Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АГП зьвяртаецца ў Канстытуцыйны Суд дзеля абароны прадпрымальнікаў


Іна Студзінская, Менск Аб''яднаная грамадзянская партыя зьвярнулася ў Канстытуцыйны Суд з просьбай разгледзець указы і дэкрэты прэзыдэнта, пастановы ўраду па пытаньнях прадпрымальніцкай дзейнасьці. На думку сябраў АГП там шмат неадпаведнасьцяў Асноўнаму закону. Ці часта грамадзкія арганізацыі, палітычныя партыі зьвяртаюцца ў Канстытуцыйны Суд?

Заява Палітрады АГП даволі рэзкая: "Беларускія ўлады праводзяць мэтанакіраваную палітыку зьнішчэньня нацыянальнага прадпрымальніцтва...Творчы патэнцыял самых актыўных грамадзян краіны блякіруюць чыноўнікі". Дзеяньні ўладаў, на думку кіраўніцтва АГП, "амаральныя і наносяць прамыя страты Беларусі", паколькі дзяржава "не атрымлівае новых працоўных месцаў, інвэстыцыяў, інавацыяў". Яшчэ больш пагоршыў становішча бізнэсоўцаў Указ прэзыдэнта № 285 ад 18 чэрвеня "Аб некаторых мерах па рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці", адзначаецца ў дакумэнце.

Чаго дамагаюцца Палітрада АГП і прадпрымальнікі, распавядае намесьнік старшыні Рэспубліканскага грамадзкага аб''яднаньня "Пэрспэктыва" Віктар Гарбачоў.

(Гарбачоў: ) "Мы выказалі свае бачаньне супярэчнасьцяў, неадпаведнасьці дэкрэтаў і ўказаў з Канстытуцыяй, з іншымі нарматыўнымі актамі. Насамрэч, ёсьць неадпаведнасьці і разыходжаньні ў гэтых дэкрэтах. І мы ў адкрытую на гэта зьвяртаем увагу. Дык хто ўсё ж такі правы: Канстытуцыя, працоўнае заканадаўства альбо пэўны ўказ і дэкрэт? Таму што яны супярэчаць адзін аднаму і перашкаджаюць дэмакратычнаму разьвіцьцю прадпрымальніцтва ў Беларусі. Мы просім проста даць прававую ацэнку, ведаючы пры гэтым, што Канстытуцыйны Суд зноў жа будзе спасылацца на прэзыдэнта як на вышэйшую інстанцыю ў краіне і скажа, што "гэта ў ягонай кампэтэнцыі, зьвяртайцеся да яго".

Палітычныя партыі, грамадзкія аб''яднаньні ня часта зьвяртаюцца ў Канстытуцыйны Суд. Вось што распавяла мне прэс-сакратар Канстытуцыйнага Суду Людміла Мурашка.

(Мурашка: ) "Я магу прыгадаць Таварыства беларускай мовы. Мы калісьці выносілі два ці тры рашэньні, каб больш на нашу мову асабліва афіцыйныя асобы зьвярталі ўвагі. Каб быў пераклад на беларускую мову на таварах, каб былі карткі банкаўскія на мове. Палітычныя партыі звычайна больш актывізуюцца, калі праходзяць выбары: парлямэнцкія, прэзыдэнцкія. Прадпрымальнікаў шмат асобных зьвярталася ў суд. І цяпер у звароце яны ўказалі канкрэтныя прапановы, артыкулы Канстытуцыі. І, безумоўна, мы будзем адказваць на гэты зварот".

Тут трэба зьвярнуць увагу, што, згодна з артыкулам 116 Асноўнага закону краіны, Канстытуцыйны Суд толькі дае заключэньні на адпаведнасьць законаў, дэкрэтаў, указаў, пастановаў Канстытуцыі, іншым заканадаўчым актам. Гэта інстанцыя вызначае, ці не супярэчаць адны законы іншым. І дае афіцыйныя адказы.

Што да канкрэтнага звароту ў Канстытуцыйны Суд па праблемах прадпрымальніцтва, безумоўна, адказ будзе. Але каб нешта зьмянілася, прадпрымальнікі ня вераць. Меркаваньне Леаніда Малахава.

(Малахаў: ) "Калі зьменіцца ўрад, калі зьменіцца ўлада, толькі тады можна разьлічваць на зьмену сытуацыі ў прадпрымальніцтве ды іншых сфэрах жыцьця нашага".

(Карэспандэнтка) : "А вы лічыце, што зараз гэтыя звароты бессэнсоўныя?"

(Малахаў: ) "Я лічу, што ўсё, што зараз робіцца - бессэнсоўна, і ня будзе ніякага выніку. Я ўсё гэта ўжо прайшоў, і не аднойчы: па кабінэтах высокіх хадзіў, і акцыі пратэсту ладзілі. Але трэба рабіць нешта іншае. Трэба мяняць уладу".
XS
SM
MD
LG