Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пагражаюць Беларусі летнія эпідэміі?


Юлія Шарова, Менск Выбух мэнінгакокавай інфэкцыі ў Глускім раёне лякалізаваны. Пра гэта заявіў учора галоўны санітарны лекар краіны Міхаіл Рымжа. На мінулым тыдні чатыры выхаванца Вясноўскага дому-інтэрнату для дзяцей з асаблівасьцямі псыха-фізычнага разьвіцьця захварэлі на мэнінгіт, двое дзяцей памерла.

Паводле Міхаіла Рымжы, двое іншых дзяцей, хворых на мэнінгакокавую інфэкцыю ўжо пераведзеныя з рэанімацыі ды ачуньваюць. Яшчэ 23 выхаванцы дзіцячага дому – амаль уся 7-ая група – шпіталізаваныя й знаходзяцца пад наглядам мэдыкаў. Небясьпечных сымптомаў у іх пакуль няма, але ўсе кантактавалі з хворымі. У лякарні яны павінны заставацца яшчэ ня менш за дзесяць дзён, пакуль не міне інкубацыйны пэрыяд. Нагадаем, што першае дзіця захварэла на мэнінгіт тыдзень таму, 20 ліпеня – гэта быў хлопчык, якога мэдыкам уратаваць не ўдалося.

Цяпер шукаюць крыніцу інфэкцыі – хутчэй за ўсё яе прынесьлі дарослыя, якія, кажа Міхаіл Рымжа, часта зьяўляюцца папросту носьбітамі менінгакокаў, але клінічных праяваў хваробы ня маюць.

(Рымжа:) На сёньняшні дзень пайшлі станоўчыя вынікі мікрабіялягічных высяваньняў і якраз ад супрацоўнікаў, што працавалі ў гэтай групе. То бок, дарослых людзей. Папярэдне ў двух супрацоўнікаў мы знаходзім станоўчыя вынікі на гэтыя мікраарганізмы.

Адказнасьць за інцыдэнт у Вясноўскім доме-інтэрнаце на супрацоўнікаў ускладацца ня будзе, кажа галоўны санітарны лекар.

(Рымжа:) “У гэтым выпадку ніякіх захадаў зрабіць мы ня зможам, бо нам трэба даказаць віну. Вінаватага дзеяньня ў гэтым выпадку няма: чалавек сам ня ведаў, што ў яго гэтая інфэкцыя ёсьць. Іншая рэч, калі б ён хадзіў хворы, з клінічнымі праявамі інфэкцыі. Але мы такіх людзей не дапускаем. Калі б былі клінічныя праявы мэнінгакокавай інфэкцыі ў гэтай нянечкі, яна б ніколі не пайшла на працу, нават сама”.

Ад пачатку году зарэгістравана 184 выпадкі мэнінгіту, і гэта болей, чым за першае паўгодзьдзе летась, тады было 165 чалавек. Усяго летась захварэў 301 чалавек, 31 памёр. Наагул Беларусь лічыцца эпідэміялягічна бясьпечнай краінай у параўнаньні, напрыклад, з Расеяй. Тут значна радзей хварэюць на дызэнтэрыю, паратыт, сухоты. Але частата захворваньняў менавіта на мэнінгіт крыху вышэйшая, чым у суседняй дзяржаве.

Мэнінгакокавыя інфэкцыі лекары-гігіеністы адносяць да непадкантрольных. Паводле галоўнага санітарнага лекара Беларусі Міхаіла Рымжы, кожны выпадак захворваньня разглядаецца як сур’ёзны інцыдэнт. Прышчапляць насельніцтва няма сэнсу: пераважная большасьць хворых заражаецца мэнінгакокамі групы B, а супраць іх вакцыны няма.
XS
SM
MD
LG