі зусім іншыя заявы.

І Лукашэнка, і Аяцкаў -- палітыкі-папулісты. І адрозьніваюцца ад іншых тым, што вельмі часта робяць супярэчлівыя заявы. Адна іхная тэза нярэдка абвяргае папярэднюю... Аляксандар Лукашэнка ацаніў апошнія выказваньні Дзьмітрыя Аяцкава як "экстравагантныя". Мне падаецца, гэткім словам можна ахарактарызаваць і самога спадара Аяцкава. Можна ўзгадаць, прыкладам, ягонае жаданьне разводзіць на Саратаўшчыне верблюдоў, гісторыю з маёмасьцю ягонай жонкі ды шмат чаго іншага. Такія ўчынкі паштурхоўваюць да думкі: магчыма Крэмаль наўмысна прысылае ў Менск чалавека, які ў нечым падобны да Лукашэнкі? Я патэлефанаваў у Маскву намесьніку старшыні Камітэту ў справах СНД і сувязях з суйачыньнікамі Дзярждумы Андрэю Савельеву. Ён быў адзіным з сяброў камітэту, хто публічна выступіў супраць прызначэньня Аяцкава амбасадарам. У спадара Савельева, як высьветлілася, іншае меркаваньне:

(Савельеў:) "Не, я не бачу тут ніякіх аналёгіяў. Я бачу вялікую адказнасьць, якая ляжыць на Лукашэнку за лёс уласнай краіны. Часам ён са шкодай для ўласнай рэпутацыі прымае захады, якія сапраўды неабходныя для краіны. Аяцкаў жа -- асоба абсалютна неадказная, дзе б ён ні служыў, як бы сябе ні праяўляў, што б ні казаў... Лукашэнка не заўжды пісьменна і карэктна выказваецца, і таму яго лёгка злавіць на слове. Але ягоныя дзеяньні я лічу абсалютна дакладнымі, ён абараняе сваю краіну ад раскраданьня, якое адбываецца ў Расейскай Федэрацыі. А Аяцкаў -- саўдзельнік гэтага раскраданьня. Я лічу, што гэта палітычныя антыподы, хаця можа быць зьнешне сваімі праявамі яны і падобныя".

Гэтае выказваньне дае глебу для прагназаваньня разьвіцьця беларуска-расейскіх стасункаў. Свае погляды Андрэй Савельеў акрэслівае так:

(Савельеў:) "Адзіная пэрспэктыва -- гэта задума Крамля перарабіць фармат выбараў 2008 году, і праводзіць выбары не ў Расейскай Федэрацыі, а ў саюзнай дзяржаве. І такім чынам прадаставіць Уладзімеру Пуціну магчымасьць трэці раз стаць прэзыдэнтам. Гэта адзіная магчымасьць. Але паколькі ў Крамлі ёсьць розныя плыні, і ў самаго Пуціна ёсьць гаспадары, якія ім кіруюць, я думаю, што альтэрнатыўная стратэгія -- дзейнічаць нейкім іншым шляхам -- яна ўвасабілася ў прызначэньні Аяцкава".

Спадар Лукашэнка пазаўчора назваў спадара Аяцкава "будучым альбо, можа, ня будучым амбасадарам Расеі ў Беларусі". Таму некаторыя засумневаліся -- можа так атрымацца, што спадар Аяцкаў зусім не прыедзе ў Менск

У пошуках адказу на гэтае пытаньне я зьвярнуўся да Міхаіла Бацяна -- былога беларускага дыплямата, які цяпер чытае на факультэце міжнародных адносінаў БДУ курс "Асновы дыпляматычнай службы".

(Бацян:) "У дыпляматыі ўсё залежыць ад таго, ці выдалі амбасадару (у дадзеным выпадку Аяцкаву) агрэман ці не. Агрэман -- гэта згода кіраўніка прымаючай краіны, каб амбасадар быў зацьверджаны. Калі агрэман выдадзены, дык ён выдадзены, і амбасдар мусіць прыехаць. Я ня чуў такога, каб пасьля таго, як выдалі агрэман (а Аяцкаму ўжо выдалі), не захацелі, каб амбасадар прыехаў. Я нават ня ведаю, у якой гэта форме можа быць зроблена, каб амбасадар не прыехаў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG