Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Экамэдсэрвіс–інвэст” супраць Міністэрства аховы здароўя


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе аднаўляюцца судовыя слуханьні ў справе пазову беларуска-амэрыканскага прадпрыемства “Экамэдсэрвіс–інвэст” супраць Міністэрства аховы здароўя. Кіраўніцтва кампаніі просіць прызнаць беспадстаўным рашэньне міністэрства аб ануляваньні ліцэнзіі. Мэдычная дзейнасьць цэнтру забароненая з прычыны парушэньня ліцэнзійных патрабаваньняў у справе пераатэстацыі спэцыялістаў-мэдыкаў

Днямі ў Вышэйшым гаспадарчым судзе завяршыўся судовы працэс паводле аналягічнага пазову. Прыватны мэдычны цэнтар “Нардзін” спрабаваў прызнаць незаконным рашэньне Міністэрства аховы здароўя пра ануляваньне ліцэнзіі сваёй кампаніі. Мэдычная дзейнасьць “Нардзіну” была забароненая з тае ж прычыны, што й іхных калегаў з “Экамэдсэрвісу” – невыкананьне ліцэнзійных патрабаваньняў. Аднак суд стаў на бок Міністэрства аховы здароўя й зараз “Нардзін” спыніў сваю дзейнасьць. У “Экамэдсэрвісе” кажуць, што яны сур’ёзна рыхтуюцца да суда й робяць усё магчымае, каб давесьці слушнасьць сваёй пазыцыі. Аднак у зьвязку з закрыцьцём “Нардзіну”, а таксама інфармацыйнай вайной супраць прыватных мэдычных цэнтраў, якая разгарнулася ў дзяржаўных мэдыях, спадзяваньняў на станоўчае рашэньне суду амаль няма – сказала Свабодзе прадстаўніца кампаніі Натальля Крамнёва.

(Крамнёва: ) “Цяжка гаварыць пра аб”ектыўнасьць. Гэтак жа і ў “Нардзіне” было: і аргумэнты былі, і ніхто не супярэчыў, і прадстаўнікі міністэрства сябе няёмка адчувалі, калі адказвалі на пытаньні. Там былі ўпэўненыя, што даказалі сваю праўдзівасьць, але рашэньне ўсё роўна было прынята адваротнае. Я так разумею, што калі гэтая справа пастаўленая на паток, то гэтае рашэньне будзе пацьвярджацца”.

Як вядома, ліцэнзіі “Нардзіна” й “Экамэдсэрвісу” былі ануляваныя пасьля таго, як Камітэт дзяржкантролю правёў комплексную праверку гэтых прадпрыемстваў, а таксама яшчэ адной прыватнай мэдкампаніі -- “Сучасная мікрахірургія вока”. Гэта было напачатку году, а літаральна днямі дзяржкантроль выставіў ўсім тром прадпрыемствам штрафныя санкцыі за нібыта парушэньні ў справе коштаўтварэньня. Прычым, штрафныя санкцыі складаюць ад 710 мільёнаў беларускіх рублёў да 1 мілярда 800 мільёнаў. “Экамэдсэрвісу” выстаўлены штраф у памеры 1 мільярд 240 мільёнаў рублёў. Па-першае, тут кажуць, што будуць абскарджваць гэтае рашэньне. А па-другое, выплаціць такую суму не рэальна з тае прычыны, што прадпрыемства выплачвае вялікі адсотак дзяржаве за атрыманы крэдыт на будаўніцтва новага памяшканьня. “Экамэдсэрвіс” пераехаў у яго зусім нядаўна. Па-трэцяе, гэта яшчэ адзін паказьнік таго, што дзяржава вядзе наступ на прыватную мэдыцыну на ўсіх магчымых кірунках – юрыдычных і фінансавых, – кажа спадарыня Крамнёва.

(Крамнёва: ) “Падобна, што гэта мэтанакіраваны ціск і заціраньне. Што застаецца прадпрыемству, якое пазбаўляюць ягонай асноўнай дзейнасьці – мэдычных паслугаў? Прыбытку мы не атрымоўваем, бо працаваць забаронена. І нас толькі застаецца дадушыць штрафамі, паколькі ў нас і так шмат пазыкаў. Тое, для чаго гэта робіцца, яно абавязкова ўсплыве рана ці позна”.

Паводле спадарыні Крамнёвай, магчыма, гэткім чынам прадпрыемства хочуць змусіць прадаць сваё абсталяваньне, а магчыма й сам будынак, каб сплаціць дзяржаве штрафы.

Многія адмыслоўцы ў справе бізнесу выказваюць меркаваньне, што ануляваньне ліцэнзіяў такіх буйных мэдычных цэнтраў, як “Экамэдсэрвіс”, гэта ёсьць сплянаваная кампанія ўладаў супраць прыватнай мэдыцыны й прыватнага бізнесу ў цэлым. Вось што кажа кіраўнік Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа.

(Путапа: ) “Гэтая сытуацыя была відавочнай, калі яшчэ толькі першыя крокі рабіліся, да прыкладу, адносна прыватных натарыюсаў, адвакатуры, ахоўных ведамстваў. Гэтым разам чарга дайшла й да мэдычных установаў, а заўтра будзе нешта іншае. Да прыкладу, што мы бачым у адукацыйнай сфэры: людзі прыходзяць у дзяржаўныя ўстановы й бачаць, што аплата за навучаньне тут вышэйшая, чым у прыватных ВНУ. А выбару няма – вось і ўсё. Гэта, ў цэлым, антыпрыватная палітыка”.

Міністар аховы здароўя Людміла Пастаялка падчас сваіх выступленьняў неаднойчы выказвалася нібыта ў падтрымку разьвіцьця прыватных мэдычных паслугаў. Адначасна яна заяўляе, што Міністэрства аховы здароўя распачынае ствараць сетку дзяржаўных мэдычных цэнтраў, абслугоўваньне ў якіх будзе цалкам платнае.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, штогод міністэрства аховы здароўя выдае ліцэнзіі на мэдычную і фармацэўтычную дзейнасьць 70 суб”ектам гаспадараньня. У 40 зь іх ліцэнзіі анулёўваюць. Толькі сёлета ліцэнзіяў на права далейшай дзейнасьці былі пазбаўленыя 23 мэдычныя ўстановы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG