Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі актывізуецца падпольны гандаль цыгарэтамі


Севярын Квяткоўскі, Менск Найперш вяртаецца вулічны гандаль. Так, у цэнтры Менску паболела падпольных прадаўцоў кантрабанднымі цыгарэтамі – найперш з расейскімі акцызнымі маркамі. Сытуацыя цалкам адпавядае прагнозам аналітыкаў, якія прадракаюць вяртаньне ў Беларусь ценявога тытунёвага рынку. Як сёньня выглядае падпольны гандаль цыгарэтамі і якія ў яго пэрспэктывы?

Я правёў экспэрымэнт: падышоў да вядомага менчукам места ў цэнтры сталіцы, дзе здаўна гуртуюцца гандляркі цыгарэтамі. Жанчына пэнсійнага веку стаяла ў кутку без цыгарэт у руках, але я адразу запытаўся, якія маркі ёсьць для продажу:

(Спадарыня:) “Толькі LM”.

(Карэспандэнт:) “Ці бывае ў вам “Winston”, “Pall Mall”?..

(Спадарыня:) “Бывае: цяпер жа “напражонка”, самі ведаеце”.

(Карэспандэнт:) “Вы не баіцеся?”

(Спадарыня:) “А што рабіць? Баімся, але ж не расстраляюць жа… Ці расстраляюць? Троху пажылі – няхай расстрэльваюць”.

Сытуацыя, якую мая суразмоўца акрэсьліла словам “напражонка”, склалася ад пачатку ліпеня, калі пачалі дзейнічаць дзяржаўныя квоты на ўвоз імпартных цыгарэт. Цяпер папулярныя маркі можна ўвозіць і прадаваць удвая меней. Гаворка вядзецца не пра барацьбу за здароўе нацыі, а за абарону айчыннага вытворцы. Але кожны беларус, які мае тытунёвую залежнасьць, ведае: айчынны вытворца вырабляе цыгарэты ніжэйшай якасьці, чым міжнародныя карпарацыі. Такім чынам попыт застаецца, а таму зьяўляюцца перадумовы для вяртаньня ценявога рынку, які квітнеў ў краіне у першай палове 1990-х гадоў. Прынамсі так мяркуюць аглядальнікі, якія цягам ліпеня камэнтавалі новую дзяржаўную ініцыятыву.

Пакуль большасьць кантрабандных цыгарэтаў маюць расейскія акцызы. Напрыклад, розьніца паміж гуртовым коштам папулярнай маркі “LM” у Маскве і раздробным у Менску – амаль 100 працэнтаў. На вуліцах гандлююць альбо пэнсіянэры, альбо людзі, якія маюць інваліднасьць. Разьлік робіцца на тое, што дзяржава не наважыцца жорстка караць пэнсіянэраў. Зразумела, вулічны гандляр не атрымлівае стопрацэнтны прыбытак. Ён – апошняе зьвяно складанага ланцугу.

Вулічны гандляр мае пры сабе адно некалькі пачак цыгарэт. Але побач заўжды ёсьць той, хто сам не гандлюе, але падносіць новыя пачкі. Таму ў сваю чаргу пэрыядычна падвозяць блёкі цыгарэтаў. Такім чынам, галоўная небясьпека вулічнага гандляра, што стаіць на канкрэтнай, усім вядомай “кропцы”, – гэта міліцэйскі патруль. Што пагражае бабульцы-гандлярцы пры затрыманьні ў часе акту незаконнага продажу? Напрыклад, пакараньне за такія артыкулы адміністратыўнага кодэксу, як “парушэньне правілаў гандлю” альбо “парушэньне правілаў прадпрымальніцкай дзейнасьці”. Адзін хлопец, які мае досьвед працы з вулічнымі гандляркамі, прызнаўся: яму даводзілася даваць хабар патрульным міліцыянтам, каб вызваліць бабулек ад пастарунку.

Яшчэ адзін від незаконных гандляроў цыгарэтамі – вандроўнікі. Гэтыя людзі ходзяць па кавярнях і адкрытых століках, прапануюць свой тавар. Эфэктыўнасьць такога гандлю меншая, бо нельга пралічыць, дзе і калі зьбярэцца большая частка аматараў тытуню. Затое небясьпека быць затрыманым -- значна меншая. І нарэшце трэці тып гандляроў цыгарэтамі – каміваяжоры. Гэтыя людзі прапануюць свой тавар ва ўстановах у цэнтры гораду.

Што да маштабаў кантрабанды, вось што гавораць у Дзяржаўным мытным камітэце:

(Прадстаўнік ДМК:) “Мы мяркуем, што даваць якія-кольвек дадзеныя без узгадненьня з МУС, Міністэрства па падатках і зборах некалькі заўчасна. Цяпер ідзе зьверка агульных дадзеных”.

Прадстаўнік Дзяржаўнага мытнага камітэту патлумачыў, што апрача мытнікаў, міліцыі і падаткавых органаў, статыстыку кантрабанды адсочвае КГБ і Міністэрства гандлю. Агульная справаздача рыхтуецца два разы за год, і ў бліжэйшы час варта чакаць статыстыкі за першае паўгодзьдзе.

Калі казаць пра падпольны гандаль, ён пакуль несувымерны з сярэдзінай дзевяностых гадоў, калі цэнтральныя і прывакзальныя плошчы беларускіх гарадоў поўніліся бабулькамі, што гандлявалі цыгарэтамі і сьпіртным. Але сытуацыю толькі пачала складвацца, таму рабіць прагнозы пра магчымы маштаб кантрабанды цяжка. Тым часам Міністэрства падаткаў і збораў заклікае замежныя карпарацыі наладжваць у Беларусі ліцэнзійны выраб цыгарэт і абяцае змагацца зь нелегальным увозам тытунёвых вырабаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG